В Ушачах прошёл День снега

Cпорт

Дзень снегу прапісаўся ў календары не так даўно, з 2012 года. І святкуюць яго ў асноўным лыжнікі, біятланісты, канькабежцы, фігурысты – словам, усе тыя, для каго спартыўны сезон – зіма. Але ніхто не перашкаджае далучыцца да іх усім “не спартсменам”, якія любяць зімовыя забавы, хто пры нагодзе і без яе лепіць снегавікоў, гуляе ў снежкі, катаецца з горкі на тым, што трапіцца пад руку… Тым больш што сёлетняе надвор’е пакуль дазваляе ўсё гэта рабіць і невядома, як доўга працягнецца снежная манаполія.

Пра тое, што на двары яе час, зіма ўжо нагадвала маразамі, якія ў суботу палагаднелі да радасці ўдзельнікаў раённага спартыўна-масавага мерапрыемства, прысвечанага Дню снегу. “Мінус” быў невялікі, але прырода не стала разменьвацца на дробязі і выбрала іншую “зброю”, прычым, даволі вялікага калібру – з раніцы ішоў моцны снег. Вось толькі сапраўдных прыхільнікаў здаровага ладу жыцця з васьмі арганізацый і прадпрыемстваў раёна такім надвор’ем не напалохаеш. Перад урачыстым стартам іх з зімовым святам павіншавала намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Т.У.Шарыпенка.

Таццяна Уладзіміраўна пажадала ўдачы ў спаборніцтвах і параіла правесці Дзень снегу як мага больш карысна і весела. Гэтаму спрыяла цікавая і насычаная праграма: лыжныя гонкі, перацягванне каната, а таксама незвычайная жартоўная эстафета і конкурс снежных фігур.

Актыўная падрыхтоўка да спаборніцтваў пачалася на школьным стадыёне з самай раніцы. Не чакаючы афіцыйнага старту, удзельнікі лыжнай эстафеты расчарцілі снежную цаліну, якая ўтварылася за ноч, узорамі слядоў пластыкавых “пантофляў”. Большасць завітаўшых на стадыён людзей не мелі іх у сваім гардэробе, але лыжы можна было ўзяць напракат. Трэба сказаць, што спаборнічаць удзельнікам эстафеты давялося ў першую чаргу з самім сабой і рыхлай трасай – гарачага дыхання сапернікаў побач не было, бо замест чаканага “масстарту” каманды адпраўляліся на дыстанцыю адна за адной. Таму практычна не здаралася недарэчнага і крыўднага падзення, толькі ўжо па завяршэнні свайго этапу некаторыя апускаліся на снег – вось табе і 400 метраў!

“У зімовы холад кожны молад!” – актыўна размінаўся перад стартам работнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіль Алексяёнак. Самы ўзроставы ўдзельнік лыжных спаборніцтва тут жа даказаў, што яно і сапраўды так, прабегшы свой этап хутчэй многіх маладзейшых сапернікаў. У эстафеце ад кожнай каманды ўдзельнічалі па два мужчыны і дзве жанчыны, а найлепшы сумарны час паказалі гаспадары спаборніцтваў з Ушацкай школы, за якую выступалі члены “Белай Русі”. Вынік у многім прадказальны, бо для мужчынскай састаўляючай каманды, настаўнікаў фізічнай культуры Валерыя Гугіна і Уладзіміра Качко, Дзень снегу – ледзьве не прафесійнае свята, добры ход на лыжні прадэманстравалі і Эльвіра Цвірбут з Веранікай Дуброўскай. Другімі сталі лыжнікі з аб’яднанай каманды райаддзела па надзвычайных сітуацыях і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, трэцяе месца дасталася камандзе УП ЖКГ Ушацкага раёна.

“Адкуль такая вясёлая моладзь?” – пыталіся балельшчыкі, гледзячы на жарты невялікай каманды КУСГП “Глыбачаны”, якая змагла дабрацца на свята і сваёй прысутнасцю пасароміла вялікую колькасць арганізацый райцэнтра, пабаяўшыхся ў Дзень снегу яго галоўнага атрыбута. Гэта яшчэ адзін доказ, што ўсё залежыць ад кіраўніка – малады дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Канстанцінавіч Міхаль у не вельмі далёкім мінулым быў пастаянным удзель­нікам школьных спаборніцтваў па лыжах, прадстаўляў раён на абласных спартакіядах. Але вызначыліся ва ўсіх сэнсах слова глыбачанцы не на лыжні, а на міні-футбольнай каробцы, якая трансфармавалася ў пляцоўку для жартоўнай эстафеты, і дзе кіпелі зусім не жартоўныя страсці. Найбольшыя праблемы ўзніклі там, дзе на першы погляд іх не павінна было быць: здаецца, ну што цяжкага – трапіць з некалькіх метраў вялікім валёнкам у кеглю! Але снарад спецыфічнай формы раз-пораз адхіляўся ад траекторыі, ляцеў не па прызначэнні – у суддзяў і балельшчыкаў. Акрамя таго, мужчыне і жанчыне з кожнай каманды неабходна было паразіць мішэні з дапамогай снежак, а да месцаў “стральбы” адзін удзельнік дастаўляў другога на дзіцячых санках. І калі ў астатніх дружынах у якасці рухавіка выступалі мужчыны, то эканаміст “Глыбачан” Ніна Кірпічонак пашкадавала Аляксандра Брыціка, які толькі скончыў лыжню, і сама вызвалася быць “цяглавай сілай”. І дружны дуэт так удала пераадолеў дыстанцыю, што заваяваў другое месца, саступіўшы толькі Дмітрыю Цюкалу і Святлане Сабінай з каманды райаддзела МНС і ТЦСАН, трэцімі сталі прадстаўнікі райбальніцы.

“Палкі даўгія!” – спрабаваў “казённыя” лыжы вадзіцель райспажыўтаварыства Алег Мацулевіч, На лыжні кааператарам трапіць у прызёры не ўдалося, а ў цэлым гэта каманда пакідала прыемнае ўражанне сваёй зараджанасцю на барацьбу і мела вялікую групу балельшчыкаў ад дзетсадаўскага да пенсійнага ўзросту, узначальвала якую, як і належыць прафсаюзнаму лідару, Ірына Долгая. Менавіта дзякуючы гарачай падтрымцы работнікі спажывецкай кааперацыі “на жылах” выцягнулі бронзу ў канаце. А гэта вам не якія-небудзь шашкі! Няхай не крыўдуюць прыхільнікі чорна-белых клетак, але напэўна ніхто не будзе аспрэчваць, што па сваёй відовішчнасці перацягванне каната дасць фору дзясяткам іншых відаў спорту, таму і прысутнічае ў праграме практычна ўсіх раённых спартыўна-масавых мерапрыемстваў, нязменна збірае вялікую колькасць гледачоў. Перафразуючы вядомае выказванне “ў футбол гуляюць 22 чалавекі, а перамагаюць заўсёды немцы”, можна сказаць, што ў апошнія гады на розных спаборніцтвах у перацягванні каната прымае ўдзел розная колькасць арганізацый, а мацнейшымі аказваюцца выратавальнікі. Так было і на гэты раз, хаця лёгкай іх перамогу не назавеш – у фінале на заснежанай пляцоўцы дастойнае супраціўленне супрацоўнікам МНС аказала каманда аддзела культуры, ідэалагічнай работы і па справах моладзі.

Нягледзячы на завіруху сонечны настрой панаваў у скверы ля школы. Тут на вачах гледачоў вырастала галерэя снежных скульптур. Трывіяльнага і самага папулярнага персанажа народнай творчасці снегавіка дзеці ляпілі паводдаль, удзельнікі ж каманд праявілі больш фантазіі. Чароўны і вельмі мілы казачны дракон атрымаўся ў “скульптараў” Ушацкай школы, якія не толькі самі прыселі на яго пяціметровы хвост для здымка, але і актыўна запрашалі на фотасесіі іншых удзельнікаў і гасцей свята. І трэба сказаць, што жадаючых хапала, як і ля іншых снежных “шэдэўраў” – сімпатычных маржа райспажыўтаварыства і смаўжа райбальніцы. Дарэчы, удзельнік гэтай каманды, малады ўрач Аляксандр Вусько праявіў сябе ў гэты дзень сапраўдным універсалам. Ён паспяваў усюды – бегаў на лыжах, цягаў санкі падчас эстафет, нягледзячы на траўму, мужна трымаўся на канаце і прыняў самы непасрэдны ўдзел у стварэнні снежнай фігуры! Крэатыўна падышлі да задання работнікі культуры – іх ледзяное вогнішча настолькі нагадвала натуральнае, што хацелася падысці да яго пагрэцца, кранальнай была кампазіцыя “Вернасць” у выглядзе пары лебедзяў яшчэ адных “далёкіх” удзельнікаў – каманды Кубліцкай школы. Ну а члены аб’яднанай каманды райаддзела МНС і ТЦСАН зляпілі са снегу смяшарыкаў – здавалася, што яны толькі сышлі з экрана тэлевізара, і ў хуткім часе каля іх сабралася шмат дзятвы. Журы ацаніла намаганні ўсіх удзельнікаў конкурсу і прыняла саламонава рашэнне, адзначыўшы ўсе работы.

Прырода падарыла спартсменам добры зімовы дзень, пра музычнае і “чайнае” суправаджэнне мерапрыемства паклапаціліся работнікі культуры і райспажыўтаварыства, а ўсё астатняе адбылося дзякуючы згуртаванасці арганізатараў – аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, ФСК “Ураджай”, прадстаўнікі якіх падзякавалі прыхільнікам здаровага ладу жыцця за ўдзел у спаборніцтвах на падвядзенні вынікаў. Падарункамі, медалямі і кубкамі былі ўзнагароджаны прызёры  ў асобных відах і каманды-пераможцы: трэцяе месца заваявала Ушацкая школа, другімі сталі работнікі райспажыўтаварыства, а перамогу атрымала каманда райаддзела МНС і ТЦСАН.

Маленькія наведвальнікі стадыёна, назіраючы за гульнявымі забавамі дарослых, не забывалі і пра свае. Падчас свята працавала дзіцячая пляцоўка, мнагалюдна было і на горках схілаў стадыёна, дзе малыя, якія аказаліся больш лёгкія на пад’ём, чым дарослыя, сапраўды “купаліся” ў снезе. Самі ж удзель­нікі свята, мокрыя і стомленыя, тым не менш засталіся задаволеныя – ну не пераносіць жа Дзень снегу з-за снегу!

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *