С полезного корма в агрессивного врага. Ушаччина является самым загрязнённым районе в стране зарослями борщевика

Экология

Маштаб праблемы

Вельмі шмат прыгожых месцаў на Ушаччыне, але нібыта бруднымі плямамі псуюць блакітна-зялёную карту нашага раёна калоніі баршчэўніку. Завезеная ў 60-х гадах у якасці кармавой культуры расліна спачатку была пасеяна на 10 гектарах, а неўзабаве ўжо вырошчвалася на трохстах – у выніку Ушацкі раён зараз з’яўляецца самым забруджаным у краіне.

Па апошніх даных, у Беларусі баршчэўнік Сасноўскага расце на 2815 гектарах, больш 2000 з іх знаходзяцца на Віцебшчыне, а палова забруджаных плошчаў рэгіёна прыпадае на Ушацкі раён. Як бачна, сітуацыю інакш як крытычнай не назавеш. Ацаніць маштаб экалагічнай праблемы і намеціць шляхі яе вырашэння імкнуліся на мінулым тыдні ўдзельнікі сумеснай нарады калегіі землеўпарадкавальнай службы Віцебскага аблвыканкама і Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, месцам правядзення якой былі абраны Ушачы.

Парады навукоўцаў і практыкаў

У супрацьстаянні з такім сур’ёзным “біялагічным праціўнікам” трэба быць узброеным тэарэтычнымі навыкамі, а таму на мерапрыемства быў запрошаны прадстаўнік Нацыянальнай акадэміі навук Л.С.Чумакоў, які не адзін год займаецца вывучэннем праблемы распаўсюджання баршчэўніку. Праводзіў ён даследаванні і ў нашым раёне. “Да работы па знішчэнні пустазелля трэба падыхо­дзіць комплексна і рацыянальна, – падкрэсліў навукоўца. – Да прыкладу, два гады таму тэрыторыя ў раёне Мосара была апрацавана гербіцыдамі, аднак ужо на наступнае лета тут зноў забуяў баршчэўнік. Атрымалася, што грошы на нятанныя прэпараты былі патрачаны дарэмна. А ўсё таму, што пасля прымянення хіміі поле варта было пераараць, а ў ідэале – засеяць злакамі, тады эфект быў бы стопрацэнтны. Зразумела, што гэта патрабуе сродкаў, але ж выдаткі на паўторную хімапрацоўку палеткаў таксама немалыя”. Увогуле ж хімічны метад, які лічыцца самым радыкальным, варта прымяняць на першым этапе росту або пасля падкосу расліны, а таму больш універсальнымі з’яўляюцца механічныя спосабы – скошванне, дыскаванне, пераворванне. А вось ідэю выкарыстання забруджаных палеткаў у якасці пашаў для жывёлы кандыдат біялагічных навук не адобрыў: па меркаванні вучоных, атрыманае пасля ўжывання баршчэўніку малако кароў можа быць шкодным для чалавека. Аднак для корму авечак маладую расліну выкарыстоўваць можна.

Адна з галоўных праблем у арганізацыі работ па знішчэнні пустазелля на грамадскіх тэрыторыях – адсутнасць кадраў, спецыяльнай тэхнікі і сродкаў аховы. З гэтым, у прыватнасці, сутыкаюцца старшыні сельвыканкамаў, якім часта няма да каго звярнуцца па дапамогу. Мясцовыя сельгаспрадпрыемствы, лясніцтвы, канечне, ідуць насустрач, аднак і ім самім даведзены планы па ачыстцы тэрыторый. Добрым выйсцем з сітуацыі маглі б стаць спецыялізаваныя прадпрыемствы ці брыгады, якія б займаліся гэтай работай. Падобны вопыт практыкуецца ў Варонаўскім сельсавеце Віцебскага раёна – пра гэта расказаў яго старшыня Ю.В.Осіпаў. Створанае тут прадпрыемства “Варонысэрвіс”, у якім працуе 8 чалавек, мае на сваім узбраенні трактар, апырсквальнік, спецыяльную экіпіроўку для работнікаў і выконвае заказы як юрыдычных асоб, так і прыватнікаў. Яно працуе эфектыўна і з’яўляецца рэнтабельным. Думаецца, што стварэнне падобнага прадпрыемства на Ушаччыне было б надзвычай актуальным.

Зроблена многа, але недастаткова

Намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Вітальевіч Аскерка, які старшынстваваў на нарадзе, пагадзіўся, што ўласнымі сіламі нашаму раёну з праблемай не справіцца, і паабяцаў дзейсную дапамогу з боку вобласці. Але ж, канечне, найперш за стан сваёй зямлі ў адказе мы самі. І варта адзначыць, што сёлета работа па абмежаванні распаўсюджання шкоднай расліны актывізавалася. Пра гэта сведчаць і лічбы, якія прывёў начальнік Ушацкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя М.А.Шук: калі летась напрыканцы мая па раёне было скошана каля 30 гектараў, а хімічным спосабам апрацавана ўсяго каля 4-х, то на адпаведны перыяд гэтага года скошана 40, куды больш інтэнсіўна вядзецца хімічная апрацоўка (больш 120 га) – найперш дзякуючы таму, што да пачатку сезона былі набыты і размеркаваны па арганізацыях прэпараты. Асабліва хочацца адзначыць работу Ушацкага ПМС, якое ўжо апрацавала 75 гектараў забруджаных плошчаў, датэрмінова выканаўшы план. Уключыліся ў работу і сельвыканкамы: лідарам тут з’яўляецца Вялікадолецкі. Да слова, планы па знішчэнні баршчэўніку даведзены таксама камунгасаўцам, энергетыкам, дарожнікам, сельгаспрадпрыемствам, арандатарам вадаёмаў.

У цяперашні час, пакуль расліна яшчэ не набрала моц, работы павінны весціся асабліва інтэнсіўна. Кіраўніцтвам раёна пастаўлена задача да 9 чэрвеня знішчыць пустазелле ля дарог, а да 19-га – правесці “першы ўкос” шкоднай расліны на іншых плошчах. Двойчы на тыдні ўсе “барацьбіты з зялёным агрэсарам” дакладваюць пра зробленае. Адпаведна ўчорашняй аператыўнай зводцы, па раёне баршчэўнік скошаны на тэрыторыі 70,1, хімічным спосабам апрацавана 124,5 гектара. Аднак відавочна, што работы наперадзе яшчэ вельмі шмат, бо нават прыведзеныя немалыя лічбы складаюць усяго 19,2 працэнта ад агульнай колькасці забруджаных тэрыторый. Далучыцца да справы павінны літаральна ўсе землекарыстальнікі, у тым ліку і гаспадары прыватных сядзіб. Толькі так мы зможам змяніць сітуацыю.

* * *

У час нарады былі абмеркаваны і іншыя актуальныя пытанні. У прыватнасці, аналізавалася выкананне мерапрыемстваў па навядзенні парадку ля аўтадарог і на землях населеных пунктаў, па зносе пустуючых і трухлявых дамоў.

Удзельнікі нарады наведалі шэраг аб’ектаў Ушаччыны – ацанілі зробленае па добраўпарадкаванні райцэнтра, пазнаёміліся з дзейнасцю ААТ “Твестуба-ПРО”, пабывалі ў аграсядзібе “Мікалаеўскі пасад” і ў пітомніку лясгаса



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *