Службы Ушачского района проверили готовность к действиям в условиях паводка

Общество

Сёлета на Віцебшчыне назіраецца спакойная паводкавая сітуацыя. Вялікай паводкі не бывае і на Ушаччыне з­за адсутнасці на нашай тэрыторыі буйных рэк, у асобныя гады толькі месцамі бывае падтапленне некаторых домаўладанняў пасля снежных зім. Сёлетнюю такой не назавеш, тым не менш, як сцвярджаюць ушацкія выратавальнікі, быць у поўнай боегатоўнасці трэба заўсёды. Яе на мінулым тыдні і праверылі не толькі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, а і іншыя службы і арганізацыі раёна ў ходзе тактыка­спецыяльных вучэнняў.

У перыяд павышэння тэмпературы адбылося раставанне снегу і падтапленне домаўладання і надворных пабудоў дома нумар 4 па вуліцы Цэнтральнай у Ліпаўцы. На тэрыторыі паміж “Ленга” і названым домам не першы раз скоплівалася вада. На гэты раз, атрымаўшы сігнал, да месца прыбылі работнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія з дапамогай помпы адкачвалі ваду, дапамогу ў гэтым ім аказвалі і працаўнікі лясгаса, на ўзбраенні якога таксама маецца пажарная машына з адпаведным абсталяваннем. Каб зноў не прыйшлося змагацца з падтапленнем, на гэтым участку неабходна было пракапаць канал, які б вырашыў праблему. Для гэтага да месца прыбыла тэхніка жыллёва­камунальнай гаспадаркі, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, ПМК­-66, ДРБУ-­105. Перш чым экскаватары прыступілі да работ, “дабро” на іх правядзенне далі газавікі, сувязісты. Работнікі ж раённага аддзела ўнутраных спраў забяспечвалі ахову парадку і бяспеку дарожнага руху ў месцы надзвычайнай сітуацыі. Гатоўнасць аказаць дапамогу ў зоне падтаплення пацвердзілі і ўшацкія медыкі, але, на шчасце, яна нікому не спатрэбілася.

Хоць гэтыя работы і праходзілі ў рамках спецыяльных вучэнняў, аднак сітуацыя была рэальнай – жыхары названага дома сапраўды звярталіся за дапамогай. Такім чынам, як адзначыў старшыня раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях, намеснік старшыні райвыканкама А.В.Галяковіч, раённыя службы не толькі адпрацавалі дзеянні ў час паводкі і праверылі сваю гатоўнасць, а і зрабілі карысную справу.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *