Ясли-сад №4 г.п.Ушачи меняется на глазах. Новые игровые площадки, оригинальные архитектурные формы радуют малышей и их родителей

Благоустройство Образование и молодежь

Установы адукацыі Ушаччыны актыўна рыхтуюцца да новага навучальнага. Прычым, простым навядзеннем парадку і касметычным рамонтам не абмяжоўваюцца. Смелыя ідэі, умелыя рукі педагогаў, тэхперсаналу – і школу, дзіцячы садок не пазнаць. Пераканаліся ў гэтым, пабываўшы днямі ў яслях-садзе №4 гарпасёлка.

Пасля праведзенай тут некалькі год таму мадэрнізацыі з капітальным рамонтам установа выглядала дастойна. Але ж “разынкі” ёй усё ж не хапала. Яе пошукам і займаліся ў апошні час работнікі ясляў-сада. Як вынік – прынцыпова новы выгляд тэрыторыі і тэлефонныя званкі ў кабінет загадчыцы – калегі з Полацка, іншых гарадоў, убачыўшы фотаздымкі ў інтэрнэце, выведваюць сакрэты стварэння архітэктурных форм.

Больш за ўсё ўвагі, канечне, – стэле з надпісам “Я люблю дзіцячы сад”, размешчанай паміж уваходамі ў будынак. Ініцыятыва яе стварэння належыць кіраўніку ўстановы Ірыне Ціханавай, якая ў Год народнага адзінства выбрала для афармлення колеры Нацыянальнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, дошкамі, якія сталі асновай архітэктурнай формы, падзяліўся бацька аднаго з выхаванцаў Віталь Ярмош, пластыкавыя ж накрыўкі для літар збіралі, як кажуць, усім светам.

З’явілася нядаўна і тэматычная пляцоўка з каларытным фітадомікам, міні-агародзікам з 7 відамі лекавых раслін і ўтульнымі лавачкамі для правядзення тут адмысловых заняткаў. Дапамаглі ж у яе стварэнні ўшачанін Генадзь Малашчанка, які выдзеліў драўляны зруб, і актывістка раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Марыя Ярмош, што прынесла саджанцы.

У імправізаваную міні-пасеку ператварыўся яшчэ адзін дагэтуль пустуючы ўчастак. Вуллі змайстравалі, абаяльных штучных пчолак пасялілі, ды і пра месца для збору нектару паклапаціліся – разбілі невялічкія кветнікі ў форме геаметрычных фігур. У бліжэйшы час плануюць непадалёк яшчэ арку з падвяснымі вазонамі размясціць, так што працы ў пчолак пабольшае.

Паколькі значная частка тэрыторыі ля ўстановы зацэментавана, з насаджэннямі дагэтуль было праблематычна. Знайсці выхад з сітуацыі дапамог “Маяк-Ушацкі”, работнікі якога прывезлі прычэп зямлі. Дзякуючы гэтаму, тут з’явіліся 12 новых кветнікаў і невялікая алея туй. Апошнія, дарэчы, падарыла старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Алена Пашковіч.

Новымі фарбамі застракацеў масток з божымі кароўкамі (апошнія зроблены з будаўнічых касак, якія сабралі работнікі ўстановы) – паўдзельнічалі ў пераўвасабленні работнікі раённага Дома рамёстваў. Прырос і сельскі куточак – ля млына, лазовага плоту, агародзіка са сланечнікамі адно з цэнтральных месцаў заняў каларытны калодзеж.

– У нас усё ідзе ў “распрацоўку”! – зазначае І.Ціханава. – З’явілася маскіровачная сетка (яе “ахвяраваў” ушачанін Уладзімір Пальчэх) – вось і дах для летняй альтанкі. “Твестуба ПРА” падзялілася неліквіднымі рэчамі – чаму б не выкарыстаць іх для ўпрыгожання тэрыторыі, складзіравання цацак у групах.

Сур’ёзна падышлі ў яслях-садзе і да стварэння месца для вывучэння Правілаў дарожнага руху – самі залілі пляцоўку (цэмент выдзеліла ПМК-66), нанеслі неабходную разметку (фарбу прынесла маці выхаванца Наталля Круцёнак), змайстравалі пераносныя дарожныя знакі, светлафоры. На адкрыццё ж гэтага “астраўка бяспекі” запрасілі начальніка аддзялення ДАІ райаддзела міліцыі Мікалая Гаўрылюка, які разам з выхавацелямі правёў для дзетак урок бяспекі дарожнага руху. Нагадалі і правілы паводзін на вадзе – пра гэта расказала інспектар сектара прапаганды РАНС Крысціна Карзянок.

– Удзячна калектыву за годную годную работу, за тое, што ўсе адгукаюцца на любую маю ініцыятыву – кажа І.Ціханава. – Між тым, задум яшчэ нямала, а значыць, працягнем тварыць, радаваць нашых выхаванцаў, іх бацькоў!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *