Отслужившую бытовую технику и использованные батарейки принимает ушачское райпо

Калейдоскоп

Хто з нас не задаваўся пытаннем – куды дзець старую бытавую тэхніку? Нехта захламляе ёю балконы, падвалы і пад’езды, некаторыя выносяць на пляцоўкі ля смеццевых кантэйнераў (чым, да слова, парушаюць закон). А многія выкарыстоўваюць зламаныя халадзільнікі ў якасці шафы, не падазраючы, што гэта небяспечна. Калі ж бытавая тэхніка, якая ўтрымлівае ў сабе масу шкодных рэчываў, з нашых кватэр перакачоўвае на звалку, яна пачынае наносіць шкоду экалогіі. А пры гэтым яшчэ і страчваюцца другасныя матэрыяльныя рэсурсы (каштоўныя, чорныя і каляровыя металы, шкло, пластык)…

Відавочна, што старую бытавую тэхніку трэба правільна ўтылізаваць. За вырашэнне гэтай экалагічнай праблемы ў нашай краіне ўзяліся не так даўно – справа зрушылася з месца пасля прыняцця ў 2012 годзе Указа Прэзідэнта №313 “Аб некаторых пытаннях звароту з адходамі спажывання”. Стала наладжвацца сістэма збору ў насельніцтва адслужыўшай складанай бытавой тэхнікі з мэтай далейшай яе перапрацоўкі. У гарадах Беларусі пачалі работу службы па бясплатным вывазе старых халадзільнікаў, кухонных пліт, пральных і швейных машын, тэлевізараў, камп’ютараў і іншай падобнай тэхнікі. Наладжванне гэтай справы было даручана прадпрыемству ААТ “БелВТІ”. Яго рэгіянальныя прадстаўніцтвы адкрыліся ва ўсіх буйных гарадах краіны.

Да нядаўняга часу сістэма не ахоплівала невялікія населеныя пункты накшталт Ушач, але нарэшце і жыхары нашага раёна атрымалі магчымасць цывілізавана ўтылізаваць непрыгодную тэхніку. Адслужыўшыя рэчы ўшачане могуць прывезці на склад другаснай сыравіны райспажыўтаварыства, што ў канцы вуліцы Савецкай (у раёне базы). Пра асноўныя моманты, на якія варта звярнуць увагу тым, хто плануе здаць непатрэбную тэхніку, расказвае начальнік гандлёвага аддзела райспажыўтаварыства Ганна Уладзіміраўна Хамёнак:

– Адразу скажу, што гэта не камерцыйны, а экалагічны праект, які мае на мэце бясшкодную ўтылізацыю бытавой тэхнікі. Таму грошы за яе не выплачваюцца. Пры гэтым электрычнае і электроннае абсталяванне павінна абавязкова быць цэлым, неразабраным. Маюцца абмежаванні ў прыёме ад аднаго чалавека, які можа здаць не больш дзвюх адзінак аднаго наймення буйнагабарытнай тэхнікі, да якой адносяцца халадзільнікі, мара­зільнікі, пліты, пральныя і пасудамыечныя машыны, і не больш трох – сярэднегабарытнай (тэлевізары, маніторы, сістэмныя блокі, мікрахвалевыя печы, пыласосы, швейныя машыны і іншае). Здатчыку трэба мець пры сабе дакумент, пацвярджаючы асобу. Сабраныя рэчы будуць цэнтралізавана вывозіцца ўнітарным прадпрыемствам Полацк БелВТІ­рэгіён, спецыялісты якога потым разбіраюць тэхніку, адпраўляючы дэталі на перапрацоўку або ўтылізацыю.

Пакуль сістэма збору толькі наладжваецца, а таму цяжка сказаць, наколькі запатрабаванай і эфектыўная яна будзе. Відавочна, што для большасці вясковых жыхароў прывезці старую тэхніку ва Ушачы – справа складаная, а таму ў райспажыўтаварыстве не выключаюць магчымасці выезду прыёмшчыка ў населеныя пункты, калі мясцовыя жыхары збяруць пэўную колькасць бытавой тэхнікі і пададуць самі або праз старэйшыну заяўку на яе вываз. Дастаўку рэчаў мяркуюць ажыццяўляць спадарожнымі рэйсамі тэхнікі аўтабазы. Прапановы на гэты кошт можна паведаміць па тэлефоне 2­03­63.

Трэба сказаць, што полацкае рэгіянальнае прадпрыемства “БелВТІ” супрацоўнічае з ушацкімі кааператарамі не першы год: менавіта яно арганізоўвае вываз адпрацаваных батарэек і энергазберагальных лямпаў. Дарэчы, толькі за першае паўгоддзе бягучага года ў Беларусі сабрана 28,5 тоны батарэек. А зусім нядаўна зманціравана першая ў краіне лінія па іх перапрацоўцы, здольная перарабляць 100 тон сыравіны ў год. Тэхналогія перапрацоўкі, падчас якой з салявых і шчолачных батарэек будуць вымацца чорныя і каляровыя металы, распрацавана беларускімі навукоўцамі. Мяркуецца, што лінія будзе запушчана да канца года.

Забеспячэнню інавацыйнага прадпрыемства сыравінай могуць паспрыяць і ўшачане. Нагадаем, што спецыяльныя кантэйнеры для збору адпрацаваных батарэек устаноўлены ў магазінах “Тэхнамір”, “Універмаг” (другі паверх) і “Будматэрыялы”. У апошняй гандлёвай кропцы з боку ўвахода на склад маецца скрыня, куды можна выкінуць энергазберагальныя лямпы. Не лянуйцеся па правілах утылізаваць гэтыя вельмі шкодныя для экалогіі рэчы!

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Здавалася б, якая дробязь – выкінуць адпрацаваную батарэйку на сметнік, замяніўшы яе на новую. Многія з нас так і робяць, не ўсведамляючы, які вялікі ўрон тым самым мы наносім роднай прыродзе…

Але я ўпэўнены, што пасля праведзенага ў нашай Вяркудскай школе мерапрыемства “Батарэйкі: жыццё працягваецца” вучні зусім па­іншаму будуць глядзець на праблему выкарыстання і ўтылізацыі гэтых энерганосьбітаў. Яго для нас падрыхтавалі настаўнікі фізікі Л.М.Шчакачыхіна і біялогіі Т.В.Ліленка. Мы правялі конкурс на лепшы малюнак і памятку па выкарыстанні батарэек, а таксама акцыю “Паляванне за батарэйкай”, у ходзе якой збіралі старыя энерганосьбіты, каб правільна іх утылізаваць. Карысна было даведацца пра віды і маркіроўку батарэек, навучыцца вызначаць іх годнасць. У выніку ж усе мы засвоілі абавязковае патрабаванне: каб не псаваць экалогію, батарэйкі трэба выкідваць толькі ў спецыяльныя скрыні – тады іх адправяць на перапрацоўчае прадпрыемства, дзе вымуць каштоўныя складнікі, а астатнія ўтылізуюць з перасцярогай. Гэта выгадна і з экалагічнага, і з эканамічнага боку.

Дзмітрый ТРОЦКІ,  вучань 8 класа Вяркудскай школы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *