Покупки онлайн: выгодное предложение или игра в лотерею?

Калейдоскоп

У цяперашні час практычна ўсё можна купіць праз інтэрнэт-рэсурсы. Гэта зручна і хутка, а бывае, што і танней, чым у стацыянарным магазіне. Менавіта таму Дзень спажыўца ў Рэспубліцы Беларусь пройдзе пад дэвізам “Абарона правоў спажыўцоў у эпоху разумных тэхналогій”. Мы пацікавіліся ва ўшачан, што яны часцей за ўсё набываюць праз інтэрнэт і ці прыходзілася сутыкацца пры гэтым з пэўнымі праблемамі.

Вераніка Пацэйка: “Раней скептычна адносілася да пакупак праз сусветную павуціну, думаючы, што гэта “гульня ў латарэю”: памацаць, разгледзець рэч перад пакупкай немагчыма, а калі не пашанцуе, і вярнуць не атрымаецца. Але гледзячы, як усе мае сябры актыўна “затарваюцца”, не выходзячы з дому, паступова ўцягнулася. Цяпер перыядычна заказваю прадукты харчавання ў “Е-дастаўцы”, а адзенне ў інтэрнэт-магазіне “Wildberries”. У першым выпадку гэта зручна, асабліва калі патрэбны вялікі спіс тавараў – не трэба несці з крамы цяжкія пакеты. У другім – бясплатная дастаўка і кур’ер чакае, пакуль прымяраеш заказаныя рэчы. Задаволена і пакупкай мабільнага тэлефона праз інтэрнэт-магазін. Пакуль ніякіх спрэчных сітуацый не ўзнікала: тавар быў якасны і дастаўляўся своечасова”.

Андрэй Вашкевіч: “Неяк тэрмінова спатрэбілася не надта распаўсюджаная запчастка да аўто, таму ва ўшацкіх магазінах яе не знайшоў, чакаць прывозу трэба было некалькі дзён. Заказаў праз інтэрнэт увечары, а раніцай наступнага дня яе даставілі. Усё падышло без праблем!”

Таццяна Венжык: “У цэлым да анлайн-пакупак адношуся станоўча. Але ўсё ж нядаўна неадназначная сітуацыя ўзнікла. Вырашыла зрабіць аднаму дарагому чалавеку арыгінальны падарунак: насценны гадзіннік з фатаграфіямі – шматлікія інтэрнэт-копіцэнтры гатовы ўвасобіць любую падобную задуму. У хуткім часе заказ быў адпраўлены па пошце. Забраўшы ў аддзяленні пасылку, спяшалася на работу і адкрыла яе толькі ўвечары. Прыгожы гадзіннік з фота віноўніка ўрачыстасці спраўна працаваў, але… быў трэснуты па дыяганалі. Як даказаць, хто вінаваты – адпраўшчык, пошта ці я? У роспачы напісала ліст выканаўцам работ. Тыя, зразумела, віну на сябе не ўзялі і, паспачуваўшы, прапанавалі ў самы кароткі тэрмін зрабіць новы падарунак са скідкай. Спроба нумар два мяне не парадавала: паўторны заказ рабілі ледзь не два тыдні, а пры атрыманні аказалася, што ніякай скідкі няма. Так адзін падарунак мне абышоўся па цане двух”.

Алена Апёнак: “У інтэрнэт-магазінах заказваю даволі часта як прадукты, так і рэчы. Заўсёды ўсё задавольвала, толькі аднойчы ўзнікла спрэчная сітуацыя: замест сіняга веласіпеда для сыночка прывезлі ружовы. Пасля прад’яўлення прэтэнзіі тавар замянілі. Летась нават заказвала праз інтэрнэт білеты на канцэрт “Славянскага базару ў Віцебску”.

Вольга Рубанік: “Праз інтэрнэт-сайты сям’ёй здзяйсняем не толькі дробныя пакупкі, а і набываем буйныя рэчы. Нічога не маю супраць стацыянарных магазінаў, але ў легкавым аўто не прывязеш, скажам, пральную машыну, ды і не трэба клапаціцца пра загрузку і разгрузку. Так, напрыклад, прыемныя ўражанні заўсёды выклікае “21 век”: у гэтым магазіне ўдала купілі халадзільнік і мікрахвалевую печ. Аднойчы заказалі пыласос, пры дастаўцы кур’ерам усё праверылі, а ўжо пры карыстанні выявіліся пэўныя хібы. Патэлефанавалі – праз дзень бытавы прыбор замянілі”.

Кампетэнты каментарый
Таццяна Уладзіміраўна Ханяк, начальнік аддзела эканомікі Ушацкага райвыканкама: “Пры набыцці тавараў у інтэрнэт-магазіне за пакупніком захоўваюцца ўсе правы, гарантаваныя Законам Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў”. Пошук тавару лепш ажыццяўляць у інтэрнэт-магазінах, размешчаных на беларускіх парталах, гэта значыць у зоне BY. Пры гэтым прадавец на сайце інтэрнэт-магазіна павінен давесці да ведама спажыўца на беларускай або рускай мове інфармацыю пра сябе (назва арганізацыі, юрыдычны адрас, УНП, звесткі аб спецыяльным дазволе (ліцэнзіі) на ажыццяўленне рознічнага гандлю) і аб тавары (найменне, вытворца, імпарцёр і г.д). Калі набываеце рэч, абавязкова захавайце даныя аб інтэрнэт-старонцы, на якой размешчана інфармацыя аб прадаўцы і абраным тавары.

Пры дастаўцы тавару вам абавязаны перадаць дакумент (таварны чэк і інш.), дзе ўказаны канкрэтны “жывы” адрас, па якім можна звяртацца. Дарэчы, гэтая інфармацыя павінна быць і на сайце магазіна. Падчас атрымання ўважліва агледзьце тавар, пераканайцеся ў яго цэласнасці і ў тым, што ён адпавядае апісанню на сайце. Згодна пункта 1 арт.16 Закона “Аб правах спажыўцоў”, калі няма магчымасці атрымаць неабходную інфармацыю аб тавары ў момант дастаўкі, можна адмовіцца ад яго набыцця без пакрыцця расходаў, звязаных з дастаўкай. Абавязкова праверце дакументы! Калі вы набываеце бытавую тэхніку, то спачатку ўпэўніцеся, што ўсё працуе, а толькі потым расплачвайцеся”.

Па даных Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, за апошнія 5 гадоў колькасць інтэрнэт-магазінаў у Беларусі ўзрасла амаль у 4 разы. Найбольш актыўна праз інтэрнэт беларусы набываюць бытавую тэхніку, адзенне, сувеніры, тавары для хобі, дома і дачы, касметыку, дзіцячыя тавары.

* * *

У пятніцу, 15 сакавіка, на пытанні, якія датычацца абароны правоў спажыўцоў, жыхарам раёна адкажа начальнік аддзела эканомікі Ушацкага райвыканкама Таццяна Уладзіміраўна Ханяк. Вашых званкоў чакаюць з 9 да 10 гадзін па нумары 2-74-46.

Падрыхтавала Вольга Камаркова.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *