Самая большая численность населения Ушаччины после Великой Отечественной войны была в 1957 году

Листая страницы истории Общество

А ці ведаеце вы, што самая вялікая колькасць насельніцтва ва Ушацкім раёне пасля Вялікай Айчыннай вайны па бягучай ацэнцы была ў 1957 годзе? Тады на тэрыторыі Ушаччыны пражывала 37,3 тысячы чалавек: сельскага насельніцтва налічвалася 35,1 тысячы чалавек, а ў гарадскім пасёлку – усяго 2,2. А вось яшчэ цікавыя даныя: у 2013-­м годзе на Ушаччыне шчыльнасць насельніцтва складала 10 чалавек на 1 квадратны кіламетр, у той час як у Віцебску 2907 чалавек. Самая ж вялікая шчыльнасць аказваецца нават не ў абласным цэнтры, а ў Оршы, дзе гэты паказчык складае 2998 чалавек на 1 квадратны кіламетр, а вось на Расоншчыне ўсяго 5 чалавек. На пачатак 2015 года на Ушаччыне пражывала 13969 чалавек, з іх 6036 – у гарадскім пасёлку.

Гэтай і іншай інфармацыяй па ўсіх сферах дзейнасці валодаюць органы статыстыкі. Пра многія цікавыя факты, гісторыю статыстыкі і для чаго яна патрэбна мелі магчымасць даведацца, як кажуць, з першых вуснаў адзінаццацікласнікі Ушацкай школы ў Сусветны дзень статыстыкі, які адзначаўся на мінулым тыдні. Акрамя гэтага, начальнік раённага аддзела статыстыкі Святлана Пятроўна Ядрэўская расказала вучням, што шмат пазнавальнага і патрэбнага для іх маецца і на сайце нацыянальнага статыстычнага камітэта belstat.gov.by у раздзеле “Статыстыка для школьнікаў”. Якое месца па памеры тэрыторыі Беларусь займае ў свеце і Еўропе, у якой вобласці больш пасёлкаў гарадскога тыпу і аграгарадкоў, меркаванне бацькоў аб здароўі дзяцей, як мянялася колькасць насельніцтва за апошнія гады, якіх тавараў сталі выпускаць больш і менш, які раён Беларусі самы густанаселены. Кожны зможа знайсці для сябе там шмат карыснай інфармацыі на самыя разнастайныя тэмы.

Хоць органы статыстыкі і статыстыка як асобная навука існуюць даўно, аднак рашэнне аб зацвярджэнні Сусветнага дня статыстыкі было прынята толькі ў 2010-­м на 41­-й статыстычнай камісіі ААН у Нью­-Ёрку. Абумоўлена гэта было неабходнасцю прыцягнення ўвагі да важнай работы, якую выконваюць супрацоўнікі статыстычных устаноў, аналізуючы “ўчора” і “сёння”. Вырашана святкаваць дзень статыстыкі кожныя пяць гадоў. Першае свята прайшло 20 кастрычніка 2010 года, сёлета ў гэты ж дзень у больш чым 100 краінах свету пад дэвізам “Павышэнне якасці даных, павышэнне якасці жыцця” адзначылі свята ў другі раз. Шматлікія мерапрыемствы ў рамках гэтага дня прайшлі ва ўсіх гарадах Беларусі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *