Какие достижения пятилетки стали особенными для ушачан?

Общество

У папярэдніх нумарах мы знаёмілі чытачоў з дасягненнямі раёна за пяцігодку. Сёння ж запыталіся ў жыхароў гарпасёлка, чым апошнія пяць гадоў сталі памятнымі для іх.

Юлія Пацэвіч:

– У двары нашага трэцяга корпуса дома №1 па вуліцы Віцебскай маёй дачушцы Паліне заўсёды ёсць з кім пагуляць – у нас вельмі малады мікрараён нават у параўнанні са “старой” Віцебскай – жыллёвымі кааператывамі, якія будаваліся першымі. Таму да цёмнага на вуліцы не змаўкаюць дзіцячыя галасы, паблізу дома ўстаноўлены адразу дзве дзіцячыя пляцоўкі. Трэці год жывём у новай двухпакаёвай кватэры, пабудаванай з дзяржпадтрымкай, бо трапілі ў лік тых, каму пашчасціла скарыстацца аднапрацэнтным крэдытам з растэрміноўкай на 40 гадоў. На завяршаючым этапе будаўніцтва дома сума крэдыту значна павялічылася, але ўсё роўна для моладзі гэта быў вельмі выгадны спосаб абзавесціся квадратнымі метрамі, наўрад ці “пацягнулі” б мы кошт будаўніцтва без ільготнага крэдыту – муж будаўнік, я да дэкрэтнага водпуску працавала ў сферы гандлю. Зрэшты, не толькі моладзь, але і некаторыя грамадзяне больш сталага ўзросту, якія стаялі ў чарзе, змаглі абзавесціся ўласным жыллём. Станоўчае вырашэнне кватэрнага пытання стала адным з рашаючых фактараў павелічэння нашай сям’і, сынок Раман нарадзіўся ўжо ў новай уласнай кватэры.

Ядвіга Баляславаўна Арлоўская:

– Гэта зараз асноўная колькасць моладзі жыве ў цэнтры гарпасёлка і на Віцебскай, а ў гады маёй маладосці раёнам актыўнай індывідуальнай забудовы былі менавіта наш завулак Полацкі і аднайменная суседняя вуліца. Працавалі, узводзілі дамы, гадавалі дзяцей – час праляцеў непрыкметна. І зараз, калі нам з мужам па семдзесят пяць, як і суседзі стараемся падтрымліваць парадак ля сядзібы. Кожны абжываўся па­свойму ў залежнасці ад магчымасцей. Хто жыве ва ўласным доме, той выдатна ведае, што клопатаў па гаспадарцы хапае кожны дзень. Пакуль былі працаздольнага ўзросту, адсутнасць цэнтралізаванага водазабеспячэння на нашых вуліцах не стаяла востра, але з гадамі мы ўсё часцей зайздросцілі жыхарам іншых мікрараёнаў, якія карысталіся аўтаматычнымі пральнымі машынамі, воданагравальнікамі. Восенню мінулага года вада нарэшце прыйшла і ў нашы дамы, да сядзіб гаспадароў па вуліцы Каранеўскага. За гэта хочацца выказаць словы ўдзячнасці кіраўніцтву раёна, работнікам жыллёва­камунальнай гаспадаркі. Жыхары нашага мікрараёна стварылі кааператыў па газіфікацыі жылля, а пасля гэтага можна і асфальтаваць вуліцу, якая зараз падсыпана. Разумею, што час няпросты, цяжка адшукаць сродкі, а на добраўпарадкаванне яны патрэбны немалыя. Але пасёлак развіваецца, кожны год усё новыя мікрараёны “апранаюцца” ў асфальт. Спадзяёмся, што неўзабаве і мы парадуемся магчымасці скарыстацца іншымі выгодамі цывілізацыі.

Андрэй Рыгоравіч Гайковіч:

– У ТАА “Твестуба” я адзін са старажылаў, працаваў тут, калі яшчэ і вытворчасці не было – на рамонце і падрыхтоўцы памяшканняў, наладцы абсталявання разам з кітайскімі спецыялістамі, у якіх і вучыўся, а зараз сам паказваю новым работнікам асновы тэхналогіі вырабу тубаў. Кароткую гісторыю нашага калектыву памятаю выдатна і лічу, што будучыня эканомікі менавіта за такімі прадпрыемствамі, за развіццём малога і сярэдняга бізнесу. 28 снежня 2009 года заступіў на змену машыністам машыны па склейванні вырабаў з паперы, а зараз узначальваю змену, кірую цэхам, які працуе ў тым ліку і на экспарт. Пастаянна развіваемся, сродкі ўкладаем у абнаўленне інфраструктуры, матэрыяльна­тэхнічнай базы, што дазваляе пашыраць асартымент вырабаў, канкурыраваць з іншымі арганізацыямі нашага профілю – гэта пры адкрыцці мы былі адзінымі ў краіне, а зараз з’явіліся падобныя прадпрыемствы. Напрыклад, у Шклове, з­за чаго мы страцілі буйнога заказчыка, папяровую фабрыку. Таму асвойваем новыя рынкі, прадукцыя майго цэха зараз амаль цалкам ідзе ў заходнім напрамку – на ААТ “Гродна­Азот” і ў Літву. Сучаснае абсталяванне дазваляе выпускаць шырокі дыяпазон туб, якія выкарыстоўваюцца ў розных галінах прамысловасці. На самыя маленькія, напрыклад, дыяметрам 25 міліметраў работнікі фармацэўтычных кампаній намотваюць лейкапластыр, а самыя вялікія, дыяметрам 406 міліметраў, ідуць на патрэбы гігантаў хімічнай індустрыі. З таго моманту, як уладкаваўся на “Твестубу”, ніколі не шукаў іншага месца працы. Умовы тут выдатныя, вось і на новы цэх зараз падключаем газавы кацёл ацяплення, маецца абсталяваны пакой для адпачынку, выдаецца спецадзенне. Зарплата ў нас няхай і не самая вялікая, але для Ушач прымальная. А самае галоўнае, што выплачваецца заўсёды ў тэрмін, за ўвесь час працы адзін раз была затрымка на адзін дзень! Цаню стабільнасць, парадак, ды і тое, што цябе цэняць – таксама не апошні аргумент.

Антон Полазаў:

– Наш мікрараён лічы што равеснік усіх маладых людзей, якім сёння пад трыццаць: бацькі і будаваліся, і расцілі нас паралельна. Практычна ўсё жыллё, не лічачы тыпавых домікаў па вуліцы Усходняй – прыватнае, таму і не было такога, каб усе перасяліліся “пад ключ”. Колькі жылі – столькі і паляпшалі свой быт. Пра газ, напэўна, нават і не думалі, а вось асфальт – гэта было сапраўды марай і аўтамабілістаў, і асабліва пешаходаў.

Памятаю, як вясной і восенню пераскоквалі лужы, шукаючы сухія астраўкі, па дарозе ў школу, а нашы матулі амаль да лета не маглі скінуць боты, калі ўсе ўжо ў басаножках. А сёння можна было б і не пераабувацца, паколькі ўсё ў асфальце – і дарога, і тратуары. Вы, напэўна, заўважылі, як на сваіх дзіцячых аўто ездзяць па тратуарах малыя дзеці – унукі тых, хто будаваў мікрараён Е.Лось, Дуброўскага, Усходняй. Мае ж равеснікі на веласіпедах маглі праехаць толькі летам.

І калі раней мікрараёны Зарэчча лічыліся меней прывабнымі для жылля, паколькі не была развіта інфраструктура – ні газу, ні водаправоду, ні асфальту, то цяпер ужо любы малады чалавек з задавальненнем набудзе сабе тут дом. Я люблю свой мікрараён.

Лідзія Васільеўна Белавусава:

– Заўсёды, калі праходжу па вуліцах райцэнтра, нязменна радуюся парадку і прыгажосці на іх. Асабліва прыемна было ўбачыць цудоўны сквер, які з’явіўся ля Ушацкай школы па ініцыятыве і пры ўдзеле прадстаўнікоў раённай улады. Радасна чуць дзіцячыя галасы, якія даносяцца з новай футбольнай пляцоўкі, а ўзімку – з лядовага катка. Прыкметна змяняецца ўвесь пасёлак: з’явілася плітка на цэнтральных вуліцах, упрыгожваннем райцэнтра стаў будынак суда, адрамантаваны бальнічныя карпусы, абноўлены помнікі, а на месцах зарослай пустэчы з’яўляюцца новыя зоны адпачынку. Невыпадкова ад людзей, якія прыязджаюць ва Ушачы, можна часта пачуць меркаванне, што наш пасёлак – адзін з самых утульных і прыгожых.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *