Советы врача: как победить грипп?

Здравоохранение

Восень – пара ўздыму сезонных захворванняў, звязаных, як правіла, з халадамі, аслабленнем імунітэту, недахопам вітамінаў і іншымі фактарамі. Менавіта ў гэты перыяд актывізуюцца розныя вірусы, у тым ліку і грыпу.

Грып – вострая рэспіраторная вірусная інфекцыя, якая паражае ўсе групы насельніцтва незалежна ад узросту. Характарызуецца вострым пачаткам, ліхаманкай, агульнай інтаксікацыяй і паражэннем дыхальных шляхоў. Асноўнай крыніцай інфекцыі з’яўляецца хворы чалавек, а шляхам перадачы – паветрана­кропельны (пры гутарцы, чханні, кашлі). Дарэчы, можна заразіцца і праз брудныя рукі: на іх вірусы трапляюць з дзвярных ручак, тэлефонных трубак, поручняў. Датыкаючыся потым да слізістых абалонак носу, вачэй, роту, чалавек пераносіць інфекцыю ў свой арганізм.

Сезонныя эпідэміі грыпу ўзнікаюць штогод у асенне­зімовы перыяд. Асцерагацца захворвання трэба найперш дзецям, пажылым людзям, грамадзянам з хранічнымі захворваннямі сэрца і лёгкіх, цяжарным жанчынам, людзям з аслабленым імуні­тэтам, работнікам лячэбных, адукацыйных устаноў.

Інкубацыйны перыяд грыпу звычайна складае ад некалькіх гадзін да 1­2 дзён. Сімптомамі захворвання з’яўляюцца: павышэнне тэмпературы цела, дрыжыкі, мышачныя і сустаўныя болі, ламота ва ўсім целе, галаўны боль – асабліва ў вобласці лба і вачэй, сухасць у носе і глотцы, сухі, напружаны кашаль, які суправаджаецца болем за грудзінай. Могуць узнікаць млоснасць, ваніты, дыярэя. Звычайна на працягу 2­4 дзён адзначаецца паніжэнне тэмпературы, а канчаткова сімптомы грыпу знікаюць на 7­10 суткі. Аднак могуць развіцца і ўскладненні ў выглядзе пнеўманіі ці абвастрэння хранічных захворванняў.

Варта адзначыць, што шпіталізацыі падлягаюць пацыенты з цяжкім працяканнем грыпу, ускладненнямі, а таксама тыя, хто пакутуе на хранічныя захворванні сардэчна­сасудзістай сістэмы, органаў дыхання. Пытанне лячэння ў хатніх умовах вызначае ўчастковы ўрач, а барацьбу з хваробай лёгкай і сярэдне цяжкай формы можна ажыццяўляць амбулаторна пры арганізацыі належнага догляду за пацыентам. Хвораму на грып чалавеку варта вылучыць асобнае памяшканне. На працягу ліхаманкавага перыяду пацыенту трэба захоўваць ложкавы рэжым, ужываць за дзень не менш 2 літраў цёплых напояў – лепш багатых вітамінам С (чай з лімонам, з лісця чорных парэчак, маліны, адвар шыпшыны). Нельга забываць пра выкананне рэкамендацый урача: прыём супрацьвірусных і жарапаніжаючых прэпаратаў, супрацькашлевых сродкаў. Зменшыць высокую тэмпературу можна не толькі лекавымі прэпаратамі, але і фізічнымі метадамі: грэлка з лёдам, абгорнутая ручніком ці пялёнкай, пакладзеная на вобласць галавы ці печані; абціранне натуральных скурных складак – шыйных, пахавых – паўспіртавым ці слабавоцатавым растворам. І памятайце, што аспірын пры грыпе супрацьпаказаны: яго ўжыванне можа выклікаць крывацёк і іншыя ўскладненні. А антыбактэрыяльныя прэпараты ўжываюць толькі пры развіцці бактэрыяльных праблем і па прызначэнні ўрача.

Як вядома, асноўным метадам спецыфічнай прафілактыкі грыпу з’яўляецца вакцынацыя насельніцтва, а неспецыфічнай – нашэнне ў перыяд эпідэміі ватна­марлевай павязкі (маскі) з яе рэгулярнай заменай кожныя 4 гадзіны, правільнае і паўнацэннае харчаванне (ежа павінна ўтрымліваць дастатковую колькасць бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і вітамінаў). У асенні і веснавы перыяды, калі колькасць агародніны і садавіны ў рацыёне змяншаецца, рэкамендуецца дадаткова прымаць комплекс вітамінаў. Пазбягайце ў перыяд эпідэміі знаходжання ў месцах з вялікай колькасцю людзей. Нельга забываць і пра пастаяннае мыццё рук з мылам, прагулкі на свежым паветры, праветрыванне, вільготную ўборку памяшканняў.

В.ЯРМОШ, урач­-інфекцыяніст Ушацкай ЦРБ.

.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *