В Ушачах осудили братьев, которые обокрали сем автомобилей на улицах горпосёлка

Закон - один для всех

Гэтыя словы крыху пераробленай народнай прымаўкі міжволі прыходзяць на розум пры згадванні герояў нашага сённяшняга аповеду, фігурантаў адразу па некалькіх крымінальных справах. Гэтых трох маладых людзей звязваюць не толькі роднасныя адносіны (яны браты), але, на жаль, і агульныя інтарэсы, што прывялі хлопцаў на лаву падсудных.

Пачалася гісторыя мінулым летам, калі Рыгор і Кірыл незаконна “папрацавалі” на сваёй малой радзіме – у аграгарадку Кублічы. Прыкмеціўшы ў кустах непадалёк ад населенага пункта аўтамабіль “Аўдзі”, што належаў мясцоваму жыхару, прайсці міма яны не змаглі. Дзверы транспартнага сродку і крышка багажніка аказаліся адчыненымі – правесці “рэвізію” аўто не склала цяжкасцей. Так юныя зламыснікі разбагацелі на сабвуфер, акустычную сістэму, гітару і іншую маёмасць.

Натхніўшыся такім нечаканым паспехам, у лютым бягучага года Рыгор працягнуў злачынную справу. На гэты раз начную “вылазку” па гарпасёлку ён ажыццявіў са сваім старэйшым братам Валерыем, які ўжо меў судзімасці за крадзяжы. Пад іх увагу трапілі адразу сем аўтамабіляў, што стаялі ў дварах на вуліцах Савецкай, Віцебскай і Камсамольскай. (Зрэшты, многія былі адчыненымі, што дазволіла зламыснікам, як і ў першым выпадку, без праблем іх абкрасці. З гэтай прычыны варта нагадаць ушачанам аб неабходнасці захавання элементарных правілаў бяспекі). Чаго толькі не набралі ў гэтую ноч браты: некалькі магнітол і відэарэгістратараў, навігатар, мабільны тэлефон, аўтамабільныя антэны, блокі аўтамабільных фар, дэкаратыўныя каўпакі ад колаў і нават камплект для стрыжкі валасоў. Агульны ўрон, нанесены ўладальнікам транспартных сродкаў, склаў амаль 1500 дэнамінаваных рублёў.

Вось толькі парадавацца такой здабычы Рыгор і Валерый не паспелі – ужо раніцай яны трапілі пад увагу праваахоўнікаў. Усплылі факты і па першай справе з удзелам непаўналетняга. У выніку крымінальныя справы па ч.2 арт.205 КК Рэспублікі Беларусь – крадзеж, здзейснены групай асоб, былі ўзбуджаны ў адносінах адразу трох братоў. Суд назначыў Кірылу і Рыгору пакаранне ў выглядзе 1,5 і 2 гадоў пазбаўлення волі адпаведна з непрымяненнем гэтай санкцыі, калі на працягу такога ж тэрміну яны не здзейсняць новага злачынства. Абодвум давядзецца заплаціць матэрыяльны ўрон, нанесены кублічаніну, а Рыгору – яшчэ і ўладальнікам транспартных сродкаў па другой справе. Улічваючы адсутнасць у непаўналетніх дастатковых матэрыяльных сродкаў, спагнаны яны будуць з бацькоў хлопцаў. Што ж датычыцца Валерыя, то справа па ім пакуль застаецца незавершанай: малады чалавек кінуўся ва ўцёкі і зараз знаходзіцца ў вышуку. Зразумела адно: рана ці позна яму давядзецца адказаць перад законам, аднак пакаранне ў такім разе будзе максімальна строгім.

С.ШАЙТАР, старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *