Виктор Котов — самый молодой директор школы в Ушачском районе

Образование и молодежь

У раду Котавых з Расоншчыны па мужчынскай лініі заўсёды былі выключна ваенныя і праваахоўнікі. Звязаць жыццё з сілавым ведамствам з дзяцінства прадракалі і Віктару, бацька якога – ветэран міліцэйскай службы – марыў, што сын пойдзе па яго стопах. Вось толькі амбіцыйны і прынцыповы хлопец бачыў сябе найперш гуманітарыем, таму пасля заканчэння Янкавіцкай сярэдняй школы без ваганняў падаў дакументы на гістарычны факультэт ВДУ імя П.М.Машэрава.

Перспектыва стаць настаўнікам юнака не палохала – наадварот, яму хацелася дзяліцца з падрастаючым пакаленнем сваімі ведамі па любімым прадмеце. Дарэчы, падчас навучання ў школе В.Котаву даспадобы была і геаграфія, па якой неаднаразова станавіўся пераможцам школьнага і раённага этапаў рэспубліканскай алімпіяды, быў у ліку прызёраў і на вобласці. Менавіта таму калі на першым месцы працы – у Вяркудскай сярэдняй школе – маладому настаўніку акрамя гісторыі і грамадазнаўства прапанавалі весці яшчэ геаграфію, нават не паверыў такой удачы.

– Я вельмі шчаслівы, што прыехаў працаваць менавіта ва Ушацкі раён, – кажа Віктар Пятровіч. – На размеркаванні мне прапаноўвалі яшчэ Глыбоччыну – аддаў перавагу бліжэйшаму да дома. Зараз Ушаччына для мяне – другая радзіма. Ганаруся, што жыву сярод надзвычай гасцінных, шчырых людзей, заўсёды гатовых дапамагчы і падтрымаць.

На першых парах разабрацца ў асаблівасцях адукацыйнага працэсу В.П.Котаву дапамагала намеснік дырэктара па вучэбна­выхаваўчай рабоце Вяркудскай школы Галіна Васільеўна Казлова. Карыснымі парадамі, як зрабіць урок больш насычаным і цікавым, дзяліліся з настаўнікам яго вопытныя калегі. Не пакідаў без увагі ініцыятыву і дасягненні маладога педагога ды­рэктар установы Віталій Іосіфавіч Клімашэўскі. Такая падтрымка і матэрыяльнае заахвочванне, па словах В.П.Котава, паслужылі для яго стымулам, каб пасля адпрацоўкі двухгадовага тэрміну па размеркаванні застацца ў раёне і працягнуць работу на ніве адукацыі.

Зайздросная мэтанакіраванасць, смеласць, ініцыятыўнасць маладога чалавека былі высока ацэнены аддзелам адукацыі – у хуткім часе яго назначылі дырэктарам Глыбачанскай школы.

– Хоць заўсёды быў амбіцыйным чалавекам, не думаў, што давядзецца стаць кіраўніком у 25 гадоў, – прызнаецца Віктар Пятровіч. – Канечне, было крыху боязна, але ж сядзець на месцы не ў маіх правілах! Афіцыйна дырэктарам Глыбачанскай школы я назначаны 1 кастрычніка 2012­га, незадоўга да Дня настаўніка.

Ні арганізацыя адукацыйнага працэсу, ні гаспадарчая дзейнасць, ні аддаленасць населенага пункта ад Ушач, дзе зараз жыве, маладога кіраўніка не напужалі. Адкрыты па натуры, прыхільнік новаўвядзенняў, Віктар Пятровіч сур’ёзныя перамены ў сваім жыцці ўспрыняў бязбольна. Хутка знайшоў агульную мову і з калегамі – зараз пад яго кіраўніцтвам у Глыбачанскай школе працуе 40 чалавек. За неацэнную падтрымку малады кіраўнік удзячны свайму намесніку Аліне Мікалаеўне Зянюк, былым дырэктарам, сённяшнім настаўнікам Галіне Леанідаўне Кляпец, Святлане Васільеўне Зайцавай.

– З такім калектывам, як наш – хоць у космас! – зазначае В.П.Котаў. – Усе без выключэння адказныя, адукаваныя, гатовыя ў няпросты час падставіць сваё плячо. Не дзіўна, што нашы вучні такія здольныя, творчыя, ініцыятыўныя. Школа ганарыцца дасягненнямі выпускнікоў Аляксандры Лях, Юліі Чыграй, Наталлі Галубіцкай. Вялікія надзеі падаюць і цяперашнія вучні, напрыклад, Васіль Чыграй, Алеся Літвін, Віталь Кандратовіч, Вікторыя Пліскевіч, Аляксандра Сайко. Увогуле лічу, што сельская моладзь адрозніваецца ад гарадской большай выхаванасцю, тактычнасцю, працавітасцю.

Такім, дарэчы, з’яўляецца і сам герой нашага аповеду. Па­добраму можна пазайздросціць яго невычэрпнай энергіі і актыўнасці. На работу ў Глыбачку Віктар Пятровіч прыязджае адным з першых, а ўвечары апошнім пакідае сцены ўстановы. Акрамя выканання шматлікіх дырэктарскіх спраў выкладае ў школе грамадазнаўства, з’яўляецца актывістам РГА “Белая Русь”. Нягледзячы на высокую пасаду начальніка з сябе В.П.Котаў “не строіць” – першым выходзіць на суботнікі, бярэцца за рамонт установы, прымае ўдзел у самых розных мерапрыемствах і спаборніцтвах, што праводзяцца ў раёне. Тым самым згуртоўвае калектыў, уласным прыкладам даказвае, што залог поспеху – у плённай дзейнасці і пастаяннай рабоце над сабой.

– За маладымі кіраўнікамі – будучыня нашай галіны, – кажа начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Фёдараўна Сыроўчанка. – Яны як ніхто разумеюць, чым цікавяцца сённяшнія школьнікі, ведаюць, як зрабіць адукацыйны і выхаваўчы працэс максімальна якасным і сучасным. Да ліку такіх адносіцца Віктар Пятровіч Котаў, які цалкам адпавядае эталону кіраўніка.

– З цеплынёй прыгадваю час навучання ў Глыбачанскай школе, – падзялілася з намі выпускніца ўстановы Аляксандра Лях. – І ў многім гэта заслуга нашага дырэктара В.П.Котава. Для нас, старшакласнікаў, ён ва ўсім быў прыкладам, яго паважалі, за ім цягнуліся… Дарэчы, жыццёвае крэда Віктара Пятровіча – быць наперадзе планеты ўсёй – перанялі многія з нас.

Няма сумненняў, што гэты высокі дэвіз і надалей будзе весці В.П.Котава да новых педагагічных вяршынь.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *