5 июня — День защиты окружающей среды

Экология

Прыродным раем называюць наш край тыя, хто пабываў тут упершыню. Ды і мы, жыхары Ушаччыны, усведамляем, у якіх цудоўных жывапісных мясцінах нам пашчасціла жыць. Разумеем і тое, як важна, каб гэты каштоўны скарб перайшоў у спадчыну наступным пакаленням.

Адна з найпершых задач раённых эколагаў – ахова багатых водных рэсурсаў і захаванне чысціні паветра Ушаччыны. З гэтай мэтай пастаянна кантралюецца дзейнасць сельскагаспадарчых аб’ектаў, у тым ліку размешчаных у водаахоўных зонах – з пачатку года абследавана 56 такіх тэрыторый. У ходзе праверак выяўляюцца парушэнні, даецца пэўны тэрмін на іх ухіленне.

Галоўнай воднай артэрыяй раёна з’яўляецца рака Ушача, на чысціню вод якой істотна ўплывае дзейнасць ачышчальных збудаванняў гарпасёлка. Як паказвае аналіз проб вады, які рэгулярна робіць Наваполацкая лабараторыя аналітычнага кантролю, рэканструяваныя збудаванні надзейна выконваюць сваю функцыю. Не было ў апошні час зафіксавана і перавышэння нарміраваных значэнняў у замерах выкідаў у паветра кацельняў.

У апошнія гады і асабліва сёлета, у Год культуры, вельмі актуальнай задачай з’яўляецца навядзенне парадку на зямлі. Работнікі інспекцыі правялі сёлета 186 абследаванняў розных аб’ектаў, падчас якіх было выяўлена 61 парушэнне, выдадзена 34 прадпісанні, лісты і рэкамендацыі, складзена адміністрацыйных пратаколаў на агульную суму 12 мільёнаў рублёў.

У раёне вядзецца пастаянная работа па ліквідаванні стыхійных сметнікаў – з пачатку года па раёне іх убрана каля 130. Асабліва хочацца адзначыць вялікую работу Ушацкага сельсавета, дзе было ліквідавана 50 сметнікаў, ды і ўвогуле тутэйшыя населеныя пункты відавочна папрыгажэлі падчас падрыхтоўкі да святкавання Дня Перамогі. Сістэмнай можна назваць гэтую дзейнасць у Вялікадолецкім сельсавеце, няблага яна пастаўлена і ў іншых. Шмат стыхійных звалак было ўбрана падчас правядзення экалагічных акцый “Чысты лес” і “Зробім!”.

Злабадзённым з’яўляецца пытанне навядзення парадку на сельскіх мініпалігонах. УП ЖКГ многае робіць для падтрымання іх у належным стане, аднак шэраг аб’ектыўных прычын не дазваляе выконваць усе мерапрыемствы адпаведна ўстаноўленым патрабаванням. Дадае праблем і незахаванне нормаў заканадаўства прадпрыемствамі і грамадзянамі, якія зачастую вывозяць на вясковыя палігоны смецце, што не павінна тут захоўвацца, выкідваюць яго па ўсім наваколлі. У прыватнасці, ёсць нараканні на стан мініпалігона ў Двор Пліна, дзе часта ўзнікаюць пажары, няма парадку на палігоне ў Глыбачцы, некаторых іншых аб’ектах.

Асаблівым “галаўным болем” для нашага раёна з’яўляецца праблема распаўсюджвання баршчэўніку Сасноўскага. Трэба канстатаваць, што сёлета работа па яго знішчэнні праводзіцца даволі марудна. Вясной інспекцыя як заўсёды праводзіла абследаванні месцаў росту пустазелля, па выніках якіх землекарыстальнікам былі накіраваны рэкамендацыі. Аднак практычна ўсе яны не прынялі належных мер па арганізацыі гэтай работы. У выніку з пачатку года ў раёне ачышчана ад баршчэўніку толькі 74 гектары плошчаў. За неналежнае выкананне работ па барацьбе са шкоднай раслінай дзве пасадныя асобы сельгаспрадпрыемстваў раёна прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, і хочацца падкрэсліць, што кантроль па гэтым пытанні будзе неаслабны.

Мы хочам жыць у дастойных умовах, ганарыцца прыгажосцю сваёй зямлі, але іншы раз чакаем, пакуль нехта прыйдзе і навядзе парадак побач з нашым домам. Але ж скасіць пустазелле, прыбраць сметнік, занесці ў кантэйнер ці на прыёмны пункт старую паперу і шкло – усё гэта цалкам па плячы кожнаму дзеяздольнаму чалавеку. На жаль, некаторыя людзі бачаць у прыродаахоўнай службе толькі прымусовы орган, які выпісвае штрафы. Але ж мы, эколагі, маем з жыхарамі краіны агульную мэту і робім адну глабальную справу, дык давайце ж будаваць адносіны не на пагрозе пакарання, а на прынцыпах партнёрства і ўзаемаразумення.

Н.КРАХОТКА, галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *