Огонь не жалеет ничего. А люди? В Ушачском районе огнём уничтожены 26 гектаров лесных посадок, произошло 4 пожара за неделю в населённых пунктах

Cлужба-101

Толькі дзякуючы самаадданай працы лесаводаў у раёне пакуль не дапушчана пажараў у спелых лясах. А вось 26,3 гектара пасадак у Вялікадолецкім, Ушацкім і Плінскім лясніцтвах такімі ўжо ніколі не стануць – за некалькі апошніх дзён яны знішчаны агнём. Праца па стварэнні лясных культур не толькі нялёгкая, але і дарагая. На знішчаных участках раслі елкі, сосны і нават рэдкія лістоўніцы ва ўзросце ад 3 да 10 гадоў, а памер урону па самых сціплых падліках складае ў сярэднім 3700 тысяч рублёў з гектара. Дадаць сюды страты на санітарную рубку, якую прыйдзецца выканаць на гэтых плошчах, работы па стварэнні новых лясных культур – колькі сродкаў і намаганняў аказаліся перакрэсленымі кінутай запалкай, непатушанай цыгарэтай ці, яшчэ горш, наўмыснымі паламі сухой расліннасці!

– Сітуацыя вельмі складаная, – расказвае інжынер па ахове лесу Ушацкага лясгаса Міхаіл Мікалаевіч Лёля. – Пацярпеўшыя ад агню маладнякі ў асноўным былі створаны на невыкарыстоўваемых землях гаспадарак, перададзеных у дзяржлесфонд, і прылягалі да сельскагаспадарчых угоддзяў, палы на якіх перайшлі і на лясныя культуры. А ў сераду нашым работнікам прыйшлося змагацца з агнём, які бушаваў у пойме ракі Ушача ад райцэнтра да Заполля. Удалося не дапусціць распаўсюджання ўзгарання на лясы, як і ў яшчэ некалькіх выпадках: толькі за дзень работнікі лясгаса восем разоў выязджалі на палы. Амаль кожны дзень даводзіцца рабіць гэта і ў лясніцтвах, што прыводзіць да дадатковых затрат.

Ужо 28 разоў выязджалі на тушэнне сухой травы, смецця і работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, а з аўторка па чацвер ў раёне адбылося тры пажары. Іх прычыны высвятляюцца, аднак не выключана, што адбыліся яны з-за выпальвання сухой расліннасці. У першым выпадку трывожнае паведамленне паступіла з Двор Павулля Вяркудскага сельсавета. У агні аказаўся хлеў аднаго з домаўладанняў. Гаспадыня знаходзілася дома, аднак узгаранне заўважыла не адразу. У выніку пабудова поўнасцю знішчана агнём. На наступны дзень выратавальнікі выязджалі на пажар дачнага дома ў вёсцы Крошына Ушацкага сельсавета. Агнём пашкоджаны дах, столевае перакрыцце, сцены і маёмасць, знішчаны дзве гаспадарчыя пабудовы. На момант здарэння гаспадары не знаходзіліся на месцы. Яшчэ адзін пажар адбыўся ў Лазоўцы таксама Ушацкага сельсавета, у нежылым доме пашкоджаны дах, столь, сцены. Ва ўсіх выпадках абышлося без чалавечых ахвяр, але як бачым, пажары прыносяць вялікія матэрыяльныя страты.

Захоўвайце правілы пажарнай бяспекі, не выпальвайце сухую расліннасць. Сачыце, каб гэта не рабілі дзеці і тым больш несумленныя дарослыя, якія не цэняць прыроду і працу іншых: калі вы заўважылі пажар, сталі сведкам падпальвання або ведаеце, па чыёй віне адбылося ўзгаранне, паведамляйце аб гэтым у пажарную службу (тэл. 101, 112, 2-70-01) і дзяржаўную лясную ахову (2-77-30).

Вольга КАМАРКОВА, Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *