Серебряный триумф. Ученик Великодолецкой школы Роман Лабецкий в числе победителей республиканских соревнований «Снежный снайпер»

Cпорт Ими гордятся Наши дети

Рэкорды Вялікадолецкай школы ў бягучым дзесяцігоддзі не ўдалося паўтарыць ніводнай іншай установе адукацыі раёна. Тут шмат дасягненняў, але гэтыя стаяць асабняком. У 2010 годзе Яўген Аніскевіч выйграў рэспубліканскую алімпіяду па хіміі. Прычым не проста атрымаў дыплом першай ступені, а паказаў абсалютна лепшы вынік сярод усіх школьнікаў краіны! У 2015-ым на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове максімальныя 100 балаў набрала Надзея Салавей. І вось новы поспех, якому можна толькі пазайздросціць і парадавацца за педагогаў і іх выхаванцаў – бліскучае выступленне вялікадолецкіх школьнікаў у фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў па біятлоне сярод дзяцей і падлеткаў “Снежны снайпер”, якія праходзілі ў мінулыя выхадныя.

Аб гэтым падчас урачыстай лінейкі перад уручэннем цэлага россыпу ўзна­гарод казала дырэктар установы адукацыі Рыма Леанідаўна Аніскевіч. Праходзіла мерапрыемства ў аўторак, бо ў панядзелак Раман Лабецкі, Арцём Полазаў і Таццяна Кандыба адпачывалі. І ад фізічных нагрузак, якія на такіх стартах заўсёды з прыстаўкай “звыш”, і ад перажытых эмоцый, якія ў іх, зрэшты, былі розныя.

Галоўнай зорачкай спаборніцтваў у Раўбічах, па крайняй меры для Віцебшчыны, стаў самы малодшы з удзельнікаў, пяцікласнік Рома Лабецкі – ён адзіны, хто прынёс нашаму рэгіёну прызавое месца. Што такое тры секунды? Імгненні, а менавіта яны аддзялілі хлопчыка з невялікай сельскай школы ад таго, каб стаць лепшым “снежным снайперам” у краіне ва ўзроставай групе 2006-2007 гадоў нараджэння! 1800 метраў дыстанцыі пад узнёслыя каментарыі тэлевізіёншчыкаў (“Паглядзіце, які ход і тэхніку дэманструе прадстаўнік Віцебскай вобласці!”) ён літаральна праляцеў за 10 хвілін 24 секунды, ні разу не памыліўся і на двух агнявых рубяжах – 10 з 10.

– Падрыхтаваліся мы грунтоўна, і тое, што з пераадоленнем лыжні ў Ромы праблем не ўзнікне, я не сумняваўся, – расказвае яго трэнер, настаўнік фізічнай культуры Уладзімір Мікалаевіч Лапіцкі. – Шчыра прызнацца, хваляваўся за стральбу. Таму і настройваў Рамана на максімальную канцэнтрацыю – адзін промах мог перакрэсліць усе намаганні. І ён не падвёў!

Вынік проста выдатны. Асабліва з улікам таго факту, што сярод 28 удзельнікаў забегу толькі Р.Лабецкі быў 2007 года нараджэння, а астатнія хлапчукі – 2006-га. У такім узросце год розніцы – проста космас. “Фаварыт наступных спаборніцтваў!” – дзяліліся ўражаннямі ад выступлення Ромы трэнеры з іншых абласцей.

У тым, што сёлетні “Снежны снайпер” стаў лепшым за ўсю гісторыю яго правядзення, сумнявацца не прыходзіцца. Папярэднічаў фіналу вельмі сур’ёзны адбор удзельнікаў і іх падрыхтоўка. Планавалася, што на абласным этапе наш раён прадставяць выключна вялікадолецкія спарт­смены, але праблемы са здароўем выкраслілі са спісаў дружнай каманды дваіх чалавек. Таму ў Віцебску выступала зборная – кампанію Раману Лабецкаму, Арцёму Полазаву, Насці Хадан і Таццяне Кандыбе склалі Маша Харак з Ушацкай і Жэня Маркевіч з Ільюшынскай школ. У выніку А.Полазаў у старэйшай узроставай групе “прывёз” бліжэйшаму праследавальніку каля дзвюх мінут! Перамогу атрымаў і Р.Лабецкі, а Н.Хадан стала трэцяй. Непадалёк ад п’едэсталу аказаліся і Т.Кандыба з Ж.Маркевічам – 4 і 5 месцы адпаведна.

У фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў адбіралася па 4 хлопчыкі і дзяўчынкі ў трох узроставых групах ад кожнай вобласці і горада Мінска. На Віцебшчыне быў праведзены і дадатковы турнір па “чыстых” лыжах – у выніку ў склад зборнай Прыдзвіння ўвайшлі А.Полазаў, Р.Лабецкі, Т.Кандыба і Ж.Маркевіч.

Спаборніцтвы ў Раўбічах яны запомняць на ўсё жыццё незалежна ад вынікаў – з 40 тысяч дзяцей і падлеткаў з усіх рэгіёнаў Беларусі для ўдзелу ў іх адабраліся 168 лепшых. Толькі трапіць сюды, дзе пераможцаў і прызёраў узнагароджвае Прэзідэнт краіны, члены “залатой” алімпійскай эстафетнай чацвёркі Дзінара Алімбекава, Ірына Крыўко і легенда сусветнага біятлону, адзіная ў гісторыі чатырохкратная алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава, а суддзямі з’яўляюцца велічыні кшталту Аляксея Айдарава і Вадзіма Сашурына – ужо падстава для гонару. Але У.М.Лапіцкі рыхтуе максімалістаў, таму вельмі прыкра за Арцёма Полазава, якому, па словах трэнера, трапіць на п’едэстал і ў спартыўную гісторыю краіны пера­шкодзіла хвароба:

– Вірус Арцём падхапіў на зборах, якія папярэднічалі спаборніцтвам. Яны былі запланаваны на сярэдзіну сакавіка і хлопец не паспеў ачуняць, паехаў на іх нездаровым. Даведаўшыся аб пераносе спаборніцтваў на больш ранні тэрмін, я прыйшоў да яго бацькоў параіцца – ехаць Арцёму або не, але Аляксандр і Святлана Полазавы мне адказалі: “Нам нават страшна яму сказаць, што ён можа не паехаць, ён так рыхтаваўся, так чакаў!”. Вось такі характар у хлопца…

Яго Арцём паказаў і на трасе. Ва ўдзельнікаў у старэйшых групах яна была даўжэй. І Арцём напачатку замацаваўся ў лідарах – добра бег, выдатна, на нуль, страляў. Але аслаблены арганізм падвёў на заключных этапах дыстанцыі – пятае месца. Вось толькі ў такіх умовах гэты вынік можна прыраўняць да подзвігу.

Размаўляючы з Р.Лабецкім, разумееш, што ён яшчэ нават і сам не асэнсаваў, перамогі на якіх спаборніцтвах дабіўся. Прынамсі, ад ахапіўшага яго хвалявання не памятае, што казаў яму Аляксандр Лукашэнка, паціскаючы руку і ўручаючы грашовы сертыфікат за другое месца на 1500 рублёў. А вось словы свайго куміра, Д.Домрачавай, за якую так хварэў падчас Алімпіяды, запомніў: “Малайчына! Удачы і далейшых поспехаў!”. І як вялікую каштоўнасць будзе захоўваць падарунак знакамітай чэмпіёнкі – біятлонныя акуляры.

А грошы ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба сям’і маленькага “здабытчыка” будуць вельмі дарэчы, бо ён старэйшы з пяці дзетак. І з’яўляецца добрым прыкладам для малодшых – першакласніца Яна Лабецкая ўжо не тое, што стаіць на лыжах – бегае “каньком”.

“Чакаю, Раман, увечары на трэніроўку. І сястру з сабой захапі!” – не дае спуску віцэ-чэмпіёну У.М.Лапіцкі. У гэтай установе адукацыі няма такіх, хто не ўмее стаяць на лыжах або на каньках – і сярод настаўнікаў, і сярод вучняў. Менавіта таму “выстраліць” у прамым і пераносным сэнсе слова і трапіць у слаўны летапіс школы, раёна, вобласці і краіны тут можа любы. І пакідаў я сцены ўстановы з упэўненасцю, што не раз яшчэ давядзецца сюды вярнуцца: для новых фотасесій маленькіх чэмпіёнаў вялікіх стартаў.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *