Жатва в КУСХП «Великодолецкое»

Сельское хозяйство

Ужо па дарозе у КУСГП “Вялікадолецкае” выкарчаваныя з карэннем і паламаныя ветрам дрэвы ў чарговы раз нагадвалі, хто ў прыродзе гаспадар. Здаецца, сёння ўсё падуладна чалавеку, ды не ў сілах ён пакуль супрацьстаяць нябеснай канцылярыі. Толькі прафесійны ўзровень і самаадданасць хлебаробаў, якія душой хварэюць за справу, дапамогуць мінімізаваць страты і ўбраць вырашчаны ўраджай.

У аўторак камбайнеры “Вялікадолецкага” ўдосталь паспелі “пакалясіць” па палях гаспадаркі – ад Стаек да Весніцка. З раніцы, як толькі падсохла, працавалі непадалёк ад цэнтральнай сядзібы, дзе дождж спыніў уборку. У касарской жа зоне яго не было, таму збожжаўборачныя агрэгаты аператыўна былі перакінуты туды… намалацілі па бункеры, а потым непагадзь дабралася і да гэтых палеткаў.

– Нічога не зробіш: паўгадзіны ліўня – і паўдня прастою, — завіхаючыся ля сваёй “Ліды­1300” расказвае Сяргей Вусько.

У сераду і іншыя камбайны гаспадаркі да абеду знаходзіліся на мехдвары. Механізатары чысцілі вузлы, рэгулявалі механізмы, абмяркоўвалі асаблівасці першых дзён жніва, а яны ў тым, што буксуюць збожжаўборачныя агрэгаты нават на роўным месцы, хоць спакойна могуць прайсці яўныя вымачкі, ёсць палегліца. Побач таксама кіпела работа: Аляксандр Гоман рамантаваў падборшчык, разам з ім на прасаванні будзе задзейнічаны Юрый Казачонак, бо ні пры якіх умовах нельга пакідаць салому на палях, дзе падсеяны травы. Хапае спраў і зваршчыкам, якіх у гаспадарцы ў гэту гарачую пару ажно тры.

Механізатары чакалі, калі вернецца галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Віктаравіч Зянюк, які паехаў аглядаць нівы.  “Не дае надвор’е нам разгарнуцца”, – зазначалі камбайнеры Віктар Жванскі і Васіль Алексяёнак. У астатнім жа дастойна вытрымаць экзамен жніва ў “Вялікадолецкім” гатовы. Дапамогай вайскоўцаў, як у некаторых іншых гаспадарках, тут скарыстацца не плануюць, традыцыйна разлічваюць на свае сілы. Да перавозкі зерня падрыхтавалі дзевяць адзінак тэхнікі – на аўтамабілях ГАЗ працуюць вопытныя Міхаіл Клопаў, Мікалай Волах і малады Віктар Клачок. Трактарныя прычэпы да перавозкі зерня прыстасавалі Генадзь, Віктар і Віталь Букі, Іван Гоман, Генадзь Качан і Мікалай Хамёнак.

Пасля абеду вялікадолецкія камбайнеры спрабавалі жаць ля Папоўкі – не пайшло. Прыдатныя для ўборкі ўчасткі азімага жыта знайшліся за Касарамі – 127 тон да вечара паступілі на мясцовыя склады. Тут таксама было ажыўлена. На памяшканнях перакрываецца новым шыферам дах, рыхтавалася да запуску і зернесушылка, ля рухавіка якой “вышыннымі” работамі займаліся інжынер­электрык Іван Салавей, загадчык складской гаспадаркі Васіль Васілевіч і ляснік Касарскога лясніцтва Мікалай Бугай.

– Аж з Чэрвеньскага раёна мяне вярнулі з камандзіроўкі, – кажа лесавод, які не першы сезон прыходзіць на дапамогу аграрыям. – Абсталяванне, канечне, зношанае, але нічога – падлатаем, падрамантуем і будзем сушыць!

Тры “полькі” М­819 маецца ў “Вялікадолецкім”. Працуюць яны на дровах, запас паліва створаны. У аграгарадку ўжо дапрацоўвалі зерне Аляксандр Хамічонак і Аляксандр Казлоў, першыя тоны жыта ў залік дзяржзаказу адпраўлены на Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў. Гатова да работы і сушылка ў Казімірове, абслугоўваннем якой займаюцца Леанід Гаманёк і Уладзімір Лукашонак.

Па словах галоўнага спецыяліста ўпраўлення райсельгасхарча Аляксея Сяргеевіча Клопава, зернесушыльныя гаспадаркі ў сельгаспрадпрыемствах раёна ў цэлым падрыхтаваны. Працуе комплекс у ААТ “Ільюшынскі”, гатовы да прыёму зерня новыя “Васілісы” ў КУСГП “Кублічы” і “Глыбачаны”, рыхтуецца перасоўная сушылка такой жа маркі ў ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, дзе маецца яшчэ і яе калега­“італьянка”. Як заўсёды, парадак на зернесушылцы ААТ “Дземенец”, падабралі людзей і адрамантавалі абсталяванне ў ААТ “Агра­Селішча”.

У чацвер з раніцы камбайны “Вялікадолецкага” накіраваліся пад Жаўніну на ячмень. “Хоць і траціцца на пераезды час і паліва, але толькі так, манеўруючы, можна зараз весці жніво”, – кажа А.В.Зянюк. І хоць па стане на раніцу 28 ліпеня мясцовыя камбайнеры ўбралі толькі 87 гектараў з неабходных 1863, паспелі ўжо папрацаваць на азімых пшаніцы і жыце, якія далі 24 цэнтнеры з гектара, а ячмень парадаваў больш –  32,3 цэнтнера.

Падобныя “манеўры” вядуць і ў іншых гаспадарках, выбіраючы месцы, дзе можа пайсці тэхніка. У сераду толькі “Кублічы” пакуль не прыступілі да ўборкі зерневых. Лідзіруе па ўбраных плошчах ААТ “Дземенец”, тут і самая высокая ўраджайнасць – 31,2 цэнтнера з гектара.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *