21 июля — День профилактики стоматологических заболеваний. Всё о зубах — в нашем материале

Здравоохранение

БЕРАЖЫ ЗУБЫ ЗМАЛКУ

Шмат непрыемнасцяў прыносяць дзецям зубасківічныя дэфармацыі: няправільнае размяшчэнне асобных зубоў ці зубных радоў, дэфармацыі прыкусу. Па статыстыцы, такія парушэнні ўзнікаюць у сярэднім у траіх з чатырох дзяцей. Саромеючыся іх, малыя нярэдка замыкаюцца ў сабе, менш гуляюць з аднагодкамі, адстаюць у вучобе.

Пачынаць клапаціцца пра здаровыя зубы дзіцяці трэба яшчэ да яго нараджэння, паколькі ўжо на сёмым тыдні ўнутрывантробнага развіцця закладваюцца зародкі малочных зубоў, а на сямнаццатым – пастаянных. Інтэнсіўная мінералізацыя малочных зубоў (ацвярдзенне падчас адкладання ў іх кальцыю) адбываецца на сёмым­дзявятым месяцы цяжарнасці. Пастаянныя ж зубы мініралізуюцца, знаходзячыся ў тоўшчы сківіц, на працягу першых трох гадоў пасля нараджэння дзіцяці. Вось чаму будучым мамам і мамам з малышамі варта часцей бываць на свежым паветры, захоўваць рэжым харчавання. Ежа павінна быць разнастайнай, утрымліваць больш агародніны і садавіны, жывёльных і раслінных бялкоў. Менавіта паўнацэнны бялок стварае матрыцу, куды пранікаюць мінералы (фосфар, кальцый). Сыр, тварог, малако, рыба, ялавічына, агародніна, садавіна – вось асноўны будаўнічы матэрыял.

Для здароўя малыша і правільнага фарміравання яго зубасківічнай сістэмы важным з’яўляецца натуральнае кармленне. Чым даўжэй дзіця ўжывае матчына малако, тым меншая ў яго верагоднасць звярнуцца ў будучым да стаматолага з нагоды дэфармацый. Справа ў тым, што матчына малако – ідэальны прадукт для здароўя зубоў дзіцяці, а сам працэс кармлення грудзьмі – магутны фактар трэніроўкі мускулатуры тваравага шкілета.

Калі ж дзіця выкормліваецца штучна, то вельмі важна, каб ён пры кармленні з соскі працаваў языком, вуснамі, рухаў ніжняй сківіцай – затрачваў намаганні на атрыманне ежы. Соска пры гэтым павінна быць пругкай, адтуліна ў ёй – невялікай, а бутэлечка пры кармленні не павінна давіць на ніжнюю сківіцу.

Не злоўжывайце пустышкай! Калі дзіця доўга трымае яе ў роце, перыядычна пасмоктваючы, то вельмі хутка да гэтага прывыкае. Запозненае адлучэнне ад пустышкі прыводзіць да таго, што дзіця знаходзіць ёй замену – смокча палец, язык, вусны, край прасціны ці падушкі. Менавіта так з’яўляецца адна з самых распаўсюджаных шкодных звычак у дзяцей, якая прыводзіць да развіцця адкрытага прыкусу, парушэння росту сківіц, дэфармацыі зубнога рада.

Недастатковае жаванне – таксама адна з прычын зубасківічных дэфармацый. Разжоўванне ежы – своеасаблівая гімнастыка. Морква, яблыкі, рэпа, сухары, сушкі, ствараючы нагрузку, трэніруюць жавальны апарат, спрыяючы правільнаму росту і развіццю.

Вельмі важна сачыць за правільным размяшчэннем галавы дзіцяці. Нованароджаных пажадана ўкладваць спаць без падушкі. Калі падгалоўе высокае, то ніжняя сківіца, упіраючыся ў грудзі, будзе ссоўвацца наперад, што прывядзе да дэфармацыі. І наадварот, калі дзіця спіць з задранай галавой, то мышцы адцягваюць ніжнюю сківіцу назад – у выніку малыш спіць з адкрытым ротам, чаго трэба пазбягаць.

Вашаму дзіцяці 4­5 месяцаў? Прывучайце яго да кармлення з лыжачкі. Калі малыш галодны, ён будзе высоўваць ніжнюю сківіцу і здымаць ежу вуснамі. Не ўводзьце лыжку ў рот, а падносьце яе да вуснаў – гэта прымусіць дзіця выцягваць губкі і тым самым трэніраваць мышцы і сківіцы.

Сачыце, каб дыханне малога было свабоднае, праз нос. Частыя насмаркі, катары, наяўнасць адэноідаў абцяжарваюць насавое дыханне і прымушаюць дзіця дыхаць праз рот. А калі той увесь час адкрыты, ёсць рызыка развіцця запаленчых захворванняў бронхаў, парушэнняў у развіцці сківіц, дэфармацыі тваравага шкілета.

Абавязкова пакажыце дзіця стаматолагу! Кароткія ўздзечкі языка і вуснаў, звышкамплектныя і хворыя зубы, парушэнне іх сціральнасці, заўчаснае выдаленне малочных нялечаных зубоў ускладняюць малому прыём ежы, вядуць да вымушанага размяшчэння сківіц і паступовага з’яўлення зубасківічных дэфармацый. І памятайце: апошнія фарміруюцца з месяца ў месяц, а вылечваюцца гадамі.

Ж.РЫБЧЫНСКАЯ, зубны фельчар Ушацкай ЦРБ.


ПАСТА ДЛЯ ЎСЁЙ СЯМ’І

Як часта мы задумваемся, якой пастай чысцім зубы? Большасць з нас сур’езна не задаецца гэтай праблемай, кіруецца парадамі рэкламы і купляе так званыя “сямейныя” варыянты вядомых марак. Між тым, калі казаць аб правільным доглядзе за зубамі і поласцю роту, гэта не зусім правільна. Падбіраючы зубную пасту для ўсіх членаў сям’і, неабходна кіравацца наступнымі крытэрыямі.

Паста для штодзённага выкарыстання павінна быць гігіенічнай або лячэбна­прафілактычнай (не лячэбнай!). Першая прызначана толькі для ачышчэння зубоў і нейтралізацыі непрыемнага паху. Другая дадаткова ўтрымлівае спецыяльныя дабаўкі: экстракты лекавых раслін, солі, мікраэлементы, вітаміны. У залежнасці ад спалучэння кампанентаў такая паста служыць для прафілактыкі, а часам і лячэння самых распаўсюджаных захворванняў зубоў і слізістай абалонкі роту, умацоўвае зубы і дзёсны, насычае іх карыснымі рэчывамі.

Пры выбары зубной пасты звярніце ўвагу на яе склад. У прыватнасці, на тое, якое рэчыва служыць абразівам – асноўным ачышчальным рэчывам – і яго ступень уздзеяння. У якасці абразіва вытворцы часцей выкарыстоўваюць карбанат кальцыю (мел) і больш дарагі крэмній. Важную ролю адыгрывае ступень абразіўнасці (RDA): чым яна вышэйшая, тым больш эфектыўнай будзе чыстка зубоў. Аднак перабольшваць не варта, паколькі ачышчальныя часціцы псуюць зубную эмаль. Аптымальная ступень абразіўнасці складае ад 25 да 80 RDA, у залежнасці ад адчувальнасці зубоў.

Паглядзіце, ці ўтрымлівае паста фтор. Гэты элемент з’яўляецца самым распаўсюджаным з тых, што выкарыстоўваюцца для барацьбы з карыесам. У той жа час, некаторыя злучэнні фтору – таксічныя, а перанасычэнне арганізма гэтым элементам – небяспечнае. Дарослая зубная паста не павінна ўтрымліваць больш за 150 мг фтору на 100 г.

Неабходна памятаць, што дзецям да 12 гадоў лепш карыстацца спецыяльнай дзіцячай пастай. Выключэнні могуць складаць толькі некаторыя віды гігіенічных зубных паст, але не раней, чым з 6 гадоў.

Адбельваючыя пасты, нягледзячы на іх шырокую рэкламу, таксама варта выкарыстоўваць з асцярожнасцю. Справа ў тым, што эфект адбельвання зубоў звычайна дасягаецца праз павелічэнне абразіўнасці пасты або дабаўленне ў яе склад кампанентаў, якія хімічна асвятляюць эмаль. І тое, і другое неспрыяльна ўплывае на зубы і дзёсны, аслабляючы іх. Таму такімі пастамі можна карыстацца не часцей 2­3 разоў у тыдзень.

І апошняе, залатое правіла пры выбары зубной пасты: любы, нават самы добры, падыходзячы па ўсіх параметрах сродак трэба перыядычна мяняць.

На шляху да здаровай усмешкі

Тэрмін “карыес” у перакладзе з лацінскай мовы азначае “гніенне” і дастаткова дакладна апісвае стан зубоў пры гэтым захворванні. Карыес – гэта разбурэнне зуба, якое пачынаецца з растварэння мінеральных рэчываў, з наступным рассыпаннем цвёрдых тканак, утварэннем поласці. На сённяшні дзень карыес і яго ўскладненні займаюць вялікую долю ўсіх захворванняў поласці роту. Між тым, яго прафілактыка – самы кароткі шлях да здаровай усмешкі.

Абавязковым і вельмі важным крокам для здароўя ўсёй поласці роту з’яўляецца рэгулярнае наведванне стаматолага. Не чакайце, пакуль карыес знішчыць большасць зубоў і спатрэбіцца лячэнне каранёвых каналаў – па меншай меры, раз у паўгода наведвайце стаматалагічны кабінет. Добры спецыяліст не толькі праверыць поласць роту, звяртаючы ўвагу на з’яўленне карыесу, зубнога каменю, але і ацэніць стан слізістай абалонкі дзёсен, нёба.

Захворванні апошніх, дарэчы, многімі з нас нярэдка ігнаруюцца. І дарэмна! Калі вы адчуваеце боль у зубах падчас іх чысткі ці жавання ежы, заўважаеце ў ракавіне чырвоныя сляды крыві – неадкладна ідзіце да стаматолага. Варта праверыць і павышаную адчувальнасць зубоў на гарачыя або халодныя стравы.

Здаровую і прыгожую ўсмешку забяспечвае рэгулярная чыстка зубоў. Рабіць гэта неабходна як мінімум два разы ў дзень: раніцай пасля абуджэння і непасрэдна перад сном. Стаматолагі таксама рэкамендуюць чысціць рот пасля кожнага прыёму ежы – гэта забяспечвае збаўленне ад бактэрый і падтрыманне нармальнага ўзроўню РН у поласці. У сітуацыі, калі вы з’елі нешта салодкае і не маеце магчымасці пачысціць зубы шчоткай, можаце выкарыстаць жавальную гумку без цукру. Яна працуе гэтак жа, як і паста: абараняе, забяспечвае свежае дыханне, умацоўвае зубную эмаль.

Большасць людзей традыцыйна карыстаецца механічнай зубной шчоткай. Выбар відавочны з­за яе нізкага кошту: калі шчацінне зношваецца, без праблем можна набыць новую прыладу. Лепш за ўсё ў такім выпадку выбіраць шчоткі са шчаціннем рознай таўшчыні і тыя, што маюць на знешнім баку спецыяльны гумовы “дыванок”, які дазваляе чысціць язык і ўнутраны бок шчок. І ўсё ж электрычная зубная шчотка прызнана больш эфектыўнай: яна старанна чысціць эмаль ад налёту і бактэрый, прычым робіць гэта максімальна дакладна і хутка.

Не забывайцеся прымяняць вадкасці для гігіены поласці роту – яны ўмацоўваюць зубную эмаль, выдаляюць шкодныя бактэрыі і спрыяюць свежаму дыханню. Пасля кожнага прыёму ежы выкарыстоўвайце зубную нітку – яна дапаможа пазбавіцца ад рэшткаў ежы паміж зубамі.

На шляху да асляпляльнай усмешкі, вядома, існуюць пэўныя забароны. Так, не рэкамендуецца часта ўжываць прысмакі. Лішак простага цукру, які змяшчаецца ў дэсертах і салодкіх газіраваных напоях, спрыяе развіццю карыесу. Акрамя таго, не варта піць шмат кавы і віна – асадак з іх застаецца на зубах, знішчаючы іх натуральны здаровы белы колер. Аналагічна сітуацыя выглядае і ў выпадку курэння цыгарэт.

Важна разумець, што догляд за поласцю роту патрабуе рэгулярнасці – толькі тады вы зможаце пахваліцца бездакорнай усмешкай. У рэшце рэшт, яна – візітная картка чалавека.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *