В первую субботу февраля выпускники школ Ушаччины традиционно собрались вместе

Общество

Гэтае свята не пазначана на календары чырвоным колерам, але яго не пераблытаеш з іншымі, як і не адменяць яго ні адлегласць, ні надвор’е, ні нават пік рэспіраторных захворванняў. У першую суботу лютага выпускнікі школ Ушаччыны традыцыйна збіраюцца разам, каб зноў акунуцца ў бесклапотныя гады дзяцінства і юнацтва, любові і надзеі, сустрэцца з аднакласнікамі, настаўнікамі.

Вось і сёлета прасторная актавая зала Ушацкай школы ледзь умясціла ўсіх гасцей, а гэта больш за 200 выпускнікоў установы, прадстаўнікоў самых розных пакаленняў, гарадоў і нават краін. Сяброўскія абдымкі, кампліменты ў адрас адзін аднаго, усмешкі і слёзы – чаго толькі не было тут у мінулы суботні вечар.

Напачатку мерапрыемства вядучыя Лідзія Шкаруба і Аляксей Казлоўскі, а таксама дырэктар школы – зрэшты, і яе выпускнік 1992 года – Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі лаканічна расказалі пра сучасныя будні ўстановы, поспехі вучняў і педагогаў. Падчас свое­асаблівай пераклічкі высветлілася, што на сустрэчу прыйшлі прадстаўнікі практычна ўсіх юбілейных выпускаў. Сярод іх – адзіная “залатая” прадстаўніца Вольга Ягораўна Бутоўская, якая павітала са сцэны прысутных, у вершах уласнага сачынення падзякавала ўсім за свята ўспамінаў, што жывуць у яе сэрцы з 1967 года.

Узгадалі арганізатары і настаўнікаў, якія на працягу доўгага часу з энтузіязмам аддавалі сябе любімай справе. Сярод іх – свое­асаблівая рэкардсменка вечара Н.М.Пашута. З 51 года педагагічнага стажу 34 жанчына прысвяціла рабоце ва Ушацкай школе. Да таго ж Надзея Мікалаеўна стала самай старэйшай сярод прысутных выпускніцай – навучальную ўстанову яна скончыла ў далёкім 1949-м.

Яркім момантам мерапрыемства стала запрашэнне на сцэну “юбіляраў”. Ужо не ў першы раз адным з самых дружных і згуртаваных класаў аказаўся 10 “А” 1972 года выпуску – на вечар сустрэчы сабраліся ажно 16 чалавек. Яны прадставілі на суд гледачоў цікавы відэафільм пра сваю вучобу, цёплымі словамі прыгадалі любімых педагогаў, уручылі школе памятныя падарункі.

– Вельмі шкадую, што ў маіх аднакласнікаў не атрымалася трапіць на вечар, – падзялілася з намі адзіная прадстаўніца 10 “Г” класа таго ж выпуску Таццяна Міхайлаўна Малак. – А мерапрыемства, сапраўды, атрымалася незвычайным! Як чалавек з непасрэдным дачыненнем да сферы культуры (хоць і ў мінулым), высока ацэньваю задуму арганізатараў акцэнтаваць увагу менавіта на юбілярах. Так кожны з іх трапляе ў цэнтр увагі і адчувае па-сапраўднаму святочны настрой. З нецярплівасцю буду чакаць 2022-га і зраблю ўсё магчымае, каб сабраць тут увесь свой клас.

Вельмі прадстаўнічым аказаўся ў гэты вечар выпуск 1977 года – на сцэну узняліся адразу 19 чалавек. Ля мікрафона ўспаміналі яны цікавыя ўрокі пачатковай ваеннай падрыхтоўкі і свайго “галоўнакамандуючага” Сяргея Трафімавіча Белавусава. Сабраць, разабраць аўтамат без праблем маглі нават дзяўчаты, ну а новыя анекдоты, якімі дзяліўся з вучнямі настаўнік, рабілі заняткі вясёлымі, у многім непаўторнымі.

Да слёз кранальна расказвалі пра часы свайго навучання дзве прадстаўніцы 1982 года выпуску Алена Волах і Алена Банеўская. Абедзве, маючы перад сабой выдатны прыклад высокага прафесіяналізму настаўнікаў Ушацкай школы, у свой час таксама вырашылі звязаць лёсы з педагогікай. Зрэшты, так зрабілі і многія выпускнікі 1992 года. Напрыклад, Людміла Трафімава, якую некалі выпускаў у вялікі свет настаўнік фізікі Віктар Мікалаевіч Герцык, ужо доўгі час і сама працуе плячо ў плячо з былым класным кіраўніком.

У кожнага з юбілейных выпускаў знаходзіліся цёплыя словы роднай школе, кветкі любімым настаўнікам. Ледзь падзялілі мікрафон прадстаўнікі ўсіх класаў 2007 года выпуску. Не хавалі свайго гонару за былых вучняў і іх класныя кіраўнікі Святлана Дзмітрыеўна Галай, Ірына Уладзіміраўна Леснічэнка, Ларыса Аляксандраўна Корабава.

– Усіх гэтых юнакоў і дзяўчат добра ведаю і вельмі люблю, – падзялілася з намі С.Д.Галай. – У некага выкладала гісторыю, у іншых – сусветную мастацкую культуру. А без перабольшвання родным для мяне стаў першы, а таму асаблівы выпуск.

– Гэтыя мае вучні заўсёды былі з гумарам і фантазіяй, – далучылася да размовы І.У.Леснічэнка. – Вось і сёння прыгатавалі для мяне асаблівы падарунак – букет з цацачных зайчыкаў, у колькасць вучняў у класе.

Не ўсе жадаючыя змаглі трапіць на сёлетні вечар школьных сяброў, але не ўпускалі магчымасці павітаць былых аднакласнікаў, педагогаў. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце С.Д.Галай зачытала прысутным лісты, якія даслалі на сайт школы Алена Міхайлава – залатая медалістка, выпускніца 1977 года, а зараз заслужаны юрыст Маскоўскай вобласці, і Уладзімір Матус – выпускнік 1982-га, які пражывае ў Ізраілі.

Дапоўнілі святочную атмасферу канцэртныя нумары ў выкананні выпускнікоў школы розных гадоў Веранікі Смык (Герасімавай), Марыны Андзінай і Алены Шчэрбік (Банеўскай). Завяршылася ж мерапрыемства Гімнам выпускнікоў, які разам з артыстамі выканалі ўсе прысутныя.

Па-сямейнаму цёпла праходзіў вечар у Вяркудскай школе. Насычаную праграму для выпускнікоў – а іх сёлета сабралася нямала – падрыхтавалі вучні ўстановы. Завадныя песні і танцы, вясёлыя сцэнічныя нумары госці сустрэлі на “ўра” і нават пасля заканчэння афіцыйнай часткі мерапрыемства доўга не разыходзіліся – абмяркоўвалі ўбачанае, дзяліліся ўспамінамі і ўражаннямі.

– Сустрэча атрымалася ў пэўным сэнсе маладзёжнай, – расказала намеснік дырэктара школы Галіна Васільеўна Казлова. – Самымі “ўзроставымі” гасцямі сталі выпускнікі 2008 і 2009 гадоў. Зрэшты, гэта толькі надало мерапрыемству задору і аптымізму. Адметна, што многія юнакі і дзяўчаты прыйшлі да нас цэлымі сем’ямі. Так, напрыклад, завіталі на сустрэчу адразу 3 браты Красновы, дзяўчаты з прыёмнай сям’і Фісенка, а таксама брат і сястра Ігнатовічы.

Атмасфера свята, прыўзнятага настрою, радасці ў мінулую суботу ахоплівала і ўсіх, хто пераступаў парог Глыбачанскай школы. Удзельнікі мерапрыемства адправіліся ў цікавае падарожжа ў мінулае, пакідаючы за спінай дзесяцігоддзі.

– Сёння мы сустрэліся са сваім юнацтвам, – падзяліліся ўражаннямі выпускніцы з 40-гадовым “стажам” Людміла Вялюга і Таццяна Шастакова. – Адпаведную атмасферу стварылі запісы песень мінулых гадоў, сціплыя коскі дзяўчынак і туфлікі без абцасікаў на іх ножках. Здаецца, толькі ўчора і самі ішлі ў школу, сядалі за парты, адказвалі ля дошкі…

У многім асаблівай стала мінулая субота для выпускнікоў Плінскай школы. Сёлета ўстанова адзначае свой 80-гадовы юбілей, напэўна, таму на сустрэчу з былымі аднакласнікамі і настаўнікамі прыйшло надзвычай многа гасцей – больш за 100 (!) чалавек. Былі сярод іх і юбіляры, у тым ліку з 50-гадовым “стажам” выпуску.

Шмат добрых слоў атрымалі ў гэты вечар усе педагогі. Аднак больш за іншых увагі і цеплыні дасталася ўсё ж Сяргею Захаравічу Яскевічу – на мерапрыемства завіталі не толькі яго выпускнікі, але дочкі Любоў і Марыя, якія скончылі школу 10 і 15 гадоў назад.

У шчырай сяброўскай атмасферы прайшоў вечар сустрэчы ў Вялікадолецкай школе. Самымі актыўнымі яго ўдзель­нікамі традыцыйна сталі выпускнікі 1982 года – ажно 9 чалавек. Былыя вучні прыгадвалі часы, калі яны “хапалі зоркі з неба”, “вырывалі” веды ў мудрых настаўнікаў, расказвалі аб самым каштоўным, што назаўсёды засталося за сценамі любімай школы. Яе ж дырэктар, Рыма Леанідаўна Аніскевіч, адзначыла, што навучальная ўстанова ганарыцца сваімі выпускнікамі, імкнецца ўмацаваць сувязі з усімі, у чыім жыцці гэтая альма-матэр займае пачэснае месца. І так будзе заўсёды!

У мінулую суботу вечары сустрэчы прайшлі ва ўсіх школах раёна. І ўсюды панавала незвычайная атмасфера сяброўства і дабрыні.

– Падчас такіх мерапрыемстваў адчуваеш сябе часткай адзінага цэлага – любімай школы, – выказала агульнае меркаванне ад імя ўсіх выпускнікоў Ушаччыны прадстаўніца Ушацкай школы 1987 года выпуску, жыхарка Полацка Ларыса Кавалёва. – Гэта цудоўная магчымасць узгадаць свае лепшыя гады, выказаць словы ўдзячнасці тым, хто зрабіў з цябе чалавека.

І сапраўды, найлепшая магчымасць убачыцца са школьнымі сябрамі і падарыць кветкі былому класнаму кіраўніку адкрываецца на вечары сустрэчы выпускнікоў. Зрэшты, не варта чакаць лютага, каб выказаць словы ўдзячнасці сваім настаўнікам ці сказаць аднакласніку, як той змяніўся – для гэтага ж ёсць яшчэ 364 дні! Але як бы там ні было, традыцыя добрая, бо яна выконвае адну з самых няпростых задач сучаснасці – аб’ядноўвае людзей.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *