Главная забота — земля. Ушачские мелиораторы работают не только на территории своего района, но и за его пределами

К профессиональному празднику

У сучасных рэаліях назваць работнікаў Ушацкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм проста меліяратарамі наўрад ці будзе правільным, бо яны выконваюць работы па мностве іншых напрамкаў. Але, па словах дырэктара арганізацыі Васіля Станіслававіча Спірчонка, праца на зямлі – важнейшая задача калектыву. Цяжка пераацаніць яго ўклад у павышэнне ўрадлівасці зямель, атрыманне больш важкіх ураджаяў сельскагаспадарчых культур. Прычым, нашы меліяратары выйграюць тэндары і паспяхова працуюць за межамі раёна. Пра вытворчыя будні арганізацыі, яе здабыткі і праблемы напярэдадні прафесійнага свята меліяратараў наша гутарка з кіраўніком прадпрыемства.

– Васіль Станіслававіч, які след сёлета пакінуць працаўнікі арганізацыі ў родных мясцінах?

– Меліяраваныя палі трэба падтрымліваць у належным стане: ачышчаць ад заілення і абкошваць каналы, рамантаваць гідратэхнічныя збудаванні, выконваць іншыя работы. Працуем над завяршэннем рэканструкцыі сістэмы меліярацыі на землях КУСГП “Арэхаўна” – з пашырэннем плошчы, контурнасці палёў. Дзякуючы гэтаму скарачаюцца тэрміны выканання сельскагаспадарчых работ, з’яўляецца больш магчымасцей для эфектыўнага выкарыстання энерганасычанай тэхнікі. Па­ранейшаму цесна ўзаемадзейнічаем з усімі сельгаспрадпрыемствамі. У мінулым годзе ў гаспадарках раёна выканана работ на суму звыш мільярда рублёў. Традыцыйна наша тэхніка задзейнічана на вывазцы арганікі, бульдозеры і экскаватары – на навядзенні парадку ля жывёлагадоўчых і вытворчых аб’ектаў. Работнікі прадпрыемства працуюць на ўзворванні, касавіцы, добраўпарадкаванні тэрыторый гаспадарак.

– Ёсць і іншыя, хоць і няпрофільныя, але знакавыя аб’екты…

– Сапраўды, яны на віду. Значныя аб’ёмы выканалі па добраўпарадкаванні тэрыторыі ля мемарыяльнага комплексу “Прарыў”. Пасля дэмантажу старога пакрыцця рыхтуем аснову і вядзём укладку пліткі на цэнтральнай плошчы гарпасёлка, для чаго прыцягваем дадатковых работнікаў. Тут свае складанасці – на вока не бачна, але перапад вышынь у розных частках пляцоўкі складае больш метра.

– Ведаю, што для жыццядзейнасці прадпрыемства шукаеце дадатковыя крыніцы даходаў і за межамі раёна.

– Гэты год не толькі для нас складваецца няпроста, аднак пакуль калектыў забяспечаны аб’ёмамі, да 96 чалавек у летні сезон вырасла і колькасць работнікаў. Яшчэ адзін аб’ект меліярацыі – рэканструкцыя 115 гектараў на землях УП “Палімір-Агра” ў Полацкім раёне ва ўрочышчы “Пашкі”.

– Чаму не мясцовае прадпрыемства меліярацыйных сістэм?

– У нашай справе недастаткова мець спецтэхніку і жаданне працаваць. Існуючая строгая сістэма кантролю якасці прадугледжвае наяўнасць высокакваліфікаваных кадраў, абавязковую сертыфікацыю кожнага віду дзейнасці, чаго не хапае ў Полацкага ПМС. Мы ж, акрамя меліярацыйных работ, маем дзяржаўныя сертыфікаты і атэстацыю на стварэнне дарожных пакрыццяў, на мантаж вонкавых сетак сістэм каналізацыі і водаправодаў, можам выканаць антыкаразійнае пакрыццё, займаемся ўстаноўкай зборных жалезабетонных канструкцый і шмат чаго іншага. Нашы людзі абучаны розным відам работ. Дзякуючы гэтаму знаходзім падрады і на ААТ “Нафтан”.

– Але ж гэта высокатэхналагічная вытворчасць, хапае кваліфікацыі вашым работнікам там працаваць?

– Мы не займаемся мантажом спецыяльнага абсталявання, а выконваем тое, што ўмеем: земляныя, бетонныя і агульнабудаўнічыя работы. Хаця і да іх патрабаванні па якасці і культуры вытворчасці вялікія. Таму стараемся, бо заказчык своечасова разлічваецца за выкананыя аб’ёмы, а гэта зараз асабліва цэніцца. Наогул за мінулы год па ўсіх відах падрадных работ выкананы аб’ём амаль на 14 мільярдаў рублёў. Выручка ад рэалізацыі работ, паслуг склала 17,3 мільярда. На аднаго работніка атрымана выручкі амаль 200 мільёнаў рублёў, а сярэдняя заработная плата па прадпрыемстве склала 4691 тысячу рублёў.

– Кадравы патэнцыял свайго прадпрыемства Вы ацанілі даволі высока. Адзначце работнікаў, на якіх раўняюцца астатнія.

– Прыемна, што іх праца заўважана не толькі на раённым узроўні. Па выніках работы за мінулы год лепшым звяном шматкаўшовага экскаватара па ўсёй сістэме КУП “Віцебскмеліявадгас” прызнана наша, у склад якога ўвайшлі экскаватаршчык Васіль Васільевіч Пугач, памочнік экскаватаршчыка Дзяніс Мікалаевіч Мяжуй, замершчык Іван Іванавіч Шамшура і мантажнікі вонкавага трубапровада Генадзь Анатольевіч Камаркоў і Уладзімір Аляксеевіч Лявонцьеў. Работы яны выконвалі пад кіраўніцтвам маладога старшага майстра Яўгена Бурылава і прараба Уладзіміра Віктаравіча Напрыенкі. Заўсёды разлічваю на кампетэнтнасць і падтрымку не толькі гэтых, але і іншых спецыялістаў – галоўнага інжынера Мікалая Леанідавіча Фядосенкі, начальніка вытворча­тэхнічнага аддзела Вольгі Пятроўны Шэўчанкі, прараба Юрыя Анатольевіча Сазанкова, маладога старшага майстра Дзмітрыя Дразда. Акрамя іх, падзякі прадпрыемства за значны ўклад у агульныя справы аб’яўлены вадзіцелю і машыністу аўтакрана Алегу Васільевічу Гіраўку, маладому вадзіцелю па перавозцы людзей Валерыю Коўшалю, ад прафкама каштоўнымі падарункамі будуць узнагароджаны машыніст экскаватара Сяргей Аляксандравіч Спірыдовіч і інжынер вытворча­тэхнічнага аддзела Галіна Васільеўна Баратынская. Зрэшты, удзячнасці і добрых слоў заслужылі большасць работнікаў, якія да прафесійнага свята атрымаюць матэрыяльную дапамогу, як і 10 ветэранаў­-пенсіянераў, 11 Ганаровых ветэранаў прадпрыемства. У снежні бягучага года такое званне атрымае і Віктар Сямёнавіч Аўтух, трактарыст, які бездакорна працуе ў меліярацыі з 1986 года – сёлета яго прозвішча занесена на Дошку гонару КУП “Віцебскмеліявадгас”, а Ганаровымі граматамі абласнога галіновага прадпрыемства ўзнагароджаны галоўны механік Рыгор Міхайлавіч Голуб і інжынер па ахове працы Пётр Яўгенавіч Дзюкараў. Нашым працаўнікам уласцівы прафесіяналізм, добрасумленнасць і ўменне пераадольваць цяжкасці. Віншую ўвесь калектыў з прафесійным святам, зычу работнікам прадпрыемства моцнага здароўя і дабрабыту і ўпэўнены, што наша Ушацкае ПМС яшчэ нямала зробіць па добраўпарадкаванні палеткаў, на будаўніцтве і навядзенні парадку на прамысловых і сацыяльных аб’ектах раёна.

Гутарыў Д.Раманоўскі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *