Ушачанка Татьяна Подголо удостоена звания мастера спорта по пулевой стрельбе

Cпорт

45 год сваёй дзейнасці адзначыць сёлета Ушацкая ДЮСШ. За гэты час тут падрыхтаваны заслужаны майстар спорту па самба Анастасія Архіпава, яна, а таксама Алена Карэйша, маюць званне майстра спорту міжнароднага класа па дзюдо, такога ж рангу ў водных лыжах дасягнула Зінаіда Дапёрка. Сярод выхаванцаў нашай спартшколы да нядаўняга часу было і 28 майстроў спорту – апошняй гэты нарматыў выканала ў 2015 годзе дзюдаістка Марына Антопуш. А зусім нядаўна элітную кагорту папоўніла яшчэ адна былая выхаванка школы – пасведчанне майстра спорту па кулявой стральбе атрымала студэнтка першага курса БДУФК Таццяна Падгола.

Грасмайстарскі рэзультат быў паказаны нашай зямлячкай на этапах Кубка Беларусі, якія праходзілі ў галоўным стралковым комплексе краіны ва Уруччы. Нарматыў у 615 ачкоў у алімпійскім практыкаванні ВП-6 (60 заліковых стрэлаў з пнеўматычнай вінтоўкі стоячы з адлегласці 10 метраў) яна спачатку перавысіла на першым этапе Кубка Беларусі, а на другім паказала лепшы вынік у сваёй кар’еры, набраўшы 623,4 бала – і ўсяго два ачкі не хапіла Тані, каб выканаць нарматыў майстра спорту міжнароднага класа.

Прыехаўшы на выхадныя на малую радзіму, дзяўчына, вядома ж, зазірнула ў цір Ушацкай школы, каб паказаць новенькае пасведчанне Пятру Юльянавічу Варатынскаму. Для трэнера гэта таксама адметная падзея: за некалькі дзесяцігоддзяў сваёй працы ў аддзяленні стральбы ён падрыхтаваў 6 кандыдатаў у майстры спорту – Міхаіла Ярмоша, Ганну Кандзякову, Валерыю Стуканаву, Уладзіслава Байцова, Дар’ю Мацвеенку і Таццяну Падгола, а вось званне майстра яго выхаванцы атрымалі ўпершыню.

Як лічыць сама дзяўчына, дасягненне гэтага выніку было б немагчымым без закладзенай у ДЮСШ грунтоўнай базы. Атрыманыя веды і навыкі, дарэчы, дазволілі ёй без асаблівых складанасцяў паступіць у галоўны спартыўны ВНУ краіны. Удасканальвае ж Таццяна стралковае майстэрства праз упартыя трэніроўкі, на якія штодня адпраўляецца пасля ўніверсітэцкіх пар. “Цір знаходзіцца далёка, шмат часу ідзе на дарогу, таму на адпачынак яго амаль зусім не застаецца. Але ж ніхто не казаў, што будзе лёгка!” – разважае дзяўчына. А яшчэ зазначае, што ёй пашанцавала з трэнерам: Анатоль Віктаравіч Кліменка – чэмпіён свету, ужо шмат чаму навучыў маладую спартсменку, напрыклад, адмысловай тэхніцы дыхання падчас стралковай сесіі. І, па ўсім відаць, бачыць у ёй добры патэнцыял, бо менавіта Тані перадаў нядаўна новую вінтоўку, хоць “кандыдатамі” на яе былі некалькі яго падапечных.

Увогуле трэніравацца і выступаць побач з самымі лепшымі стралкамі краіны, вывучаць розныя прадметы ва ўніверсітэце дзяўчыне вельмі цікава. Хоць, канечне, сумуе па сваёй вялікай сям’і і ўтульным доме ў Наваселлі, ды і па роднай спартыўнай школе таксама. Яе цяперашнія навучэнцы якраз праводзілі ў гэты дзень трэніроўку перад паездкай на спартакіяду ДЮСШ Гродна і з інтарэсам слухалі парады выпускніцы, глядзелі яе “майстар-клас” па чыстцы зброі. І як стала вядома пазней, на гэтых спаборніцтвах парадаваў добрай стральбой юны снайпер Аляксандр Галяковіч, які стаў 4-м у стральбе з малакалібернай вінтоўкі – прычым да п’едэстала яму не хапіла ўсяго аднаго ачка. Такім чынам, новыя выхаванцы П.Ю.Варатынскага працягваюць годныя традыцыі ўшацкай стралковай школы і крочаць да будучых майстэрскіх вышынь.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *