Новое в законе о занятости

Калейдоскоп

З 24 кастрычнiка бягучага года пачала дзейнічаць новая рэдакцыя закона “Аб занятасці насельнiцтва Рэспублікі Беларусь”. Пра важнейшыя новаўвядзенні наша сённяшняя гутарка з загадчыцай сектара сацыяльна-працоўных адносін і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ушацкага райвыканкама Ірынай Леанідаўнай ДУНІК:

– Асобным артыкулам дакумента замацаваны абавязкі беспрацоўных…

– Так, апошнія зараз павінны самастойна займацца пошукам работы, на працягу двух рабочых дзён з дня выдачы накіравання прыходзіць на перагаворы з наймальнікам, а таксама з’яўляцца ў органы па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне для атрымання накіравання на работу або вучобу. Усё гэта не толькі замацуе ўзаемаадказнасць службы занятасці, наймальнікаў і грамадзян у вырашэнні пытанняў працаўладкавання, але і ўвяжа абавязкі беспрацоўнага з яго правам на атрыманне пэўных сацыяльных выплат.

– Наколькі я ведаю, удвая скараціўся максімальны перыяд знаходжання на ўліку ў якасці беспрацоўных.

– Сапраўды, раней ён складаў 36 каляндарных месяцаў, а зараз – 18. Зрэшты, новай рэдакцыяй закона ўдакладнены таксама нюансы паўторнай рэгістрацыі ў якасці беспрацоўных: для грамадзян, знятых з уліку за нез’яўленне ў службу занятасці на працягу больш двух месяцаў, яна магчымая толькі праз год з дня апошняга зняцця з уліку.

– Якія новаўвядзенні датычацца наймальнікаў?

– Для іх устаноўлены абавязак пісьмова інфармаваць органы па працы, занятасці і сацабароне аб з’яўленні вакансіі на працягу пяці дзён (раней адводзілася да 2 тыдняў), а аб яе запаўненні – у той жа дзень. Акрамя таго, не пазней чым за два месяцы наймальнік павінен паведаміць аб маючым адбыцца вызваленні работнікаў (дагэтуль толькі ў выпадку масавага вызвалення). Рэалізацыя гэтай нормы дасць магчымасць забяспечыць аператыўнае прагназаванне колькасці грамадзян, патэнцыяльна маючых патрэбу ў падборы працоўнага месца.

– Раней органы дзяржаўнай службы занятасці поўнасцю ці часткова кампенсавалі затраты наймальніка на навучанне работнікаў, што знаходзяцца пад пагрозай звальнення…

– Такая мера, сапраўды, ужо выкарыстоўвалася, а цяпер яна яшчэ замацавана ў законе. Дарэчы, упершыню дакументальна вызначаны катэгорыі работнікаў, якія знаходзяцца пад пагрозай звальнення. Да іх належаць тыя супрацоўнікі, якія падлягаюць звальненню ў сувязі з ліквідацыяй арганізацыі, спыненнем дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка; папярэджаны аб скарачэнні колькасці або штату работнікаў; па ініцыятыве наймальніка знаходзяцца ў вымушаным прастоі, працуюць у рэжыме няпоўнага рабочага часу, у водпуску без захавання або з частковым захаваннем заработнай платы.

– Дзякуй за тлумачэнні.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *