Более 20 лет в Департаменте охраны служит милиционер-водитель Андрей Николаевич Хвощ

Экономика и малый бизнес

У календары ўшацкіх супрацоўнікаў Дэпартамента аховы 12 сакавіка – асаблівая дата. Менавіта ў гэты дзень 27 гадоў таму ва Ушачах быў утвораны аддзел аховы.  І хоць зараз ён уваходзіць у структурнае падраздзяленне Полацкага аддзела Дэпартамента аховы, задачы службы ўсё тыя ж. А самым старэйшым і вопытным работнікам цяперашняга калектыву з’яўляецца міліцыянер-вадзіцель групы затрымання Андрэй Мікалаевіч Хвошч.

Машына аховы з мігалкамі імкліва ляцела праз цэнтр Ушач, у панядзелак днём спрацавала ахоўная сігналізацыя ў музеі. Літаральна праз пару хвілін А.Хвошч са сваім маладым напарнікам М.Шкіндзерам ужо былі на месцы. У гэты дзень тыдня ўстанова звычайна зачынена для наведвальнікаў, а таму верагодна, што хтосьці мог туды пранікнуць. Супрацоўнікі аператыўна высветлілі абстаноўку, прычынай спрацоўкі сталі не злачынныя намеры, а збой у сістэме сігналізацыі. І хоць бывае, што некаторыя выезды заканчваюцца вось так, на абсалютна кожны група затрымання рэагуе імгненна. А наколькі хутка ахова акажацца ў месцы, дзе патрэбна дапамога, поўнасцю залежыць ад вадзіцеля. І Андрэя Мікалаевіча бясспрэчна можна назваць прафесіяналам. Вадзіцельскі вопыт ён атрымаў яшчэ падчас службы ў арміі, якую прахо­дзіў у Германіі ў аўтамабільным батальёне ваенна-паветраных сіл. На давераным яму КамАЗе “скалясіў” практычна ўсю ўсходнюю частку краіны. Пасля службы ў арміі працаваў ва­дзіцелем у Чашніцкім раёне і на ўшацкай аўтабазе. “Як трапіў у ахову? Гэтае пытанне за гады службы мне задавалі не раз. Як бы гэта банальна не гучала, але зразумеў, што хачу працаваць у міліцыі, адчуў, што гэта маё прызванне”, – гаворыць А.Хвошч.

Свой першы дзень у ахове ён памятае выдатна і ні на хвіліну не задумваючыся называе дату – 17 мая 1994 года. З таго часу ён нязменна працуе міліцыянерам-вадзіцелем, пачынаў на “капейцы”, потым былі іншыя аўтамабілі, цяпер “курсіруе” па гарпасёлку на “Ніве”. Зразумела, што ў абавязкі Андрэя Мікалаевіча ўваходзіць не толькі “круціць баранку”, а і прымаць меры па затрыманні парушальнікаў. Падчас спрацоўкі сігналізацыі і вадзіцель, і міліцыянер дзейнічаюць адной камандай, страхуюць адзін аднаго.

– Групы затрымання ў нас мабільныя, гатовы ў любы момант уступіць у барацьбу са злачынцамі ці хуліганамі, выехаць на кватэру ці аб’ект па трывозе. Для гэтага трэба быць сабраным, смелым, фізічна і псіхалагічна гатовым да экстрэмальнай сітуацыі. Такім патрабаванням поўнасцю адпавядае Андрэй Мікалаевіч, які падае прыклад маладым работнікам, да яго парад прыслухоўваюцца і старэйшыя супрацоўнікі, – гаворыць начальнік аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы Полацкага аддзела Дэпартамента аховы Уладзімір Анатольевіч Чумакоў.

– Акрамя таго, што перыядычна па некалькі разоў за змену правяраем давераныя пад нашу ахову аб’екты і назіраем за парадкам у гарпасёлку, па сігнале дыспетчара выязджаем на спрацоўку сігналізацыі ў кватэрах, трывожнай кнопкі ў магазінах, у забаўляльныя ўстановы, калі хтосьці там пераходзіць рысу дазволенага. Канечне, наш гарпасёлак не параўнаецца з буйнымі гарадамі, дзе крымінагенная абстаноўка больш напружаная, ды і прыкмеціў, што ў параўнанні з першымі гадамі службы парушальнікаў і злачынцаў у нашым раёне стала намнога менш, – гаворыць Андрэй Мікалаевіч.

Бывалі ў рабоце А.Хвашча і кур’ёзныя выпадкі. Так, аднойчы ў былым універсаме, дзе зараз размяшчаюцца магазіны “Будматэрыялы” і “Мэбля” ў адну з начных змен спрацавала ахоўная сігналізацыя – датчыкі зрэагавалі на рух у памяшканні. Гатовыя з палічным затрымаць злодзея, ахоўнікі сустрэлі там… сабаку. Яго нейкім чынам не заўважылі падчас закрыцця магазіна, а калі той выспаўся і захацеў паласавацца каўбасой ды пячэннем, спрацавала сігналізацыя.

Напружаная работа, начныя змены, вялікая адказнасць… Здавалася б, доўгі час чалавек не вытрымае такога рытму, але за 23 гады службы Андрэй Мікалаевіч ні разу не пашкадаваў, што пайшоў менавіта па такім прафесійным шляху: “Гэта мой стыль жыцця, работа, якую люблю”. Ну а так, згадзіцеся, сцвярджаць можа толькі чалавек, які сапраўды на сваім месцы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *