День Святого Лаврена в костёле в Ушачах

Общество

Усё лета вернікі ўшацкай каталіцкай парафіі вырошчваюць у сваіх палісадах кветкі, каб 10 жніўня шыкоўныя букеты ўпрыгожылі касцёл святога Лаўрэна. Тыя ж, хто прыйшоў сёлета на храмавае свята, маглі заўважыць, што кветкавыя кампазіцыі і іншыя элементы ўбранства касцёла былі выкананы ў залаціста­-карычневай гаме – колерах мёду, хлеба і агню. Актывісты парафіі Валянціна Ісаковіч, Тэрэза Крыванос, Марыя Валодчанка, Таццяна Геут, Ірына Вер’ясава, Ларыса і Ганна Струй так адмыслова аздобілі храм, каб падкрэсліць, што святы Лаўрэн, якога ўшачане называюць сваім нябесным заступнікам, з’яўляецца таксама апекуном пчалаводаў, пекараў, пажарных.

Сёлетняя ж імша, па меркаванні прысутных, атрымалася яркай і ўзнёслай. На свята да ўшацкіх каталікоў прыехалі вернікі з Глыбокага і Полацка, ксяндзы суседніх парафій. Асабліва ж цёпла сустрэлі ўшачане святароў Марата Казлоўскага і Рамана Мурзіча, якія ў свой час служылі ў нашай парафіі. “Памятаю, калі ксёндз Марат паехаў з Ушач, мы з мужам так сумавалі па яго пропаведзях, што нават спецыяльна ездзілі ў Чарневіцкі касцёл, куды ён быў пераведзены”, – прыгадвае Л.Струй. А Валянціна Відзевіч дадае, што ўшацкім каталікам увогуле шанцуе на святароў: кожны з іх пакінуў свой след як у душах вернікаў, так і ў справе аднаўлення храма. Вось і папярэдняга пробашча Аляксея Асона, які сёлета пераведзены ў Новы Пагост, нашы парафіяне будуць успамінаць з вялікай удзячнасцю.

Гэтае храмавае свята стала першым падчас службы ва Ушачах для новага пробашча нашай парафіі ксяндза Віталя Гальца. Мы ж скарысталіся выпадкам, каб пагутарыць са святаром, распытаць яго пра ўражанні ад знаёмства з Ушаччынай і яе жыхарамі.

Нікога не пакінулі абыякавымі пранікнёныя словы пропаведзі ксяндза Мікалая Ціхановіча, які распавёў пра пакутніцкую смерць святога Лаўрэна і незвычайную моц яго веры, супаставіў гэтыя факты з сучасным жыццём. Падарункам да свята стаў канцэрт хору «Ave Maria» з Глыбокага. Традыцыйна пасля богаслужэння былі асвечаны караваі і мёд, частаваліся якімі ўсе прысутныя – з асаблівай жа радасцю гэта рабілі дзеці.

– Раскажыце, калі ласка, пра свой шлях да Бога.

– Пасёлак Дзераўная на Стаўбцоўшчыне, дзе я нарадзіўся, вядомы адным з самых старажытных у Беларусі касцёлам, які быў узведзены Радзівіламі ў 1590 годзе. Адметна, што нават у часы бальшавіцкага атэізму культавая пабудова пазбегла лёсу большасці беларускіх храмаў: яна не толькі засталася неразбуранай, але і дзейнічала – ёсць меркаванне, што паспрыяў гэтаму сам Фелікс Дзяржынскі, які быў маім земляком і ў дзяцінстве хрысціўся ў нашым касцёле. Можна сказаць, што пры гэтым храме вырас і я, бо мае бацькі былі актыўнымі парафіянамі. Таму пасля школы ваганняў наконт далейшага шляху не было: паступіў у Гродзенскую духоўную семінарыю, пазней вучыўся ў Люблінскім каталіцкім універсітэце.

– Ушачы далёка не першае месца Вашай службы. Ужо склаліся пэўныя ўражанні пра наш край?

– Так, гэта ўжо дзясятая мая парафія. Раней служыў у Глыбокім, Віцебску, Гарадку, Лужках, Дунілавічах і іншых месцах. Зараз апроч Ушач праводжу служэнні ў Блізніцы. Магу сказаць, што любы куточак Віцебшчыны і Беларусі па­свойму адметны і цудоўны. Ну а Ушаччына найперш уразіла сваімі непаўторнымі краявідамі, багатай гістарычнай спадчынай. Ужо давялося ўбачыць касцёл святой Веранікі ў Селішчы, планую абавязкова наведаць і іншыя ўшацкія славутасці – мемарыяльны комплекс “Прарыў”, сядзібу­музей Васіля Быкава. Увогуле быў моцна здзіўлены, што адразу столькі знакамітых літаратараў даў свету гэты край. Не менш прыемныя ўражанні пакінулі і людзі, якія вызначаюцца сціпласцю, добразычлівасцю, гасціннасцю.

А яшчэ адразу бачна, што ў раёне шмат увагі надаецца добраўпарадкаванню. Так, напрыклад, парафіянка з Дунілавіч Тэрэза Каліцкая, якая часам суправаджае мяне ў паездках, прыкмеціла, што амаль у кожнай вёсцы Ушаччыны, праз якія давялося праязджаць, устаноўлены кантэйнеры для смецця – гэта вельмі зручна для жыхароў і спрыяе чысціні ў населеных пунктах. Такую карціну, шчыра кажучы, можна сустрэць далёка не паўсюдна.

– Як і любы чалавек, напэўна, маеце нейкія захапленні?

– Найперш, канечне, гэта чытанне. Перавагу аддаю духоўнай, гістарычнай літаратуры, аднак не абмінаю і мастацкую. Лічу, што чытаць трэба толькі самае лепшае, бо добрых кніг шмат, і на ўсе не хопіць цэлага жыцця.

А яшчэ люблю рыбалку. Адметна, што ўпершыню я пабываў на Ушаччыне менавіта з гэтай нагоды – калі служыў у Дзеркавіцкай парафіі, прыязджаў у выхадныя на возера Оталава. Увогуле ж лічу, што ўшачанам пашанцавала жыць у такім прыгожым і экалагічна чыстым раёне, нараджаць і гадаваць тут сваіх дзетак. Дарэчы, вельмі прыемна было за непрацяглы час маёй службы ва Ушачах ужо двойчы праводзіць абрад хрышчэння – упэўнены, што гэта добры боскі знак.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *