Районный конкурс молодых исполнителей «Песни юности наших отцов»

Образование и молодежь

Заваяваць прыхільнасць гледачоў і журы, закрануць тонкія струны іх душы праз выкананне ўсяго двух музычных нумароў – задача не з простых. Тым не менш, з ёй пастараліся справіцца ўдзельнікі раённага конкурсу маладых выканаўцаў “Песні юнацтва нашых бацькоў”, што прайшоў на мінулым тыдні ва Ушачах. Праявіць сцэнічнае майстэрства, артыстызм, вакальныя здольнасці пажадалі 10 маладых прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва.

Больш за сем дзясяткаў гадоў прайшло пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, але жорсткае ліхалецце пякучым болем і зараз адгукаецца ў сэрцах людзей. Тэме вайны былі прысвечаны многія песні ў рамках першай – грамадзянска-патрыятычнай старонкі конкурсу. Шчодрымі апладысментамі сустрэлі гледачы выступленні Таццяны Макавеевай, Вольгі Валодчанка і Анастасіі Рэут – акрамя выдатнага вакалу парадавалі дзяўчаты яшчэ і сваёй “экіпіроўкай”: ваенная форма была да твару кожнай. Пранікнёным лірызмам, чуллівымі акордамі дзяліліся са сцэны Марына Андзіна з песняй “Чатыры сыны”, а таксама Маргарыта Федарэнка – з “Жураўлямі”. Нікога не пакінула раўнадушным выступленне самай юнай удзельніцы конкурснай праграмы Таццяны Крывёнак, феерычным атрымаўся нумар у выкананні Марыі Мудрак.

Другая частка праграмы была прысвечана шлягерам. Са сцэны ліліся добра вядомыя і ўсімі любімыя песні, папулярныя ў 80-90 гады. Падарылі гледачам шмат прыемных хвілін выступленні Алены Птушко і Кацярыны Пінчук. А пасля сапраўднага “кіношнага” эцюду па матывах песні “Чарлі” ў выкананні Валерыі Карэйшы ў зале доўга не змаўкалі авацыі.

Вызначыць пераможцу конкурсу было надзвычай складана: настолькі непаўторныя былі яго ўдзельніцы. Таму журы і вырашыла ўзнагародзіць кожную – толькі ў розных намінацыях. Галоўны ж п’едэстал гонару занялі ў гэты дзень кантралёр райгаза Валерыя Карэйша, хормайстар раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Андзіна, вучаніца 9 класа Ільюшынскай школы Таццяна Макавеева – першае, другое і трэцяе месцы адпаведна. Гэтыя дзяўчаты ўжо ў лютым прымуць ­удзел у абласным адборачным туры конкурсу маладых выканаўцаў патрыятычнай песні ў Расонах.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *