Сельхозпредприятия Ушачского района занимаются подсевом трав

Сельское хозяйство

Здаецца, што падсеў траў, якім зараз займаюцца ў сельгаспрадпрыемствах раёна, працэс просты – засыпаў насенне ў раскідвальнік, ды і едзь па полі. Але маладыя працаўнікі ААТ “Дземенец” Антон Шахаў і Аляксандр Лабёнак (на здымку) на пытанне, чым займаюцца, адказалі ні многа ні мала: “Рыхтуем аснову кармавога стала!”

Яно і сапраўды так, менавіта зараз закладаюцца будучыя пашы і сенажаці. У “Дземенцы” няхай і невялікае пагалоўе жывёлы, але гаспадарка традыцыйна нарыхтоўвае не толькі найбольшую колькасць кармоў пад патрэбы ўласнага статка, але і прадае сянаж і сілас. Ды і для паляпшэння структуры севазвароту гэта справа мае вялікае значэнне. Насеннем гаспадарка забяспечана, РДУ адрэгуляваны на высеў трох кілаграмаў канюшыны на гектар. Значных затрат паліва не патрабуецца, бо невялікі ў параўнанні з іншымі прычапнымі агрэгатамі раскідвальнік чапляецца не за энерганасычаную тэхніку, а за эканомны МТЗ­-82. У “Дземенцы” ў канцы мінулага тыдня канюшыну сеялі ля Астравенца, літаральна побач са складамі гаспадаркі – з­за невялікіх перагонаў дваццаць літраў паліва хапае амаль на два дні працы. Трактар А.Шахава амаль новы, атрымаў яго Антон у красавіку мінулага года. Таму працуе МТЗ безадказна і ў залежнасці ад контурнасці поля і наяўнасці вымачак хлопец засявае ад дваццаці да трыццаці гектараў за дзень. А невялікае снежнае покрыва, па словах механізатара, не перашкаджае, а наадварот, дапамагае разлічыць па слядах неабходную шырыню праездаў.

Даўно забралі ачышчанае насенне траў з “Дземенца” і ільюшынскія хлебаробы. У канцы мінулага тыдня яны падсеялі 90 гектараў бабовых і 60 сумесі. Ранні падсеў дазваляе зменшыць нагрузку падчас веснавой кампаніі, размеркаваць тэхніку, сілы. Аднак у ААТ “Ільюшынскі” тэхнікі хапае, таму значны аб’ём работ мяркуюць сумясціць з яравой сяўбой.

– Гэта дае амаль стопрацэнтную гарантыю, што травы не прападуць, – дзеліцца планамі галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Сяргеевіч Селявёнак. – Тым больш што такі агратэхнічны прыём карысны і для зерневых. Канюшына або сумесь уносіцца на трэці­чацвёрты дзень пасля сяўбы збожжа, потым пускаецца счэпка барон. Такім чынам закрываецца трава, рыхліцца глеба і паралельна на пачатковай стадыі парушаецца фарміраванне каранёвай сістэмы пустазелля.

На падрыхтоўцы насення працаваў рабочы Анатоль Цар, змешваў канюшыну з цімафееўкай. “На норму трэба апрацаваць паўтары тоны”, – кажа загадчык складской гаспадаркі Сяргей Уладзіміравіч Каранеўскі, які дапамагаў работніку насыпаць мяшкі. Улічваючы колькасць ужо расфасаванага насення было зразумела, што да вечара работнік паспяхова справіцца з пастаўленай задачай.

З заданнем жа па падсеве траў абстаноўка ў гаспадарках раёна складваецца па­рознаму. На 25 працэнтаў справіліся з запланаванымі аб’ёмамі у ААТ “Агра­Селішча”, КУСГП “Арэхаўна”, больш чым на чвэрці плошчаў унеслі бабовыя і бабова­злакавыя ў КУСГП “Глыбачаны”. 150 гектараў падсеялі ў ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, дзе самы вялікі план – 730 гектараў. Лідзіруе на гэтым відзе работ КУСГП “Вялікадолецкае” – па стане на 4 сакавіка тут было запрацавана 364 з 480 гектараў.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *