ОАО «Ушачский райагросервис» заготавливает корма в стрейч-плёнку

Сельское хозяйство

З самага пачатку касавіцы і па сённяшні дзень ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” паралельна з традыцыйнай закладкай зялёных кармоў у траншэю вядзе і іх нарыхтоўку ў стрэйч­-плёнку. Белыя рулоны на палях уздоўж дарог ужо не з’яўляюцца экзотыкай, бо па такой тэхналогіі гаспадарка працуе не першы сезон. А германскі прэс­падборшчык з абмотчыкам, з дапамогай якога зялёная маса некалькі разоў абарочваецца спецыяльнай плёнкай і герметызуецца, упакоўваў сянаж не толькі ў “Райаграсэрвісе”.

“Калі нічога не блытаю, то толькі ў “Глыбачанах”і “Вялікадолецкім” яшчэ не працаваў” – успамінае Аляксандр Маркевіч, якому даверылі разумную тэхніку. Хоць і напісана на агрэгаце “Глыбоцкі райаграсэрвіс”, але гэта толькі месца зборкі падборшчыка з нямецкіх дэталей фірмы “CLAAS”. У кабіне энерганасычанага МТЗ­3022 устаноўлены манітор – аўтаматызаваным працэсам кіруе камп’ютар. Механізатар расказвае, што тэхніка надзейная, высокапрадукцыйная і ў нашых умовах яе магутнасці нават не выкарыстоўваюцца на 100 працэнтаў.

– Пры аптымальнай віль­готнасці зялёнай масы ў 50 працэнтаў рулон мае вагу каля 800 кілаграмаў. За рабочы дзень бывала рабіў і па 150 рулонаў. Нядаўна прасаваў аднагадовыя травы, дык па танажы атрымліваў нават больш чым КВК­800 на кукурузе. Агрэгат зручны і тым, што выкарыстоўваць яго можна і без абмотчыка, як звычайны прэс­падборшчык. Пакуль не задажджыла А.Маркевіч рулоніў таксама і салому.

Тэхналогія зялёнай “кансервацыі” захоўвае якасць корму і дазваляе павялічыць выхад кармавых адзінак з гектара – у рулонах пад стрэйч­плёнкай харчовая каштоўнасць зялёнай масы амаль удвая вышэй, чым у той, што закладаецца ў траншэю. Упакоўка забяспечвае ахову сенажу ад атмасфернага ўздзеяння, ствараючы ўнутры цюка спрыяльныя ўмовы для ферментацыі корму. У “Райаграсэрвісе” такога пажыўнага сенажу нарыхтавана 1033 тоны, 210 – у ААТ “Ільюшынскі” і 45 – у КУСГП “Кублічы”.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *