Четверть века ОАО «Лес», или Чем живёт признанное предприятие Ушачского района

Импортозамещение Калейдоскоп Наш современник Наши земляки Общество Экономика и малый бизнес

Адно з першых прыватных прадпрыемстваў Ушаччыны – ТАА “Лес” летась адзначыла сваё 25­годдзе. Адзначыла сціпла, як, дарэчы, і працуе. Спакойна і стабільна, у правераным пастаўшчыкамі сыравіны і кліентамі рытме. І дзесяцігоддзямі трымае марку. Менавіта ў іх самы смачны журавінны прыпас і якасная сухая дошка. Хоць стаўку рабілі на драўняныя пліты…

Ніша ў кожнага свая

Будаўнік па адукацыі Ігар Міхайлавіч Андрэеў пры пошуку сваёй нішы вырашыў вырабляць экалагічна чыстыя драўняныя пліты, якія б потым выкарыстоўваліся ў вырабе мэблі. Набылі абсталяванне, выпусцілі першую партыю. Аднак… не пайшло па якасці. Абсталяванне аказалася маральна састарэлым, і прадукцыя не задаволіла ні іх, ні кліентаў. Сродкі ўкладзены, а надзеі рассыпаліся, як пілаванне са станка. Самы час расчаравацца, аднак не моцным маладым мужчынам, якія ў дзевяностым годзе ўклалі сродкі ў таварыства з немудрагелістай назвай “Лес”. Паўплывала на выбар назвы не толькі сыравіна, з якой збіраліся працаваць, а яшчэ і тое, што адным з акцыянераў на той час быў Ушацкі лясгас. А таксама станкабудаўнічае маскоўскае прадпрыемства “Чырвоны пралетарый”. Яны і былі пастаўшчыкамі абсталявання, якое ў дадатак да капіталу сяброў­заснавальнікаў і дало старт невялікаму прадпрыемству.

На ягадах – як на дражджах

А выручыла ў цяжкую хвіліну лінія маладых навукоўцаў, якую атрымаў наш, як вядома, на той час самы перадавы лясгас рэспублікі на чале з яго кіраўніком­наватарам Мікалаем Дарафеевічам Бабаедавым. І стаяла абсталяванне, на якім журавіны апраналіся ў цукровую футру, доўгі час на яго тэрыторыі. А забяспечвала ТАА “Лес” экалагічна чыстымі прысмакамі ўсю Беларусь.

– Трапілі на грэбень журавіннай хвалі. Удача адвярнулася ў адным напрамку і паспрыяла ў другім. Усе памятаюць дзевяностыя – на паліцах не было нічога, у тым ліку і ніякіх цукерак, і нашы журавіны ў цукры проста разляталіся. Мы былі першымі ў краіне, хто распачаў іх выпуск дзякуючы той самай лініі. Ці фасаваныя ў маленькія каробачкі, ці (не паспявалі гэта рабіць) у дваццацікілаграмовыя пакеты, яны накіроўваліся прама ў гандлёвыя кропкі. Рэнтабельнасць  тады ў разы перавышала затраты. Менавіта журавіны ў цукры і далі магчымасць потым выкупіць зямлю, пабудаваць вялікае памяшканне для вырабу экалагічных драўняных пліт, набыць дадатковае абсталяванне і прадоўжыць іх выпуск, праўда непрацяглы час.

– Цяпер цукерак  хапае на розныя густы. Тэрмін жа захоўвання журавін у цукры непрацяглы – 22 дні, так што вымушаны былі перапрафіліравацца на ягадныя прыпасы, – тлумачыць  дырэктар І.М.Андрэеў.

– Рэнтабельнасць сціплая, – дадае галоўны бухгалтар Ганна Іванаўна Атрашкевіч, – каля пяці працэнтаў, аднак прыбытак дазваляе не толькі стабільна выплачваць заработную плату, набываць сыравіну, а і развівацца. Летась, напрыклад, купілі маразільную камеру, сёлета машыну для перавозкі прадукцыі.

Працуюць жа практычна з колаў. Паўтары тоны ягад перапрацоўваюць за змену ў цэху, які адноўлены ў памяшканні былога малаказавода. Пераехаў сюды шэсць год таму і адміністрацыйны апарат. Многа новага абсталявання набылі, а старую лінію, што прынесла поспех, усё роўна захоўваюць, у адрозненні ад той, на якой выпускалі драўняныя пліты. Не пайшло, ды і канкурэнцыя ў выпуску будматэрыялаў вялікая, таму і пакінулі толькі пілараму, на якой вырабляюць розныя матэрыялы з драўніны – дошку для падлогі, вагонку. Так і працуюць дзве вытворчыя базы “Леса” на супрацьлеглых баках вуліцы Савецкай.

Для самых патрабавальных кліентаў

Калі вам патрэбна падлога з ліставых парод – гэта да іх. Вырабляюць нават невялікія партыі, таму што іх асноўны кліент – прыватнік. Працуюць для насельніцтва, прычым, па ўсіх правілах. Гэта азначае, што ім варта толькі даць заказ – і тавар тэрмінова будзе ў вас на двары. Калі няма гатовага – распілуюць і прывязуць. Прычым, драўніна ідзе сухой. Аднак дрэваапрацоўку называюць усё ж не асноўным відам дзейнасці. Галоўны – салодкі цэх.

Ці спрабавалі вы ягадны прыпас ТАА “Лес”? Тады шчыра раю. Асабіста я магла пераканацца ў выдатнай якасці прадукцыі, параўноўваючы з падобнай іншага вытворцы. Не хочацца нікога крыўдзіць, аднак слоік канкурэнтаў хоць і быў вельмі маленькім, а так і застаўся стаяць распачатым. Параўнання з нашай, абсалютна натуральнай прадукцыяй проста ніякага. Журавіны “Леса” такія, як мы з вамі робім самастойна: перацёртыя з цукрам. У складзе прадукту  няма нічога акрамя непасрэдна ягад, цукру і лімоннай кіслаты. Таму і напісана на слоіках: для школьнага і дашкольнага харчавання.  А гэта сінонім экалагічнай чысціні і суперякасці.

Па 170 тон ягаднага пюрэ разыходзіцца штогод па розных кутках Беларусі. Іх ведаюць практычна ўсе сады і школы краіны,  “Лес” супрацоўнічае з буйной гандлёвай сеткай “Бакалея”, а таксама з харчовымі камбінатамі, напрыклад, такімі як “Спартак”. Міжнародныя дэкларацыі на чатыры віды ягаднага пюрэ даюць магчымасць распаўсюджваць тавар па ўсёй зоне Мытнага саюза, толькі хапае пакуль заказаў і ў межах Беларусі.

Журавіны, брусніцы, чарніцы і чорную парэчку закупляюць, канечне, і на месцы, аднак гэта кропля ў моры. Галоўным пастаўшчыком журавін – на іх самы вялікі попыт – вось ужо на працягу сямі гадоў  з’яўляюцца “Палескія журавіны” – прадпрыемства, якое займаецца вырошчваннем садовай ягады. А былі часы, калі ездзілі за  вітаміннай “кісліцай” ажно за Урал.

ТАА “Лес” – надзейная кампанія і для пастаўшчыкоў, і для закупшчыкаў. На візітоўцы “Віцебскбакалея”, напрыклад, напісана, “працуем з лепшымі пастаўшчыкамі: гарантыя якасці і лепшых цэн”.

… і надзейных членаў калектыву

Але, мабыць, самае асноўнае, што “Лес” надзейнае прадпрыемства для сваіх працаўнікоў. Прыватнае, аднак з лепшымі традыцыямі прафсаюзнага руху, напрацовак падтрымкі работнікаў. Ларыса Сцяпанаўна Смаляк – прафорг і галоўны эканаміст прадпрыемства, пералічае палажэнні калектыўнага дагавора, па якім і па выхадзе на пенсію, і пры значных ці жалобных днях прадугледжана падтрымка, ці да першага верасня, каб дапамагчы сабраць дзяцей у школу. Ды і так Ігар Міхайлавіч  Андрэеў заўсёды ідзе насустрач – работнікі бухгалтэрыі прыгадалі, што зараз таварыства выдзяляе грошы, каб дачка іх работніцы і мнагадзетнай маці  Наталлі Сцежкінай прыняла ўдзел у міжнародным чэмпіянаце па самба.

Прадпрыемства абучыла для сябе начальніка вытворчасці – профільную адукацыю Людміла Мікалаеўна Аўдошка атрымлівала па накіраванні  ТАА “Лес”. А яе маці Ганна Іванаўна Атрашкевіч рыхтуе  сабе змену – падказвае і дапамагае маладому спецыялісту Вользе Агіевіч. На другім канцы Савецкай пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара Аляксея Венядзіктавіча Арлова працуюць дрэваапрацоўшчыкі і вадзіцелі. Усяго ў калектыве, у якім зусім няма цякучасці кадраў, працуе 28 чалавек.

На сёння ў ТАА “Лес” няма крэдытаў і даўгоў, разлічыліся за ўсё абсталяванне, выкупілі акцыі былых акцыянераў.   А на маё пытанне, што б самы вопытны прадпрымальнік раёна параіў тым, хто толькі мусіць распачынаць сваю справу, Ігар Міхайлавіч сказаў: “Мэтанакіраванасці. Патрэбны, канечне, і стартавы капітал, аднак без яе не зрушыць. У нас таксама былі розныя часы, і вельмі цяжкія, аднак у любыя трэба працаваць, шукаць партнёраў і не падводзіць іх”.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *