Самый спортивный день. В Ушачах прошла зимняя спартакиада среди трудовых коллективов

Cпорт

У суботу ва Ушацкай школе было мнагалюдна, у гэты дзень сюды  з раніцы спяшаліся прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, каб выявіць самыя лепшыя калектывы на традыцыйнай  штогадовай спартакіядзе.

Cёлетнія спаборніцтвы атрымаліся менш масавымі, чым мінулагоднія – заяўкі на ўдзел падалі 16 каманд. Усе віды праграмы спартакіяды кампактна праходзілі ў памяшканні Ушацкай школы, таму шматлікія гледачы мелі магчымасць практычна адначасова назіраць і шашачныя баталіі, і выступленні гімнастаў або гіравікоў. Дарэчы, паназіраць за падыманнем гіры сабралася нямала гледачоў. Сярод гіравікоў былі як мінулагоднія фаварыты, так і новыя маладыя твары, таму прадказаць, хто ж стане самым моцным і вынослівым, было цяжка. А роўных не аказалася Сяргею Васілеўскаму з вузла электрасувязі. Другое і трэцяе месца адпаведна занялі Канстанцін Красноў з жыллёва-камунальнай гаспадаркі і Андрэй Крывец з аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Праявіць усю сваю сілу і моц давялося і тым, хто быў заяўлены ў дыгатлоне. Гэты від балельшчыкі адносяць да самых цікавых, і праходзіць ён заўсёды на адным дыханні. У адрозненні ад іншых сілавых відаў, дзе сапернікі змагаюцца адзін з адным завочна, тут прысутнічае барацьба тварам да твару, прычым, часам даволі напружаная. “Я б супраць Уладзіміра Магіліна нават пабаяўся выходзіць! Дзмітрый Цюкала павінен выйграць!” – не спынялася абмеркаванне ў натоўпе. Аднак стаць самым моцным у дыгатлоне на гэты раз мінулагодняму пераможцу з аддзела па надзвычайных сітуацыях Д.Цюкалу не ўдалося: атрымаўшы траўму ў паядынку з Ігарам Клімашэўскім, выратавальнік зняўся са спаборніцтваў, заняўшы толькі дзявяты радок пратакола. Перамога ж дасталася І.Клімашэўскаму, які выступаў за каманду дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. У тройку самых моцных увайшлі таксама Андрэй Васіленка з райспажыўтаварыства і Анатоль Амбражэвіч з райгаза.

Стараліся не падвесці свае каманды і выкладваліся, як маглі, жанчыны ў гімнастыцы, адціскаючыся ад лаўкі. Перамогу тут прадказальна заваявала настаўніца Ушацкай школы Таццяна Плікат, зрабіўшы 55 адцісканняў. Толькі на пяць разоў менш выканала практыкаванне Вера Кіліна, заняўшы другое месца. Да слова сказаць, яе высокаму выніку ніхто не здзівіўся – трэнеру дзіцяча-юнацкай школы трэба трымаць марку! Трэцяй стала прадстаўніца каманды райвыканкама Алена Карчэска, якая зрабіла 40 адцісканняў. А на перакладзіне ў гэты час падцягваліся мужчыны. “Ну, давай яшчэ разок!” – перыядычна даносілася адтуль: так хварэлі за сваіх удзельнікі каманд і знаёмыя. З лёгкасцю з гэтай задачай справіўся Канстанцін Дук з дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, паказаўшы дастойны вынік у 33 разы. Канстанцін намнога апярэдзіў сваіх сапернікаў – ад другога месца, якое заняў Віталь Баркоўскі, адарваўся аж на 10 падцягванняў, трэцім з вынікам у 20 разоў стаў Аляксей Селявёнак з ЖКГ.

“Я практычна кожны дзень адточваю майстэрства кідкоў у мішэнь, трэніроўкі не прайшлі дарэмна!” – з добрым настроем адзначаў, атрымаўшы “срэбра” ў дартсе, галоўны інжынер прадпрыемства меліярацыйных сістэм М.Л.Фядосенка. Не было сёлета ў праграме спартакіяды яго любімай лыжнай эстафеты, але і без яе мужчына здолеў заявіць аб сабе. Не стала нечаканасцю першае месца даўняй прыхільніцы гэтага віду Таццяны Хрыпель з райспажыўтаварыства. Трэцім стаў Віталь Клімашэўскі з каманды Ушацкай школы.

А вось у ціры выяўлялі самага лепшага стралка. Найвышэйшы вынік, выбіўшы 46 ачкоў з 50-ці магчымых, паказаў Аляксандр Тарасеня з Ушацкай школы, 45 ачкоў і другое месца на рахунку настаўніка фізічнай культуры Арэхаўскай школы Уладзіміра Магіліна. Андрэй Галяковіч з каманды райвыканкама і Уладзімір Фамічоў з райспажыўтаварыства набралі аднолькавую колькасць ачкоў – 43, але па дадатковых паказчыках трэцяе месца было прысуджана апошняму. Цікава, што прыняць удзел у стральбе пажадалі і тры прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва – Ірына Голік  з райбальніцы, Аксана Ярмош з ЖКГ і малады спецыяліст ДРБУ-105 Анастасія Лёля. Дэбют апошняй можна назваць нядрэнным: набраўшы 40 з 50-ці магчымых ачкоў, Анастасія заняла восьмае месца.

У фае школы, дзе спаборнічалі шашысты, акрамя ўнушальнай колькасці ўдзельнікаў сабралася і нямала жадаючых паназіраць за самым “ціхім” відам спорту. Сёлета  было вырашана згуляць па кругавой сістэме “кожны з кожным”, таму і расцягнуліся шашачныя баталіі на доўгі час. Лепшым жа пасля працяглай барацьбы стаў кіраўнік справамі райвыканкама Ігар Шышко, другое месца па суме набраных ачкоў заняў дырэктар Ушацкай школы Віталь Клімашэўскі, трэцяе – Уладзімір Барысёнак, які выступаў у складзе каманды аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Новаўвядзеннем спартакіяды стала жартоўная эстафета. Двум удзельнікам каманд трэба было пераадолець паласу перашкод, якая ўключала ў сябе пераправу з дапамогай дываноў, вядзенне мяча нагамі, кідок мяча ў баскетбольнае кальцо, збіванне кегляў валёнкам. Ускладняла задачу немалаважная акалічнасць: нага аднаго ўдзельніка была прывязана да нагі другога. З задачай паспяхова справіліся ўсе каманды, а ў тройку лідараў увайшлі райаддзел па надзвычайных сітуацыях сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам, ДЮСШ і райбальніца.

Ну а сапраўдныя страсці, як і чакалася, разгарэліся падчас самага відовішчнага і эмацыянальнага віду спартакіяды – перацягвання каната, дзе не абышлося без гарачых спрэчак. Дастойна трымаліся прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райгаза, Ушацкай школы. Нечакана для ўсіх трэцяе месца заняла каманда ААТ “Ільюшынскі”. Ну а самая напружаная барацьба разгарнулася паміж аддзелам па надзвычайных сітуацыях і прадстаўнікамі райспажыўтаварыства. Здавалася, што ў чарговы раз лепшымі “канатчыкамі” стануць сур’ёзна настроеныя і моцныя, з выпрацаванай тактыкай выратавальнікі, аднак пасля ўпартай барацьбы яны ўсё ж саступілі сваім сапернікам.

Сярод спартсменаў хапала як пастаянных удзельнікаў спартакіяды, так і маладых аматараў спорту, якія не саступалі ні ў майстэрстве, ні ў зараджанасці на барацьбу, як, напрыклад, каманда ПМК-66. Менавіта яны ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу атрымалі прыз глядацкіх сімпатый. Падарунак атрымаў і самы ўзроставы ўдзельнік – М.Л.Фядосенка. “Гэты чалавек не прапускае ніводнага раённага спаборніцтва, нязменна, і галоўнае – вынікова абараняе гонар сваёй арганізацыі”, – адзначыў, уручаючы прыз, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК У.М.Круглік. Знайшоў уладальнікаў і яшчэ адзін спецыяльны камандны прыз: за волю да перамогі – яго атрымала каманда ААТ “Ільюшынскі”. “Гэта адзінае з сельгаспрадпрыемстваў, якое пажадала прыняць удзел у спартакіядзе. Іх імкненне выйграць ва ўсіх відах, а асабліва ў канаце і дыгатлоне, сапраўды заслугоўвае прыза!” – падвёў вынік Уладзімір Мікалаевіч.

Па традыцыі асобна спаборнічалі старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў. Акрамя стральбы і шашак сёлета паказвалі яны сябе і ў дартсе. У агульным заліку месцы сярод іх размеркаваліся наступным чынам: першае заняла І.В.Ластаўка (Кубліцкі), другое – Л.В.Храмцова (Глыбачанскі), трэцяе – С.Ц.Міхейка (Жарскі) сельсаветы.

Прыемна, што ў чарадзе вытворчых будняў знайшлі магчымасць адкласці справы і асабіста ўзначаліць свае калектывы многія кіраўнікі арганізацый і іх намеснікі, некаторыя не спаборнічалі ў відах, але вельмі горача падтрымлівалі сваіх работнікаў на працягу ўсяго спартыўнага мерапрыемства. Хто ж стаў пераможцам спартакіяды-2017? Прадказальна лепшым спартыўным калектывам стала Ушацкая школа – ніжэй сёмага радка ў пратаколах прадстаўнікі каманды не апускаліся. Срэбра спартакіяды дасталася моцнай камандзе райспажыўтаварыства, трэцяе месца ў прадстаўнікоў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *