В филиале «Маяк-Ушачский» доверяют молодежи. Как механизатор Андрей Ефремов переехал на Ушаччину и об этом не жалеет

Образование и молодежь Сельское хозяйство

Ідэя напісаць пра Андрэя Яфрэмава з’явілася ў нас яшчэ год таму, калі малады механізатар філіяла “Маяк-Ушацкі”, падрыхтаваўшы да сяўбы больш 700 гектараў глебы, стаў пераможцам раённага спаборніцтва сярод калег, занятых на гэтым працэсе. Аднак на той момант ураджэнец Глыбоцкага раёна толькі другі сезон працаваў у гаспадарцы, таму мы вырашылі крыху пачакаць са знаёмствам. Сёлетняй жа вясной было прыемна даведацца, што Андрэй замацаваўся на прадпрыемстве і зноў вельмі плённа шчыруе на ўжо звыклым участку работ. І вось мы едзем на поле, каб пагутарыць з адным з перадавікоў “Маяка-Ушацкага”.

На 40-гектарным участку ля Загор’я ёсць дзе разгарнуцца энерганасычанаму МТЗ-3522 з зачэпленай за ім 15-метровай бараной. Тэхнікі з такім захопам у гаспадарках нашага раёна дагэтуль не было, і мы з цікавасцю назіралі, як спрытна доўгія рады металічных зубоў разбіваюць ссохлыя глыжы, пакідаючы за сабой шырокі след роўнай глебы. Як расказаў нам галоўны інжынер гаспадаркі Дзмітрый Ладзік, барана БШГЗ-15 распрацавана на віцебскім прадпрыемстве “Ціраспальскі агратэхсэрвіс”, яе выпуск пачаўся вясной 2020-га, а парк філіяла высокапрадукцыйны агрэгат папоўніў восенню таго ж года. “Калі тэхніка прыбыла ў гаспадарку, мы з галоўным аграномам Антонам Юльянавічам Анецькам зрабілі яе выпрабавальны запуск на дубраўскіх палях. Убачаным засталіся задаволены. З дапамогай агрэгата можна рыхліць і выраўноўваць паверхню поля, запрацоўваць насенне і ўгнаенне, знішчаць пустазелле на пасевах – прычым, рабіць гэта ў разы хутчэй. Прыемна, што ў нашай вобласці выпускаюць такое годнае абсталяванне”, – распавядае спецыяліст. Канечне, ушацкія дробнаконтурныя палеткі не надта прыстасаваныя да шыроказахопных агрэгатаў. Як зазначыў А.Яфрэмаў, новую барану ён мог чапляць прыкладна на палове ўчасткаў, аднак там яна сябе цалкам апраўдвала. Не вылучаюцца нашы палі і роўным рэльефам, і каб глеба апрацоўвалася на аднолькавую глыбіню нават у месцах няроўнасцяў, зубы на баране зроблены рухомымі і могуць паўтараць контур паверхні. Механізатар жа перад пачаткам работ павінен ацаніць умовы і ўстанавіць вугал заглыблення барон. Трэба таксама зазначыць, што агрэгат вельмі хутка і проста складваецца – дасягаецца гэта дзякуючы гідрафікаванай счэпцы. Літаральна адной мінуты хапіла Андрэю, каб па нашай просьбе перавесці “трансформер” з працоўнага стану ў транспартны.

Адным з першых, хто ўбачыў БШГЗ-15 у дзеянні, быў Прэзідэнт нашай краіны А.Г.Лукашэнка – вытворцы прэзентавалі навінку вясной 2020-га падчас яго рабочага візіту ў Віцебскі раён. А праз год агрэгат быў прадстаўлены на міжнароднай спецыялізаванай выставе “Белагра-2021”, дзе атрымаў высокую ацэнку спецыялістаў.

А ўвогуле асваенне навінкі было даручана менавіта А.Яфрэмаву невыпадкова: кіраўніцтва вылучае яго кемлівасць і тэхнічную падрыхтаванасць. Нам жа, канечне, было цікава, якім чынам механізатар апынуўся на Ушаччыне. “Дзякуючы сваім землякам А.А.Квачу і А.Ю.Анецьку, – тлумачыць малады чалавек. – Альфрэд Альфрэдавіч раней узначальваў на маёй малой радзіме сельгаспрадпрыемства “Галубічы”, дзе я пачынаў кар’еру, не скажу, што яно было горшае, але там хапала моцных прафесіяналаў і менш вопытным было цяжка сябе праявіць. Ён падказаў, што ва Ушацкім раёне ёсць перспектыўная гаспадарка, дзе давяраюць моладзі. Антон Юльянавіч, які на той час быў яе кіраўніком, ахвотна прыняў мяне на работу, паспрыяў выдзяленню камфортнага жылля ў інтэрнаце. І хоць былі ў мяне прапановы і з Міёршчыны, і з полацкай “Вясны-энерга”, зусім не шкадую, што прыехаў ва Ушачы”.

У “Маяку-Ушацкім” навічок хутка стаў сваім – калегі ацанілі яго прафесіяналізм і пазітыўны характар. У сваю чаргу, Андрэй адзначае, што калектыў у гаспадарцы проста выдатны: “Адміністрацыя ўважліва ставіцца да механізатараў, прыслухоўваецца да нашых меркаванняў. Да любога з калег можна звярнуцца за парадай: у першы час, напрыклад, мне дапамагаў адаптавацца Андрэй Лапо – недарэмна ён карыстаецца тут моцным аўтарытэтам. Падабаецца, што ў нас шмат моладзі – з такімі хлопцамі, як Артур Карабань, Ілья Шалонька дакладна не засумуеш! Знаходжу, чым заняцца, і ў вольны час. Зараз яго, канечне, мала, але калі ёсць магчымасць – праведваю бацькоў на Глыбоччыне: адлегласць жа не надта вялікая”.

Андрэй дастойна праяўляе сябе на любым працэсе: зімой займаўся падвозкай кармоў на завячэльскім комплексе, вясну пачынаў з плугамі, пасля чаго пераключыўся на падрыхтоўку глебы. Кажа, што гэта пасяўная – адна з самых складаных за 12 сезонаў яго кар’еры. Здаецца, і летась вясна спазнялася, але глеба была лягчэйшай: сёлета ж зямля не высыхала, на многія ўчасткі немагчыма было заехаць, складана давалася захоўванне якасці апрацоўкі. Але практычна ўсё, што ад іх залежала, мясцовыя работнікі стараліся выконваць, бо добра ўсведамляюць, што няўдалы старт можа пусціць пад адхон увесь аграрны цыкл.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *