В Ушачах прошло торжественное мероприятие, посвящённое 30-летию ветеранской организации

В общественных организациях

У многім знакавае мерапрыемства прайшло на мінулым тыдні ва Ушачах. Адразу дзве нагоды сустрэцца, абмеркаваць зробленае, намеціць планы на перспектыву. Музыка, кветкі, заслужаныя ўзнагароды і вялікая колькасць цёплых слоў – чаго толькі не бачыла ў гэты дзень прасторная зала раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, якая ледзь умясціла галоўных віноўнікаў урачыстасці – ушачан з убеленымі скронямі, якія заслужылі гонар і павагу сваёй адданай працай і вернасцю Айчыне.

Новы кіраўнік арганізацыі

Пачалося мерапрыемства з афіцыйнай часткі – правядзення восьмай пазачарговай выбарчай канферэнцыі раённага савета ветэранаў. На павестцы дня стаяла вельмі няпростае і важнае пытанне – выбар кіраўніка, таго, хто павядзе пажылых людзей Ушаччыны наперад ва ўсіх грамадска карысных задумах.

У якасці такога чалавека была прапанавана кандыдатура У.У.Шкіндзера. Працоўны шлях Уладзіміра Уладзіміравіча прайшоў на розных пасадах праваахоўных органаў нашага раёна. Вядзе актыўны лад жыцця, удзельнічае ў розных раённых мерапрыемствах. Зрэшты, супрацоўніцтва з ветэранскай арганізацыяй для яго не з’яўляецца чымсьці новым: на працягу апошняга года ён быў намеснікам старшыні, а тры апошнія месяцы выконваў абавязкі кіраўніка.

Дэлегатамі канферэнцыі кандыдатура У.У.Шкіндзера была падтрымана аднагалосна. А яго намеснікам выбрана Ніна Іванаўна Лемешава. Новаму кіраўніцтву прысутныя пажадалі працягваць распачатыя справы, захоўваць слаўныя традыцыі ветэранскага руху.

Як усё пачыналася…

Урачыстай і па-сапраўднаму святочнай стала другая частка сустрэчы, прымеркаваная да 30-годдзя з дня ўтварэння Ушацкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. Напэўна, кожны з прысутных прыгадаў, як напачатку 1987 года ў нашым раёне па прапанове райкама партыі і райвыканкама з ветэранаў вайны і працы была сабрана ініцыятыўная група для стварэння ў раёне ветэранскай арганізацыі. Ва ўсіх калгасах, саўгасах, буйных арганізацыях Ушаччыны прайшлі сходы, на якіх былі створаны пярвічныя арганізацыі ветэранаў, абраны дэлегаты на першую раённую канферэнцыю, якая адбылася 27 лютага 1987-га.

Першым старшынёй раённага савета ветэранаў стаў сакратар райвыканкама, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Рыгоравіч Казлоўскі, а адказным сакратаром – таксама ветэран вайны Канстанцін Максімавіч Літвінаў. 24 мая 1994 года ўзначаліў аб’яднанне ветэран Вялікай Айчыннай І.К.Падворны – пад яго кіраўніцтвам раённы савет ветэранаў дзейнічаў аж да 2006-га. Дастойным пераемнікам Івана Кірылавіча стаў ветэран працы Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец, які ўзначальваў арганізацыю на працягу 10 гадоў.  У 2016-м, на сёмай справаздачна-выбарчай канферэнцыі раённага савета ветэранаў, старшынёй аб’яднання быў выбраны Фёдар Раманавіч Пацэйка. Аднак у снежні жыццё гэтага паважанага чалавека абарвалася…

Увесь гэты час і адзначаныя падзеі ўвайшлі ў гісторыю ветэранскага руху Ушаччыны.

За актыўную пазіцыю

Сёння ў склад раённай ветэранскай арганізацыі ўваходзіць 35 пярвічак, а гэта 4345 чалавек. Усе яны – ініцыятары і памочнікі ўлады ў пытаннях увекавечання памяці загінуўшых воінаў. Ветэраны ўносяць значны ўклад у выхаванне маладога пакалення, удзельнічаюць у Днях прызыўніка, пасвячэнні школьнікаў у піянеры і рады БРСМ. Яны ўносяць сваю лепту ў навядзенне парадку, прымаючы ўдзел у суботніках, упрыгожваючы свае сядзібы. Зрэшты, кожны год падчас раённага конкурсу па добраўпарадкаванні адзначаюцца лепшыя ветэранскія падворкі.

Цёплыя віншаванні падчас урачыстасці ад імя раённага выканаўчага камітэта і сябе асабіста выказаў ветэранам вайны і працы старшыня райвыканкама В.В.Родзіч. Ён падкрэсліў, што за 30 гадоў многае змянілася, няма нават той краіны, у якой стваралася арганізацыя, аднак нязменнымі застаюцца актыўная жыццёвая пазіцыя ветэранаў, іх пачуццё адказнасці і неабыякавасць да ўсяго, што адбываецца вакол. Віктар Віктаравіч пажадаў ветэранам здароўя, аптымізму, даўгалецця і як заўсёды – быць на перадавой пазіцыі. Прыемным дапаўненнем да цёплых слоў кіраўніка раёна сталі для многіх актывістаў ветэранскага руху Падзякі раённага выканаўчага камітэта.

Не пакінуў без увагі сваіх надзейных памочнікаў “новаспечаны” старшыня раённага савета ветэранаў. Пад гучныя апладысменты прысутных У.У.Шкіндзер уручыў Падзякі Ушацкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў старшыням пярвічак Сяргею Трафімавічу Белавусаву (Ушацкая школа), Лідзіі Гаўрылаўне Ільюшэвіч (Касары), Надзеі Іванаўне Клындзюк (Кублічы), Віктару Пятровічу Кароткаму (ПМС), Жанне Кірылаўне Літвін (ДРБУ-105), Мікалаю Антонавічу Тарасевічу (Сарочына), Ганне Барысаўне Троцкай (Арэхаўна), Васілю Сямёнавічу Фаміну (лясгас), Валянціне Вячаславаўне Падвойскай (райвыканкам), а таксама членам прэзідыума раённага савета ветэранаў Уладзіміру Ільічу Мамаеву і Святлане Сямёнаўне Пятроўскай, прадстаўніку пярвічнай арганізацыі Івану Сямёнавічу Кулагу (Глыбачка).

Памятныя падарункі ад раённага савета ветэранаў і раённай арганізацыі Беларускага Фонду міру атрымалі ў гэты дзень ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня і Аляксей Максімавіч Алексяёнак. Нягледзячы на паважаны ўзрост, яны і зараз прымаюць актыўны ўдзел у рабоце і жыцці раённай ветэранскай арганізацыі.

Шмат цёплых слоў падарылі прысутным старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Анатоль Валянцінавіч Рудкоўскі, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Іна Фёдараўна Сыроўчанка, а таксама выконваючая абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Рыта Уладзіміраўна Півульская.

Узняла настрой ветэранам і змястоўная канцэртная праграма. Дарэчы, сярод самадзейных артыстаў было нямала людзей, якія маюць пачэсны ветэранскі тытул, але сэрцам і душой застаюцца маладымі. Ветэраны і сёння поўныя жыццёвай энергіі, энтузіязму, цікавасці да ўсяго, што адбываецца ў нашым імклівым жыцці.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *