В Ушачской районной больнице появится новое цифровое рентгеноборудование

Здравоохранение

На мінулым тыдні “прамую лінію” з чытачамі газеты правёў галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Сяргей Анатольевіч Маісееў. Тэлефанаванняў было няшмат, аднак адказы на ўзнятыя пытанні карысна будзе пачуць многім жыхарам Ушаччыны.

– У дзіцячай кансультацыі паліклінікі дагэтуль працавалі чатыры педыятры. Нядаўна, наколькі я ведаю, адзін малады спецыяліст звольніўся. Мяне як маму двух дзетак хвалюе пытанне: ці не ўзніклі ў сувязі з гэтым праблемы з абслугоўваннем пацыентаў?

– Не. Стаўка, якая вызвалілася, была падзелена паміж іншымі педыятрамі, што дазволіла забяспечыць па-ранейшаму стабільны і якасны прыём малышоў. І ўсё ж трымаем руку на пульсе, таму паклапаціліся пра тое, каб у наступным годзе да нас на працу прыйшоў малады спецыяліст названага профілю. Усяго ж, плануем, наш калектыў у ­2017-м папоўняць ажно 9 урачоў з ліку выпускнікоў вышэйшых медыцынскіх навучальных устаноў.

– Чула, што ўрач-гінеколаг жаночай кансультацыі пайшла ў дэкрэтны водпуск. Хто зараз ажыццяўляе прыём?

– Працуе не менш кваліфікаваны і ўважлівы да здароўя пацыентак урач (маладая дзяўчына). Так што не адкладвайце паход да гінеколага ў доўгую скрыню.

– Як фарміруецца чарга на праходжанне ўльтрагукавога даследавання? Хачу праверыць стан шчытападобнай залозы, вось і думаю, як гэта хутчэй зрабіць.

– Існуе тры варыянты трапіць на прыём да спецыяліста ўльтрагукавой дыягностыкі. Калі лечачы ўрач выявіць у вас сімптомы, па якіх неабходна тэрмінова зрабіць УГД, ён дасць адпаведнае накіраванне – па ім правесці агляд можна ў той жа дзень. Пры наяўнасці ў пацыента пэўных хранічных захворванняў, якія працякаюць спакойна, яму могуць быць назначаны планавыя агляды (раз ці два ў год) – спяшацца на іх нагоды няма, таму можна загадзя запісацца і крыху пачакаць. Калі ж рабіць апошняе не хочацца, прайсці ўльтрагукавое даследаванне можна на платнай аснове. Дарэчы, кошт такой паслугі прымальны, таму яна карыстаецца ў пацыентаў папулярнасцю.

– Ведаю, што ў бліжэйшы час у бальніцы з’явіцца новае рэнтгенабсталяванне…

– Сапраўды, Міністэрствам аховы здароўя нашай краіны было прынята рашэнне забяспечыць Ушацкую ЦРБ лічбавым рэнтгенабсталяваннем. Сучасны апарат дазволіць зрабіць абслугоўванне пацыентаў яшчэ больш поўным і якасным, паколькі “ўмее” выконваць самыя розныя працэдуры, уключаючы тамаграфію. Каля 70 працэнтаў усіх рэнтгендыягнастычных даследаванняў у самы бліжэйшы час можна будзе прайсці непасрэдна ва Ушачах, без выезду ў Полацк ці, скажам, абласны цэнтр.

– Дзякую за тлумачэнні.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *