В этом сезоне 14 ушачан обратились за медицинской помощью после укусов клещей

Здравоохранение

Лета – выдатная пара, якая дае магчымасць далучыцца да прыроды, часцей бываць у лесе, хадзіць у паходы, падарожнічаць. Аднак разам з усімі плюсамі, якія атрымлівае ад гэтага чалавек, існуе і пэўная небяспека: часта яна зыходзіць ад, здавалася б, зусім бяскрыўдных істот. Як правіла, на іх мы рэдка звяртаем увагу, між тым трэба ведаць пра сюрпрызы, якія яны могуць паднесці. Адным з такіх, што непасрэдна можа паўплываць на наша здароўе, з’яўляецца клешч. Як засцерагчыся ад яго, расказвае інструктар­валеолаг Ушацкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ала Васільеўна Нікіценка:

– На працягу ўсяго цёплага перыяду, пачынаючы з вясны, узрастае актыўнасць кляшчоў. Гэтыя маленькія насякомыя могуць стаць прычынай значных праблем са здароўем. Пры ўкусе яны могуць заразіць чалавека клешчавым энцэфалітам або Лайм­барэліёзам – інфекцыйнымі захворваннямі, якія паражаюць цэнтральную нервовую і сардэчна­сасудзістую сістэму, апорна­рухальны апарат, скуру.

Пакусаць чалавека клешч можа падчас знаходжання ў лясных зонах, пры паездках за горад, прагулках па лесе, пры рабоце на прысядзібным участку. Гэтыя насякомыя могуць трапіць у нашы дамы і кватэры з букетамі палявых кветак, венікамі. Часта іх пераносчыкамі з’яўляюцца дамашнія жывёлы.

– Якія меры засцярогі трэба прымаць, адпраўляючыся ў лес?

– Паклапаціцеся аб прафілактычных мерах. Апранайцеся такім чынам, каб зменшыць магчымасць пранікнення кляшчоў пад адзенне. Штаны запраўце ў шкарпэткі са шчыльнай гумкай, боты, а верхнюю частку – у штаны. Лепш, каб манжэткі рукавоў шчыльна прылягалі да рукі, а валасы былі запраўлены пад хустку ці шапку. Выкарыстоўвайце акарыцыдна­рэпелентныя сродкі, якія наносяцца на адзенне і адкрытыя ўчасткі цела. Рэгулярна праводзьце сама­ і ўзаемаагляды, а пасля вяртання з лесу ўважліва праверце цела і адзенне.

– Што трэба рабіць, калі чалавек выявіў на целе гэтага паразіта?

– Пастарацца як мага хутчэй ад яго пазбавіцца. Для гэтага пасля дэзінфекцыі ў месцы ўкусу трэба падчапіць кляшча стэрыльнай іголкай ад аднаразовага шпрыца, выдаліць як звычайную стрэмку, а пасля апрацаваць ёдам і заклеіць ранку. Можна выкарыстаць і іншы спосаб: накінуць на галаўную частку кляшча пятлю з ніткі і акуратна (каб не адарваць хабаток) разгойдваючы, вырваць са скуры. Пры выдаленні кляшча нельга выкарыстоўваць масла, тлусты крэм, вазелін: яны закрываюць дыхальныя адтуліны насякомага і правакуюць дадатковы выкід узбуджальнікаў у кроў чалавека.

Ні ў якім разе не расціскайце кляшча: пры гэтым можна заразіцца, асабліва калі на руках ёсць ранкі. Пры выпадковым расцісканні насякомага неадкладна вымыйце рукі з мылам.

І ўсё ж лепш за ўсё для выдалення кляшча звяртацца ў лячэбную ўстанову, дзе спецыялісты зробяць гэта якасна і прафесійна, акрамя таго, дадуць кансультацыю па далейшых дзеяннях.

– Лабараторныя даследаванні кляшчоў на наяўнасць хваробы Лайма ці клешчавага энцэфаліту праводзяцца на платнай аснове?

– Насякомых, знятых з асоб, якія маюць супрацьпаказанні да прафілактычнага лячэння (цяжарных жанчын, кормячых матуль) ці індывідуальную непераноснасць да антыбіётыкаў, праводзяць у спецыяльных лабараторыях па накіраванні ўстаноў аховы здароўя за кошт сродкаў бюджэту. Іншым жа катэгорыям грамадзян зняты клешч выдаецца для магчымасці даследавання ў прыватным парадку на платнай аснове пры самастойнай дастаўцы ў лабараторыі цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі.

Вядома, не ўсе кляшчы з’яўляюцца пераносчыкамі інфекцыі. Аднак калі вас укусіла гэтае насякомае, лепш пракансультавацца ва ўрача.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

За вясенні перыяд і пачатак лета бягучага года ва Ушацкім раёне за медыцынскай дапамогай з прычыны ўкусаў кляшчоў звярнулася 14 чалавек, у тым ліку 3 дзяцей.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *