Заготовка кормов в КУСХП «Великодолецкое» в разгаре, а работники в числе лидеров в районном соревновании

Сельское хозяйство

Механізатары КУСГП “Вялікадолецкае” – на касавіцы ў перадавіках практычна па кожнай пазіцыі, што само па сабе і не дзіўна.

Кадры тут вопытныя, правераныя – з года ў год персанальны склад баявых адзінак практычна не мяняецца. Аднак Рыгор Аркадзьевіч Філімонаў усё ж здзівіў. Ён на сваім дзевяцігадовым КВК “Палессе” здрабніў амаль 3300 тон зялёнкі, а гэта нямнога больш, чым у другіх раённых лідараў гэтай намінацыі.

– Нас з раніцы добра зацікаўліваюць. Ды і кажуць, што ільюшынскія калегі ўжо ў полі, ім іх кіраўніцтва, напэўна, тое ж самае пра нас гаворыць, – Рыгор Аркадзьевіч жартаваў, не хаваючы выдатнага настрою, у тым ліку і ад свайго абсалютнага лідарства. “Патрыёт” праглядаць паспявае. І хоць сакрэтаў паспяховасці выдаваць не збіраўся, у чым ён – пабачыла на свае вочы – у згуртаванасці. На мехдвары сельгаспрадпрыемства ў абед знаходзілася ўсё звяно, занятае на здрабненні і перавозцы сенажу. І сабраліся яны сюды ўсе разам не паснедаць, а каб як мага хутчэй ліквідаваць паломку ў КВК. Сянажная траншэя закладалася ўжо другі дзень і яе тэрмінова неабходна было дапоўніць і закрыць.

Дарэчы, каб корм не сапсаваўся, прадпрымальніцкае звяно адшукала самы хуткі варыянт: “пазычыла” камбайн у свайго калегі Юрыя Альбіновіча. Агрэгат быў спраўны, таму за гадзіну падрыхтавалі і зноў выехалі ў Заазер’е падбіраць ладныя валкі, а ў нерабочы час заняліся рамонтам.

– За Р.Філімонавым у нас замацавана на адвозцы тры адзінкі тэхнікі, зразумела, ні хвіліны не прастойвае, ды і ўраджайнасць траў сёлета выдатная – на бабовых – 110-120 цэнтнераў з гектара, на злаках – 70. Гэта і спрыяе таму, што наш механізатар на першым месцы, – тлумачыў намеснік дырэктара КУСГП “Вялікадолецкае” Аляксандр Віктаравіч Зянюк.

А такіх валкоў сапраўды не бачыла даўно. Пышныя, да калена нават такому высокаму трактарысту, як Генадзь Бука, яны хвілін за 20 ўжо напаўнялі чарговы прычэп. Праўда, рухаўся КВК на паніжанай хуткасці, гэта не травінку да травінкі збіраць.

Такім чынам ля Дубінца закладалася ўжо восьмая траншэя, а КВК пабываў у самых розных кутках гаспадаркі. Скачыхі, Новае Жыццё, Цыганок, Жаўніна, Міхалкаўшчына, дзе траншэя непасрэдна ля фермы, але літаральна ўсе – на адлегласці не больш шасці кіламетраў, так што ўзімку не будзе марнавацца паліва, каб даставіць пажыўны сянаж. Дарэчы, ён не толькі трамбуецца, прычым Віктарам і Валерыем Букамі кругласутачна, але і часткова закладзены ў стрэйч-плёнку – гэты, самы пажыўны, ідзе на корм маладняку.

Дарэчы, КУСГП “Вялікадолецкае” штогод нарыхтоўвае кармоў звыш патрэбы. Вось і сёлета засталося 600 тон. “Маяк” можа не клапаціцца, калі што, падзелімся”, – аптымістычна зазначылі дружныя механізатары, а на адвозцы ад КВК Р.Філімонава заняты яго брат Сяргей Аркадзьевіч, Генадзь Барысавіч Бука і Мікалай Уладзіміравіч Хамёнак. І хоць зноў жартавалі, яўна мелі рацыю: падзяліцца кармамі змогуць.

У “Вялікадолецкім” жа засталося 130 гектараў культурных траў першага ўкосу. Прычым, убраны яны ўжо з 810 пры запланаваных 608. Перавыкананне складзе больш 50 працэнтаў, мяне ж зацікавіла, што дадаткова здрабнялася на сянаж.

– Падкошвалі перарослыя пашы, куды не паспела дайсці жывёла, а таксама палепшаныя сенажаці, летась рабілі перазалужэнне шматкампанентнымі сумесямі. Так што ўхаластую не ездзілі нідзе, травастой паўсюды добры, – патлумачыў А.В.Зянюк.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *