Памятник — от слова помнить. Более 200 народных мстителей похоронены в братской могиле возле деревни Антуново

Листая страницы истории

Не дачакалася маладолецкая жанчына Паўліна Бука свайго сына, які перажыў акупацыю, некалькі карных аперацый фашыстаў супраць партызан і мірнага насельніцтва, а вось з фронту не вярнуўся. Чырвонаармеец Фёдар Цімафеевіч Бука 1928 года нараджэння з пакалення падлеткаў вайны, юных партызан, якія пасля вызвалення Беларусі тысячамі ўліліся ў рады Чырвонай Арміі, і паваяваць толкам не паспеў: быў прызваны 6 красавіка 1945 года, а 25 красавіка, за два тыдні да Перамогі, загінуў непадалёку ад Брандэнбурга. Многія ж яго землякі і баявыя браты не дажылі і да вызвалення роднай зямлі – каля 200 народных мсціўцаў пахаваны ў брацкай магіле ля вёскі Антунова, побач з якой размяшчаўся лагер адной з самых грозных партызанскіх брыгад “Дубава”. І калі Ушачы называюць сталіцай партызанскай “рэспублікі”, то гэту вёску па аналогіі можна смела адносіць да “абласных цэнтраў”.

Па ўспамінах намесніка камандзіра брыгады “Дубава” Сяргея Васільевіча Маркевіча, летам 1942 года ў атрад Фёдара Фаміча Дуброўскага прыходзілі сотні людзей і восенню ў ім ужо налічвалася каля 1700 чалавек. Былы намеснік старшыні райвыканкама Ф.Ф.Дуброўскі выдатна ведаў раён – для размяшчэння партызанскай базы Антунова падыходзіла ідэальна. Была ўстаноўлена сувязь з камандзірам суседняга партызанскага атрада У.Е.Лабанком і на базе двух атрадаў сфарміравана брыгада “Дубава”. Паўстала пытанне, як забяспечыць умовы жыцця такой колькасці партызан. База брыгады размяшчалася ў Антунове, а лагер – у пяці кіламетрах ад яго, куды дапускалі толькі партызан. Па нядзелях у вёску прыходзілі на камісію жадаючыя ўступіць у брыгаду, тут разбіраліся ўсе справы. Па сутнасці вёска стала цэнтрам савецкай улады партызанскай зоны. У памяшканні школы размясцілася пякарня, якая забяспечвала хлебам аддаленыя гарнізоны брыгады, а ў лесе была свая, для атрадаў і груп, скрытна адыходзіўшых на заданні. Ля школы стаялі гарматы, а ў памяшканні жылі артылерысты, каб зручней было выязджаць на аперацыі.

У вёсцы былі арганізаваны разнастайныя майстэрні, дзе для партызан шылі адзенне, валялі валёнкі і рабілі галошы з аўтамабільных пакрышак. Партызаны навучыліся выкарыстоўваць для вырабу ботаў скуру коней, кароў, ласёў. Трэба сказаць, што лагер размяшчаўся ў Бярэзінскім запаведніку, і ні вяскоўцы, ні партызаны не мелі права забіваць дзікую жывёлу. Але калі станавілася складана з харчаваннем, па загадзе Дуброўскага двух-трох ласёў адстрэльвалі, а скуру аддавалі дубільшчыкам. Наладзіць такую вытворчасць было вельмі складанай справай – саматужны выпуск скураных вырабаў да вайны забараняўся і знайсці майстроў было цяжка. Але ўжо ў лютым-сакавіку 1943 года партызанскія мастакі малявалі народных мсціўцаў у абмундзіраванні ўласнай вытворчасці  – ад папах і рукавіц да валёнак. Карціны можна ўбачыць у нашым музеі народнай славы. Дарэчы, першую лямпачку Дуброўскі і Лабанок загадалі правесці да мастакоў М.Гуціева і М.Абрыньбы, аб чым апошні расказвае ў сваёй кнізе. Таксама з Ушач прывезлі рэшткі шрыфту, і былы рэдактар “раёнкі” Клім Пацэйка абсталяваў друкарню. Да вясны 1943 года ў Антунове нават пабудавалі танцпляцоўку, і многія з моладзі навакольных вёсак заставаліся ў партызанах пасля танцаў!

Дзякуючы вывезенаму з Лепеля такарнаму станку ўдалося механізаваць майстэрню па рамонце зброі. Калгасныя ўмельцы аказаліся сапраўднымі ўніверсаламі і ў кузнях рабілі не толькі зброю і самыя разнастайныя бытавыя рэчы, але і выплаўлялі тол са снарадаў, рыхтавалі міны для дыверсій на чыгунцы. У брыгадзе былі кулямёты са збітых нямецкіх і савецкіх самалётаў, але весці з іх агонь з рукі было складана з-за высокай хуткастрэльнасці. Кузнец з Пуцілкавіч Пярэдня сканструяваў станіну, на якой кулямёт круціўся па крузе і якую пасля вайны ўзялі за аснову заводскай вытворчасці!

У брыгадзе арганізавалі артдывізіён і кавалерыйскі эскадрон, бо вельмі пашырылася аператыўная прастора дзеянняў, якія былі накіраваны на чыгунку Полацк-Маладзечна і ў бок Лепеля і Чашнік, а эшалоны пачалі знішчаць з дапамогай гармат. Улічваючы колькасць, высокую арганізацыю і баявую загартаванасць брыгады “Дубава” Беларускім штабам партызанскага руху было прынята рашэнне раздзяліць яе на дзве: Лепельскую імя І.В.Сталіна (камбрыг – У.Е.Лабанок) і Чашніцкую “Дубава” (камандзір Ф.Ф.Дуброўскі) з перадыслакацыяй яе ў Чашніцкі раён. У пачатку восені 1943 года перад партызанскімі брыгадамі зоны была пастаўлена задача разграміць шэраг буйных гарнізонаў. Пра маштабы партызанскай восеньскай вайны можна скласці ўяўленні па Лепелі, дзе размяшчаліся тры ўзмоцненыя фашысцкія палкі, танкавы батальён, дзве артылерыйскія і мінамётная брыгады. Буйныя гарнізоны былі ў Пышне, Бароўцы, Бачэйкаве і іншых населеных пунктах.

Адчуваючы моц удараў, немцы сталі часцей праводзіць буйнамаштабныя карныя аперацыі, як прыклад – “Котбус” вясной 1943 года. У данясенне аб беззваротных стратах у Беларускі штаб партызанскага руху ад 27 лістапада 1943 года па атрадах брыгады Лабанка страты забітымі за некалькі месяцаў склалі каля 230 чалавек. Па магчымасці хавалі загінуўшых таварышаў ля базы брыгады ў Антунове. Тут знайшлі апошні прытулак калгаснік Іван Гайдукоў, былы баец Чырвонай Арміі, сяржант і палітрук узвода Цімафей Новікаў, настаўнік Іосіф Сяліцкі, кулямётчык Іван Рагуцкі, камандзір узвода лейтэнант Міхаіл Талстых, да вайны дзясятнік дарожна-будаўнічага ўпраўлення №5 г.Лепель, а ў брыгадзе – камандзір аддзялення Міхаіл Цар, камандзір атрада, ваентэхнік другога рангу Анатоль Марунько, што да вайны працаваў дырэктарам Стара-Лепельскай школы, загінуў у баі за вёску Каменка Лепельскага раёна.

Многія байцы пахаваны на тэрыторыі суседняй Лепельшчыны, дзе брыгада граміла варожыя гарнізоны. У Пышне – ураджэнец вёскі Гарадзец Васіль Марковіч, кулямётчык Гаўрыіл Шпіронак з Царкавішча, у баі за Забалацце загінуў зарачанскі хлопец Аляксандр Гайдук. На пышнянскім бальшаку прынялі апошні бой намеснік палітрука Аляксей Карабіцкі і бібліятэкар Ушацкай МТС Надзея Касцючэнка – прычым супраць яе прозвішча выведзены словы “пала смерцю храбрых”.

Калгаснік з вёскі Савін Дуб Лепельскага раёна Альберт Жванскі па дакументах пахаваны ў вёсцы “Туцелкавічы”,  але гэта яўна Пуцілкавічы, бо памылак у данясеннях было шмат. Напрыклад, Аляксей Бурак значыцца ўраджэнцам Ільюшына, чамусьці Чашніцкага раёна. Але, калі ўважліва глядзіш адрас сям’і партызана, усё становіцца на свае месцы – Гарадзецкі сельсавет: цяпер цяжка паверыць, што Ільюшына было менш Гарадца.

Моцна цярпелі партызаны ад бамбёжак. Ад асколкаў бомбы 22 мая 1943 года загінуў баец-стралок Мікалай Тарасевіч, настаўнік з Заазер’я. Месцам пахавання ўказваецца партызанскі лагер, як і ўчастковага інспектара міліцыі Фёдара Каваленкі са Слабады – толькі дата гібелі іншая, 28 мая. Як бачна, немцы бамбілі партызанскую зону рэгулярна: за чэрвень-ліпень 1943 года ахвярамі налётаў сталі яшчэ некалькі партызан.

Большасць жа невядомых народных мсціўцаў у брацкую магілу былі пахаваны пазней, у канцы 1943-1944 гадах, прычым пасля прарыву і вызвалення раёна сюды пераносіліся астанкі загінуўшых з іншых вёсак – Лагоў, Пуцілкавіч, Ветча. Апазнаць іх магчымасці не было, вось і засталіся невядомымі дзясяткі тых, хто гераічна трымаў абарону ў красавіку 1944.

Помнік на брацкай магіле з’явіўся ў шасцідзясятыя. На жаль, не захавала гісторыя прозвішча яго аўтара. Зараз парадак на магіле падтрымлівае Вялікадолецкі сельвыканкам і работнікі Ушацкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм, за якімі замацавана воінскае пахаванне. Рэдкімі тут сталі наведвальнікі, а нешматлікія жыхары наваколля памятаюць, якім масавым было святкаванне Дня Перамогі, калі вёскі былі люднымі, поўніліся дзіцячымі галасамі сцены былой Маладолецкай школы. Ад­даць даніну памяці загінуўшым таварышам прыязджалі сотні людзей – аднапалчане загінуўшых калгаснікаў і рабочых, настаўнікаў і служачых. Тыя, хто перажыў фашызм і зноў узяўся за мірную справу адраджэння жыцця на скалечанай, але не зломленай і няскоранай зямлі.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *