Блестящую победу одержал ушачанин Михаил Ярмош на республиканской спартакиаде среди юношей допризывного и призывного возраста «Защитник Отечества»

Cпорт Наши земляки

Гэту навіну можна было падаць і раней, ды сама назва фінальных спаборніцтваў рэспубліканскай спартакіяды сярод юнакоў дапрызыўнага і прызыўнага ўзросту “Абаронца Айчыны”, на якіх наш зямляк Міхаіл Ярмош (на здымку ў цэнтры) атрымаў бліскучую перамогу, прымусіла крыху прытрымаць матэрыял і прымеркаваць яго да галоўнага свята моцнай паловы чалавецтва – малады ўшачанін прадэманстраваў характар і загартоўку сапраўднага мужчыны.

Кажуць, што дома і сцены дапамагаюць. Наваполацк, дзе Міхаіл зараз займаецца біятлонам у вучылішчы алімпійскага рэзерву і дзе праходзілі спаборніцтвы – базавы горад зімовай версіі “Абаронцы Айчыны”. Аснову зборнай Віцебшчыны складалі менавіта навучэнцы мясцовай спецыялізаванай навучальнай установы, у складзе якіх, зразумела, быў і Міхаіл, пераможца абласных спаборніцтваў. Канкурэнты ў яго падабраліся вельмі дастойныя – зборныя кожнай з абласцей і Мінска выставілі па дзесяць мацнейшых юнакоў у дзвюх узроставых катэгорыях: па пяць 15-16 гадоў і юніёраў, старэйшых на два гады.

Высокі ўзровень саперніцтва толькі мабілізаваў нашага земляка. У суме ўсіх відаў мнагабор’я ён набраў 125 ачкоў, ва ўпартай барацьбе апярэдзіўшы срэбранага і бронзавага прызёраў у малодшай узроставай катэгорыі адпаведна на 1 і 4 заліковыя балы. За трыумфальным выступленнем былога выхаванца ўвачавідкі назіраў і падтрымліваў юнака трэнер Ушацкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Пётр Юльянавіч Варатынскі:

– У параўнанні з абласнымі спаборніцтвамі Міхаіл дабавіў ва ўсіх відах – палепшыў вынікі ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі са становішча стоячы, падцягванні на высокай перакладзіне, а з часу праходжання пяцікіламетровай дыстанцыі “скінуў” аж 27 секунд – 13.30!

Пераможцы і прызёры спартакіяды ў кожнай узроставай групе ў асабістым і агульнакамандным заліках узнагароджаны кубкамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, медалямі, дыпломамі і грашовымі прэміямі Міністэрства спорту і турызму краіны. Каманда Віцебскай вобласці ўпершыню за апошнія гады выйграла фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў, у чым немалая асабістая заслуга і М.Ярмоша, лепшага ў краіне юнага абаронцы Айчыны.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *