Не во всех хозяйствах Ушаччины техника подготовлена к зимнему хранению

Сельское хозяйство

Яшчэ з сярэдзіны верасня начальнік інспекцыі Дзяржтэхнагладу Ушацкага раёна Іван Мікалаевіч Пухальскі і галоўны спецыяліст райсельгасхарча Аляксей Сяргеевіч Клопаў праводзяць рэйды і трымаюць на кантролі ход навядзення парадку на мехдварах і пастаноўкі тэхнікі на працяглае захоўванне. Здаецца, што да маразоў час яшчэ ёсць, але як паказвае практыка, калі гэтыя пытанні пусціць на самацёк, то паўразабраныя і ржавыя механізмы так і пойдуць пад снег. Вось і вымушаны спецыялісты “падганяць” аграрыяў, тым больш што ў асобных гаспадарках справу пастаноўкі тэхнікі чамусьці лічаць другаснай.

Дружна ўзыходзяць азімыя, пасеяныя як след і ў тэрмін – змены, якія за тыдзень адбыліся на палетках ААТ “Дземенец” на пад’ездзе да цэнтральнай сядзібы гаспадаркі, радуюць вока. Культура земляробства тут, як заўсёды, на належным узроўні. Але слабае звяно гаспадаркі – мехдвор, дзе неабходна папрацаваць, каб яго выгляд не быў такім кантрастным у параўнанні з нівамі.

Праверка тэхналагічнай дысцыпліны эксплуатацыі машынна­трактарнага парка ў “Дземенцы” выявіла шматлікія парушэнні. На тэрыторыі не было элементарнага парадку ў месцах захоўвання спраўнай і разборкі спісанай тэхнікі, пляцовак для металалому. Трубы і іншыя рэшткі запчастак зараслі бур’яном. Граблі, якія належаць ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, поўнасцю разукамплектаваны – засталася толькі рама. Там жа больш года валяліся разабраныя плугі ППО­8­40, якія таксама належаць… “Райаграсэрвісу”. Атрымліваецца, як кажуць у народзе, “не маё – не шкада”.

Даўно застыў на месцы не ачышчаны і ржавы раскідвальнік РУ­7000. Здагадайцеся, каму ён належыць? Правільна, “Рай­аграсэрвісу”!

Зрэшты, не лепшым чынам выглядала і ўласная тэхніка “Дземенца”, якая не эксплуатуецца. Сеялка, плугі, дыскі зараслі пустазеллем, іржаўчына з’ядае зусім яшчэ не старыя агрэгаты, а праз каменепадборшчык прарос бур’ян. Гэты механізм не выкарыстоўваецца, але абкасіць траву ля яго і пад ім можна было б. “У гаспадарцы, якая прэтэндуе на званне перадавой, адзін з горшых мехдвароў, толкам не агароджаны, не добраўпарадкаваны”, – тыдзень таму каменціраваў убачанае І.М.Пухальскі.

“Незабыўныя” ўражанні засталіся ў інспектара і пасля наведвання КУСГП “Кублічы”. Два камбайны на тэрыторыі машынна­трактарнага двара на захоўванне не пастаўлены, ды і месца для іх пастаноўкі не вызначана – не падрыхтавана і не абкошана. Адзін збожжаўборачны агрэгат наогул няспраўны знаходзіўся на полі. Тэрміны ж для пастаноўкі камбайнаў на зімовае захоўванне – да 15 кастрычніка.

Хоць і здалі ў “Кублічах” металалом з пляцоўкі, але па тэрыторыі двара “жалеззе” ўсё ж валяецца. Некаторыя дэталі яшчэ могуць паслужыць, вось толькі падабраць іх, скласці да толку рукі не даходзяць. 4 адзінкі тэхнікі з сышоўшым тэрмінам эксплуатацыі ў гаспадарцы разукамплектаваны. Аднавіць “Амкадор”, два збожжаўборачныя камбайны і комплекс КЗР­10 ужо наўрад ці атрымаецца. Чаму ж тэхніка не спісваецца? Таму, што да гэтай пары яна не належыць гаспадарцы, бо не аформлена ва ўласнасць, хаця лізінг за яе выплачаны.

Комплекс КВК­800, які ўжо звыш года не выязджаў у поле, спасціг незайздросны лёс – яго пачалі разбіраць. Плёнка, якой у мінулым годзе было закрыта электраабсталяванне, парвалася і правады, нібы аголеныя нервы, зацякаюць дажджамі. Побач з “сабратам” размясціўся разабраны брудны кормаўборачны агрэгат КУСГП “Арэхаўна”. З такімі адносінамі да тэхнікі да роднай гаспадаркі дабрацца яму хутчэй за ўсё не суджана. Хаця і там КВК­800 чакае не лепшая доля — у “Арэхаўне” таксама не было парадку. За дыспетчарскай валяўся разабраны транспарцёр, нахільныя камеры ад непрацуючых камбайнаў паржавелі, побач ляжалі параскіданыя будаўнічыя матэрыялы. Спісаны аўтамабіль ГАЗ­53 так і не разабраны, не апрыходаваны, і разам з другім, які рыхтаваўся да спісання, літаральна ўрос у зямлю. Не лепшым чынам выглядалі і агрэгаты. У прычэпе ПРТ­7 разабраныя ступіцы – адсюль знялі падшыпнікі, якія ўстаноўлены на колы бочак для падвозу вады жывёле. Іржавы раскідвальнік МТТ­4У не ачышчаны, на захоўванне не пастаўлены. Разабрана ступіца і ў бочцы МЖТ, а другая паўвось наогул адламана. Брудны, паўразабраны пасяўны агрэгат АПП­3, які больш трох месяцаў няспраўны, стаіць на беразе пажарнага вадаёма. На неачышчаных прэс­падборшчыках густа зелянелі “азімыя”. Ад энерганасычанага МТЗ­3022, які, дарэчы, належыць УП “Сарочына”, засталіся “рожкі ды ножкі”, раскіданыя па тэрыторыі… На гэтым фоне светлай плямай выглядаў парадак у памяшканні мехмайстэрні, дзе вёўся рамонт тэхнікі. Але тут правяраючых пустымі вачніцамі сустракалі незашклёныя шыбы. А для рамонтнай службы, пагадзіцеся, далёка немалаважна тое, дзе і як займацца “лячэннем “тэхнікі. У зацішку яўна лепш, чым на сямі вятрах…

Сказаць, што на мехдвары КУСГП “Глыбачаны” падчас візіту інспектара не было ні душы, – значыць, пакрывіць ёй. Але інжынер­механік Валерый Дубко, які ў адзіноце корпаўся ля трактара, – зусім не тая сіла, якая патрэбна для навядзення тут парадку. Камбайны на захоўванне не пастаўлены, тэхніка на пляцоўцы размешчана хаатычна, хаця маюцца навесы. У гаспадарцы, дзе ўжо не раз абяцалі абгарадзіць тэрыторыю з тылу, мала таго, што не дабраліся гэта зрабіць – у дадатак яшчэ і разламалі камбайнам выязныя аварыйныя вароты і частку агароджы з боку аварыйна­выратавальнага паста. Зараз на тэрыторыю мехдвара, дзе знаходзіцца тэхніка коштам ў мільярды рублёў, можна заходзіць і заязджаць адкуль захочаш.

Літаральна ва ўсіх гаспадарках адсутнічае сістэма ў пастаноўцы тэхнікі на зімовае захоўванне. Па патрабаваннях тая, што ўжо не будзе выкарыстоўвацца, павінна быць падрыхтавана да зімоўкі на працягу дзесяці дзён. Зразумела, што не хапае кадраў, накладаюцца адзін на другі віды работ, але надзейна схаваць тэхніку, пагадзіцеся, не другарадная задача. Якая, да таго ж, не патрабуе значных затрат. Пры наяўнасці свабодных месцаў у закрытых арачніках, не ўся складаная тэхніка звезена туды, а раскідана па розных кутках машынна­трактарных двароў. У большасці гаспадарак адсутнічаюць нават уяўныя лінейкі, на якіх павінна стаяць уся тэхніка і прычапныя агрэгаты па марках і мадыфікацыях. Двары загружаны рэшткамі спісаных машын, нявывезеным металаломам.

— Усім сельгаспрадпрыемствам неабходна актывізаваць работу па пастаноўцы тэхнікі на захоўванне, добраўпарадкаванні, — зазначае І.М.Пухальскі. — Парадак на машынным двары — гэта перш за ўсё культура вытворчасці, твар гаспадаркі. Падтрымлівацца ён павінен круглы год, бо за адзін дзень, нават месяц, не дасягнуць станоўчага выніку. Калі рабіць усё своечасова, то такая арганізацыя справы дазволіць працаваць рытмічна, дасягаць высокай якасці захаванасці тэхнікі і яе рамонту, а вясной ставіць на лінейку гатоўнасці прычапны інвентар без аўралаў і лішняй мітусні.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.

на здымках: На мехдвары ААТ «Дземенец» і КУСГП «Глыбачаны»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *