В Ушачской ЦРБ подвели итоги работы за 2023 год

Здравоохранение

Ушацкія медыкі падвялі вынікі работы за 2023 год. Са справаздачным дакладам, планамі на будучыню выступіў галоўны ўрач райбальніцы Ю.В.Пацёмкін. Сваімі меркаваннямі падзяліўся выконваючы абавязкі галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна А.Я.Адзееў. Удзел у савеце прыняла таксама намеснік старшыні райвыканкама А.А.Міранкова.

Дапамога даступна ўсім!

На сённяшні дзень сістэма аховы здароўя Ушаччыны – гэта стацыянар на 83 ложкі, паліклініка на 300 наведванняў у змену, дзве бальніцы сястрынскага догляду (у Глыбачцы і Вялікіх Дольцах), урачэбная амбулаторыя (у Дубраўцы) і 15 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. На іх абслугоўванні знаходзіцца 11732 чалавекі, з якіх 9951 – дарослыя, 1781 – дзеці. Пры гэтым доля гарадскога і сельскага насельніцтва адрозніваецца нязначна.

За 2023 год у рамках дыспансернага назірання агледжана 5815 чалавек. Гэта, падкрэсліваюць медыкі, вельмі мала, а між тым праведзеныя агляды часта дапамагалі выявіць сур’ёзныя паталогіі, у тым ліку анкалогію.

У стацыянары летась пралечана 2650 пацыентаў, прычым, у большасці выпадкаў – планава. У іншыя медустановы накіравана 123 чалавекі. З улікам змяншэння інфекцыйных хвароб і, у прыватнасці, COVID-19 ушачане радзей бралі лісток непрацаздольнасці.

“Мінус” таксама радуе

2023-і парадаваў зніжэннем агульнай смяротнасці больш чым на 12 працэнтаў, у працаздольным узросце – на 2,2, а таксама ростам нараджальнасці аж на 39,9. Разам з тым у раёне па-ранейшаму адзначаецца высокі ўзровень дэмаграфічнай старасці: больш трэці насельніцтва – ва ўзросце звыш 60 гадоў.

Сярод захворванняў, ад якіх паміралі жыхары Ушаччыны, традыцыйна лідзіравалі сардэчна-сасудзістыя – з-за іх пайшлі з жыцця 90 чалавек. На другім месцы – паталогіі нервовай сістэмы (23), на трэцім – новаўтварэнні (15). У структуры агульнай захваральнасці ў тройцы “лідараў” – гэтак жа хваробы сістэмы кровазвароту, а таксама органаў дыхання, эндакрыннай сістэмы. Даволі часта рэгістраваліся і псіхічныя парушэнні.

Зменшыўся, аднак па-ранейшаму застаецца высокім паказчык пярвічнага выхаду на інваліднасць асоб працаздольнага ўзросту – летась групу атрымалі 35 жыхароў раёна (годам раней – 47). 74 разы выяўлялі анкалогію, прычым, у 17 выпадках – на ІІІ і ІV стадыях. Прадухіліць падобнае зноў жа дапамаглі б своечасовыя медагляды – асобныя “запушчаныя” пухліны (на малочных залозах, шыйцы маткі) добра візуалізаваліся.

Кадры вырашаюць усё

Сёння пра здароўе жыхароў Ушаччыны клапоцяцца 27 урачоў (1 мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 6 – першую, 10 – другую), 124 медработнікі сярэдняга звяна. Кадравая праблема застаецца актуальнай: ЦРБ неабходны тэрапеўт, педыятр, хірург, анестэзіёлаг-рэаніматолаг, анколаг, інфекцыяніст, фельчар, памочнікі ўрача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе, медсёстры. Радуе, што ўжо сёлета ў раён павінна прыехаць 7 маладых спецыялістаў з медыцынскай адукацыяй – і гэта толькі тыя, хто вучыўся на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Жаданне распачаць кар’еру ва Ушачах выказалі і іншыя выпускнікі медустаноў, у тым ліку платнікі.

На шляху мадэрнізацыі

У арсенале медыкаў з’явіліся два новыя спецаўтамабілі, шэсць афтальмалагічных бескантактных танометраў, 11 халадзільнікаў для захоўванняя лекавых прэпаратаў. У многіх памяшканнях праведзены бягучы рамонт, завершана другая чарга капітальнага ў райбальніцы. Працягнута ўкараненне “воблачных” тэхналогій, патрэбных у тым ліку для праходжання пацыентамі дыспансерызацыі. Многія ўрачы забяспечаны аўтаматызаванымі рабочымі месцамі – з магчымасцю вядзення электронных карт, выпіскі электронных рэцэптаў.

З напрацоўкамі – у год наступны

Падводзячы вынікі, Ю.В.Пацёмкін спыніўся на асноўных задачах на бягучы год. У іх ліку – прыцягненне кадраў на існуючыя вакансіі, удасканаленне лячэбна-дыягнастычнага працэсу і дыспансерызацыі, удзел у гуманітарных праектах, міжведамаснае ўзаемадзеянне па прафілактыцы захворванняў, траўм, няшчасных выпадкаў.

А.А.Міранкова падзякавала медыкам за прафесіяналізм, адказнае стаўленне да службовых абавязкаў. Шэрагу спецыялістаў ўручаны заслужаныя ўзнагароды. Так, Ганаровымі граматамі галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама адзначаны памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе, загадчык Вяркудскага ФАПа Таіса Аляксандраўна Крупская, рэнтгеналабарант Элеанора Леанідаўна Лук’янёнак, медсястра агульнай практыкі Дубраўскай урачэбнай амбулаторыі Марыя Аляксееўна Пруднікава, Ганаровымі граматамі Ушацкай райбальніцы – урач клінічнай лабараторнай дыягностыкі, загадчык клініка-дыягнастычнай лабараторыі Святлана Віктараўна Шыла, урач агульнай практыкі, загадчык Дубраўскай урачэбнай амбулаторыі Ганна Аляксееўна Аскерка, урач-рэнтгенолаг, загадчык рэнтгеналагічнага кабінета Таццяна Мікалаеўна Сідарэнка, фельчар-лабарант Таццяна Канстанцінаўна Радзюш, медсястра агульнай практыкі Глыбачэнскай БСД Людміла Іванаўна Сушчэўская, Падзякі ЦРБ аб’яўлены зубному фельчару паліклінікі Алене Васільеўне Літвін, медсястры хірургічнага аддзялення Алёне Уладзіміраўне Лісічонак, санітарцы інфекцыйнага аддзялення Алене Васільеўне Ярмош.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *