В Беларуси началась вакцинация детей от COVID-19. Как она будет проходить в Ушачском районе?

Здравоохранение

На бягучым тыдні – 27 снежня – у Беларусі пачалася вакцынацыя дзяцей супраць COVID-19. Пра тое, як яна будзе праходзіць, каму асабліва патрэбна прышчэпка, расказвае галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ушацкага раёна Павел Аляксандравіч САЎЧАНКА:

– Першапачаткова плануецца сфарміраваць абарону ад каранавіруснай інфекцыі сярод хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце 12-17 гадоў, якія часцей за іншых уключаюцца ў эпідэмічны працэс. У структуры дзіцячай захваральнасці на долю адзначанай катэгорыі прыпадае больш за 41 працэнт. Прычым, хвароба можа працякаць цяжка са шпіталізацыяй. Акрамя таго, дзеці становяцца крыніцай інфекцыі для акружаючых дарослых.

Вакцынацыя будзе прапанавана ўсім бацькам. Але ў першую чаргу мэтазгодна зрабіць прафілактычныя прышчэпкі асабліва ўразлівым катэгорыям дзяцей: тым, якія маюць імунадэфіцытныя станы рознага характару, парушэнні абмену рэчываў (атлусценне), хранічныя захворванні (неўралагічныя, нервава-мышачныя, паталогіі сардэчна-сасудзістай, дыхальнай сістэм і інш.). Хлопчыкам і дзяўчынкам, якія перахварэлі на каранавірус, таксама мэтазгодна прайсці курс вакцынацыі, але не раней чым праз 6 месяцаў пасля выздараўлення. Таксама рэкамендуецца прышчапіць дзяцей, якія цесна кантактуюць з асобамі, для якіх вакцынацыя ў цяперашні час недаступная па ўзросце ці з улікам наяўнасці супрацьпаказанняў.

Паклапаціцца пра абарону ад каранавіруса, цяжкага яго цячэння па-ранейшаму могуць і дарослыя. Ва Ушацкай ЦРБ для імунізацыі насельніцтва ёсць усё неабходнае. На мінулым тыдні паступіла чарговая партыя вакцыны “Спутнік-Лайт” – 620 доз.

Для імунізацыі будзе выкарыстоўвацца вакцына супраць SARS-CoV-2 (клеткі Vero), якая выпускаецца Пекінскім інстытутам біялагічных прэпаратаў. У Беларусі ўжо назапашаны вопыт яе прымянення ў дарослых. З 7 мая 2021 года яна ўключана Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя ў рэестр сродкаў для выкарыстання ў надзвычайных сітуацыях.

Перад імунізацыяй, наладжанай у арганізацыях аховы здароўя, а таксама выязнымі брыгадамі ў медыцынскіх кабінетах устаноў адукацыі, будзе афармляцца згода бацькоў (законных прадстаўнікоў), а таксама абавязкова праводзіцца клінічны агляд дзіцяці ўрачом-спецыялістам.

Даведка:

  • Прыгаданая вакцына створана на аснове інактываванага суцэльнага віруса, нежывая, змяшчае гідраксід алюмінія для ўзмацнення імуннага адказу арганізму. Курс вакцынацыі складаецца з 2 доз, якія ўводзяцца з інтэрвалам у 21-28 дзён. Дарэчы, невялікая затрымка дапускаецца.
  • Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, вакцына прадэманстравала дастатковую эфектыўнасць у папярэджанні каранавіруса, шпіталізацыі, пачынаючы з 14 дня пасля ўвядзення другой дозы.
  • Адмовіцца ад прышчэпкі варта пры наяўнасці ў анамнезе анафілактычнай рэакцыі на любы кампанент вакцыны. Адкласці яе мэтазгодна да выздараўлення пры любым вострым захворванні (ліхаманкавым стане) або абвастрэнні хранічнага.
  • Вакцынацыю ад COVID-19 дзецям ужо праводзяць у Вялікабрытаніі, ЗША, краінах ЕС, Украіне, КНР і некаторых іншых.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *