Ушачские рыболовы заняли второе место на областных соревнованиях по рыбной ловле среди членов Белорусского общества охотников и рыболовов

Общество

Ушаччына славіцца сваімі шматлікімі азёрамі, а таму і аматараў рыбнай лоўлі ў нас нямала. І многія з іх – сапраўдныя майстры гэтай справы, што яскрава даказалі на абласных спаборніцтвах па рыбнай лоўлі і стэндавай стральбе сярод раённых арганізацыйных структур Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Названыя спаборніцтвы на Віцебшчыне арганізуюцца штогод. Сёлета яны прайшлі ў суседнім Полацкім раёне. За званне лепшай змагаліся 19 каманд з усіх куткоў вобласці. На працягу трох гадзін удзельнікі з летняй паплаўковай вудай лавілі рыбу на вадасховішчы Бельчыца.

– Вось каб на нашых азёрах, дык у імгненне вока налавілі б шмат! – зазначалі прадстаўнікі Ушаччыны.

Прадстаўлялі ж нашу каманду Валерый Буевіч, Валерый Юрэвіч, Вячаслаў Мамяка, а таксама нараўне з дарослымі выступаў і юны рыбалоў – дзесяцігадовы Максім Бука. За вызначаны час яны налавілі больш кілаграма рыбы і, як высветлілася пры ўзважванні ўлову, саступілі толькі чашніцкай камандзе. За дастойны вынік ушачане атрымалі грамату і кубак. Самаму юнаму ўдзельніку мерапрыемства ільюшынскаму хлопчыку Максіму Буку ва ўрачыстай абстаноўцы кіраўніцтва абласной структуры РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” уручыла членскі білет рыбалова БТПР і грамату. Трэба сказаць, што перамога нашых рыбаловаў не выпадковасць, а хутчэй заканамернасць – на нядаўніх міжраённых спаборніцтвах у Глыбокім ушацкая каманда не пакінула шанцаў на перамогу астатнім і стала лепшай.

Пакуль аматары рыбалкі параўноўвалі ўлоў, паляўнічыя стараліся праявіць сябе ў другой частцы спаборніцтваў – стэндавай стральбе (стральба па спецыяльных талерках). За перамогу змагаліся амаль 70 чалавек, але тут трапіць у лік самых лепшых нашым прадстаўнікам не ўдалося. Гэты від патрабуе максімальнай трапнасці, рэакцыі, ды і натрэніраваць сябе ў такой стральбе, у параўнанні, напрыклад, з той жа рыбалкай, дарагое задавальненне. Перамога ў гэтым відзе дасталася Гарадку.

Удзельнікі ўсіх раёнаў вярталіся дадому з добрым настроем, бо для аматараў рыбнай лоўлі і палявання не столькі важны трафей, як задавальненне, якое яны атрымліваюць ад працэсу.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *