В КУСХП «Великодолецкое» завершают жатву и ведут сев озимых культур

Сельское хозяйство

Завяршаецца жніво ў КУСГП “Вялікадолецкае”. Не з тым вынікам, які хацелі б атрымаць аграрыі, але яны рабілі ўсё магчымае, каб тэрмінова ўбраць хлеб і зменшыць страты. Іншая справа, што непагадзь замарудзіла тэрміны жніва, на якое наклаўся не менш адказны перыяд земляробчых работ – сяўба азімых культур. Таму на мехдвары гаспадаркі ў недажджлівы дзень не ўбачыш ніводнага трактара.

Хоць і недалёка ад Вялікіх Дольцаў да Царкавішча, але ехаць прыйшлося доўга, абганяючы адзін за адным камбайны, якія з раніцы, як толькі падсохла, рухаліся ў маладолецкую частку гаспадаркі. На “малую радзіму”, дзе яшчэ засталіся на карані ўчасткі зернебабовых культур, накіраваліся Ягор Мацюш, Сяргей Вусько і Віктар Жванскі. А вось мінулагодні лідар гаспадаркі на жніве Андрэй Смаляк разам з Васілём Алексяёнкам, які сёлета ў ліку раённых перадавікоў уборачнай, з дарогі збочылі. Але ў хуткім часе паехалі даганяць калег – не пайшлі камбайны па ячмені за Царкавішчам. “Поле гэта перасеяна вясной – тут загінуў рапс. Хімпраполку зрабілі, пустазелля нямнога, зерне неблагое, а ўзяць неяк”! – засмучана паказвалі на сапраўды прыгожае чыстае поле механізатары. В.Алексяёнак выказаў меркаванне, што да знакавага намалоту ў тысячу тон ён наўрад ці дабярэцца, але пра гэта думае ў апошнюю чаргу, бо на першым плане – максімальна хутка ўбраць апошнія гектары.

У дасягненні гэтай мэты адзін камбайнер ужо не прымае удзел. КЗС­1218 Рыгора Філімонава застыў на пляцоўцы. Механізатар аператыўна рыхтуе да работы КВК­800 – у гаспадарцы вельмі неблагія віды на ўраджай кукурузы. Убраць яе своечасова – стратэгічная задача, бо па нарыхтоўцы кармоў гаспадарка з немалым статкам жывёлы да ўзроўню мінулага года мінусуе.

А вось на сяўбе азімых зерневых “Вялікадолецкае” безумоўны раённы лідар. Правесці пасяўную ў аптымальныя тэрміны – яшчэ адна першачарговая задача, таму вялікадальчане прыступілі да яе, не чакаючы заканчэння іншых відаў работ. Пакуль у гэтай справе галоўнай тэхнікай з’яўляецца нядаўна набытая айчынная сеялка СЗ­4,2, што ў мінулым годзе добра зарэкамендавала сябе на землях суседзяў­ільюшынцаў. Даверылі агрэгат Валерыю Буку, механізатару са стажам. У сераду Валерый Іванавіч вёў сяўбу элітнай пшаніцы “Ядвіся” на полі за Весніцкам. Каменні на тутэйшых палетках – сапраўдны “біч” вялікадолецкіх аграрыяў. Менавіта “дзякуючы” гэтым сведкам ледніковага перыяду прыйшлося мадэрнізаваць новую сеялку, зачапіўшы за яе счэп барон замест колаў для запрацоўкі насення. Атрымалася, што насенне закрываецца яшчэ лепш і МТЗ­1221 хуценька кружыўся на кароткіх гонях. “Пад такую б сеялку ды добрыя плошчы – за дзень запрацоўвалі б больш чым учорашнія дваццаць гектараў” – разважаў яшчэ адзін старажыл гаспадаркі Мікалай Хамёнак, які задзейнічаны на падвозе насення.

Апошнімі днямі хлебаробы набралі добры тэмп, на полі шчыруюць з раніцы да позняга вечара. Пад азімыя збожжавыя ў гаспадарцы адведзены самы вялікі ў раёне клін — 1150 гектараў. Галоўны аграном гаспадаркі А.В.Зянюк паведаміў, што стаўка робіцца на традыцыйныя культуры: большую частку — 700 гектараў зойме жыта, на астатніх плошчах пасеюць пшаніцу. “Як паказвае практыка, ураджайнасць азімых збожжавых вышэй, чым яравых, таму зараз вельмі важная і адказная пара, неабходна якасна засеяць палі і ўкласціся ў тэрмін”, — падкрэсліў вопытны спецыяліст. Аляксандр Віктаравіч адзначыў, што засява­юць палі выключна насеннем высокай рэпрадукцыі, якім гаспадарка забяспечана на 100 працэнтаў.

Доўга хлебаробы, калі стаіць надвор’е, не размаўляюць. Пасля кароткага перадыху падчас абеду, які на поле даставіў галоўны інжынер гаспадаркі Юрый Фёдаравіч Васілевіч, мужчыны заправілі сеялку і В.Бука адправіўся на закладку чарговых гектараў новага ўраджаю. Сейбіты ў “Вялікадолецкім” вопытныя і адказныя, працэс наладжаны, і з вялікай доляй верагоднасці можна сказаць, што пшанічка з прыгожым беларускім імем “Ядвіся” восенню наступнага года парадуе мясцовых аграрыяў важкім намалотам.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *