На Мосарщину, родину отцов

Наши земляки Общество

 

Педагагічную дынастыю Карабанёў добра ведаюць на Мосаршчыне. Аляксандр Антонавіч працаваў некалі ў раённай газеце, а пазней на працягу доўгіх гадоў, пачынаючы з 1951-га, служыў педагогіцы. Быў дырэктарам Мосарскай школы, настаўнікам. Яго жонка Ефрасіння Міхайлаўна выкладала нямецкую мову. Дасягнула вышыні ў педагогіцы дачка Карабанёў – Вольга Аляксандраўна Кузьміч. Яна працуе загадчыцай кафедры беларускай мовы і літаратуры Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта.SDC15080000

Для амаль кожнага родны кут дарагі і жаданы. Так адбываецца і з Вольгай Аляксандраўнай. Душой цягнецца яна на Мосаршчыну, дзе ўжо няма бацькоў, але ёсць людзі, якія іх памятаюць, ёсць настаўніцкія і іншыя моцныя традыцыі, сярод якіх асабліва вылучаюцца ваенна-гістарычныя.

На гэты раз В.А.Кузьміч завітала не толькі на Мосаршчыну, але і наогул на Ушаччыну, прычым, са студэнтамі БНТУ і сваімі калегамі, каб пазнаёміць з нашым непаўторным краем.

Першымі гасцей віталі педагогі (былыя і сённяшнія), а таксама вучні роднай для Вольгі Аляксандраўны школы. Студэнты і вучні абмяняліся падарункамі. Мосарская СШ атрымала каля шасцісот экземпляраў кніг у дапамогу навучальнай праграме.

Дырэктар школы Уладзімір Уладзіміравіч Фокін расказаў аб навучальнай установе, якую ўзначальвае, аб дасягненнях вучняў.

Госці з цікавасцю прайшлі па трох залах школьнага музея. Прычым, экскурсаводамі былі дзеці. Асаблівую цікавасць выклікала так званая беларуская хатка, дзе прадстаўлены прадметы стогадовай даўніны. Сярод іх, напрыклад, цымбалы і андарак (від адзення).

Адбылася гутарка выкладчыкаў БНТУ і студэнтаў з ветэранамі педагогікі і людзьмі паважанага ўзросту вёскі Мосар, якім было чым падзяліцца з гасцямі. І перш за ўсё прыгадвалі мінулае Вольга Васільеўна Плігаўка, Вольга Маркіянаўна Клопава, Валянціна Міхееўна Карэйша, Галіна Цімафееўна Аўтух.

Далейшы шлях мінчан пралёг па знакавых месцах нашай Ушаччыны. Яны пабывалі на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, у музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка, на сядзібе Васіля Быкава. Уражанняў не магло не быць ад такой напоўненай паездкі. І тым жыхарам Ушаччыны, якія мелі дзелавыя і духоўныя кантакты з выкладчыкамі і студэнтамі, вельмі спадабаліся сустрэчы ў гэты дзень.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.

На здымку:. В.А.Кузьміч (чацвёртая злева) сярод вяскоўцаў.

Фота А.Карэйшы

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *