Деревня Белое обретает новый вид благодаря своим живописным местам

Наши земляки

У той час як адны вёсачкі Ушаччыны паступова адміраюць, другія, наадварот, атрымліваюць новае жыццё, прырастаюць прыгожымі дамамі, дзякуючы сваім маляўнічым краявідам. Да ліку апошніх можна аднесці вёску Белае. Адну з яе вуліц з нядаўняга часу ўпрыгожвае акуратны домік з тэрасай на самым беразе аднайменнага возера – цяжка паверыць, што яшчэ пяць гадоў таму тут стаяла трухлявая хата пасярод зараснікаў. Другое жыццё стары дом атрымаў, калі сюды вярнулася ўраджэнка вёскі Галіна Якаўлеўна Зелючэнкава.

Пакінуўшы Беларусь у маладосці, практычна ўсё жыццё жанчына правяла ў Расіі, Прыбалтыцы, давялося ёй жыць і ў Германіі. Пасля таго, як рана памёр муж, некаторы час працавала ў Санкт-Пецярбургу, каб дапамагчы дзецям. Але ўсё ж цягнула на радзіму сваіх продкаў, у маляўнічыя месцы Ушаччыны. І Галіна Якаўлеўна прыняла рашэнне адрадзіць дом сваіх бабулі і дзядулі. Чвэрць стагоддзя ён стаяў без гаспадара, усё наўкол зарасло кустоўем і пустазеллем. І калі б многія не рызыкнулі брацца за вялікую работу з немалымі ўкладаннямі, то Галіну гэта ніколькі не напужала. Дарэчы, дом гэты мае цікавую гісторыю. Пабудаваны ён быў яшчэ да вайны, і калі ў Вялікую Айчынную нямецкія самалёты бамбілі вёску, у ёй зга­рэла вельмі многа дамоў, а вось у гэты, што стаяў на водшыбе, ні адна бомба не трапіла. Жанчына лічыць, што зберагла сямейнае гняздо малітва, бо дзядуля быў вельмі веруючым чалавекам і нават у савецкія часы захоўваў іконы.

Абсталяваўшы з дапамогай дзяцей адбудаванае жыллё, Галіна Якаўлеўна ўжо два гады пастаянна знаходзіцца ў Белым. Тут жа, па-суседстве, жывуць і многія родныя жанчыны.

“Мне настолькі камфортна тут, на Ушаччыне, што нават і не ўяўляю сябе ў іншым месцы: атрымала від на жыхарства ў Беларусі і адлучацца з маёй любімай вёскі планую хіба што толькі па якіх-небудзь справах!” – прызнаецца яна.

У гэты гасцінны дом на самым беразе возера Белага вельмі любяць прыязджаць унукі, дзеці, іх сябры. Сумаваць, асабліва ўлетку, Галіне Якаўлеўне не прыходзіцца. Зімой жа ў вольны час любіць заняцца рукадзеллем, закройшчык па прафесіі, яна часта бярэ ў рукі нітку з іголкай. “Вось, хачу чахол для газавага балона сшыць. Увогуле мяркую, што кожны чалавек павінен яшчэ з маленства набываць патрэбныя ў жыцці гаспадарчыя навыкі, а таму цалкам падтрымліваю словы нашага Прэзідэнта наконт павелічэння ў школе колькасці ўрокаў працоўнага выхавання. Памятаю, як многаму нас вучылі на гэтых занятках, а зараз многія дзеці не хочуць і не ўмеюць нічога трымаць у руках акрамя мабільных тэлефонаў”, – разважае Галіна Якаўлеўна.

Адметныя рысы характару гэтай жанчыны – актыўная жыццёвая пазіцыя, стараннасць і няўрымслівасць. Яна не разумее тых, хто скардзіцца на складанае жыццё, на матэрыяльныя цяжкасці, абвінавачвае ў гэтым усіх, акрамя сябе. “Дрэнна жывецца тым, хто дрэнна працуе!” – упэўнена жанчына. У Беларусі ж, на яе думку, праводзіцца такая палітыка, каб кожны, хто гэтага хоча, мог забяспечыць сабе і сваёй сям’і дастойнае жыццё і дабрабыт. Галіна Якаўлеўна ўпэўнена, што па-сапраўднаму шчаслівым чалавек можа быць толькі на роднай зямлі: “Памятайце свае карані. Не збывайце хаты продкаў – гэта як згубіць кавалачак сябе!”

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *