Завершается подписка на «Патрыёт». Оставайтесь с нами!

Общество

Выхад кожнага новага нумара “Патрыёта” мы чакаем з хваляваннем. Здаецца, ведаеш на памяць матэрыялы, бо ў працэсе падрыхтоўкі да друку неаднойчы перачытаеш. Але ж тое на аркушах паперы, а тут – гартаеш ужо гатовую газету. І ўсё чытаецца па-іншаму, глядзіцца па-новаму. Прааналізаваўшы ўсе плюсы і мінусы, адпраўляеш “раёнку” ў падшыўку – і зноў за справу.

Так працуе калектыў рэдакцыі раённай газеты ўжо на працягу дзесяцігоддзяў. Мы пішам пра простых, сціплых, сур’ёзных, разумных, інтэлігентных людзей нашага краю. Усхваляем працавітасць, гаспадарлівасць, чалавечнасць, мудрасць. Заклікаем  шанаваць і берагчы сваіх блізкіх, паважаць састарэлых, шкадаваць пакрыўджаных лёсам і дапамагаць ім. Мы за справядлівасць, духоўнасць і душэўнасць, за захаванне найлепшых традыцый, адданасць сям’і, дзецям, за любоў да малой радзімы – мы не губляем свае карані і хочам, каб пачуццё саўдзелу і неабыякавасці да ўсяго, што адбываецца ў нашым рэгіёне, было ўласціва ўсім ушачанам.

І ў нас вялікае кола аднадумцаў. Нямала прыгадваецца выпадкаў, калі пасля выхаду ў свет чарговага нумара “Патрыёта” ў рэдакцыю тэлефануюць людзі і дзякуюць за ўдалы артыкул, адгукаюцца з цеплынёй пра газету. Што і казаць, прыемна. Але мы шчыра ўдзячны і тым, хто крытыкуе нашы матэрыялы, указвае на недакладнасці, падказвае тэмы – гэта дапамагае трымаць руку на пульсе жыцця: нам вельмі важна, чым адгукнецца наша слова.

Ні для каго не сакрэт, што ў інтарэсах рэдакцыі пашырыць кола падпісчыкаў. Мы не адмаўляемся ад “хітрыкаў” у выглядзе прызоў пераможцам нашых конкурсаў, скідак пастаянным падпісчыкам, але галоўным спосабам заваяваць прыхільнасць лічым прафесіяналізм, адчуванне чытача і павагу да яго. Значыць, наперадзе ў нас шмат работы па паляпшэнні дызайну, ідэйнага напаўнення газеты праз адкрыццё новых цікавых рубрык і тэматычных праектаў. Мы – дзяржаўнае выданне, таму працягнем актыўна праводзіць дзяржаўную палітыку і садзейнічаць фарміраванню духоўных каштоўнасцей, ісці ў працоўныя калектывы, раскрываць невядомыя старонкі нашай гісторыі і, канечне, пісаць пра землякоў. Раённая газета не шукае мінутнай славы і сенсацый. Лічу, што яе хутчэй можна параўнаць з дзённікам жыцця ўшачан, простых людзей, якія жывуць на роднай зямлі.

Наша аўдыторыя не абмяжоўваецца газетай, бо да яе дабаўляюцца тысячы наведвальнікаў сайта. У развіцці гэтага рэсурсу ў нас таксама многа задач, і рэдакцыя будзе працаваць над яго аператыўным абнаўленнем, напаўняльнасцю, наладжваннем зваротнай сувязі з наведвальнікамі.

Зусім хутка Новы год. У кожнага з вас, паважаныя ўшачане, ёсць свае планы, мары, здзяйснення якіх мы зычым вам усім нашым невялікім калектывам. А пакуль яшчэ перадсвяточныя клопаты не закружылі канчаткова, прапаноўваем вам аформіць падпіску на “Патрыёт”, бо газет многа, а “раёнка” – адна. Нагадваем, што падпісацца можна ў любым аддзяленні сувязі, у вашага паштальёна і ў нас у рэдакцыі.

Заставайцеся з “Патрыётам”!

З самымі добрымі пажаданнямі і шчырай павагай, Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *