ОАО «Деменец» первым на Ушаччине приступило к севу зерновых

Сельское хозяйство

Дземенецкія механізатары ў чарговы раз першымі ў раёне распачалі сяўбу. У гаспадарцы з восені створаны добры задзел – калі ў іншых яшчэ неабходна шмат араць, то пад сёлетнюю веснавую кампанію ў ААТ “Дзе­менец” глеба ўжо ўзнята пад поўную патрэбу. Магчыма, хтосьці скажа, што ранавата, але ў сельгаспрадпрыемстве не першы год выводзяць сеялкі на палі ў сакавіку, як толькі падсыхаюць пагоркі ля цэнтральнай сядзібы. Сваю справу тут ведаюць – менавіта “Дзе­менец” на працягу апошняга дзесяцігоддзя з’яўляецца флагманам па ўраджайнасці зерневых, атрымлівае неблагія паказчыкі ў вырошчванні рапсу, грэчкі, лубіну.

З апошняй культуры сяўба і пачалася, прычым, яшчэ ў мінулую суботу. Па словах брыгадзіра Аляксандра Уладзіміравіча Яловіка, лубін нармальна вытрымлівае нізкія тэмпературы і не тое што насенню ў глебе, а нават усходам не страшныя замаразкі да мінус трох градусаў.

Тэхніку механізатары падрыхтавалі, а маштабным работам перашкаджала толькі адсутнасць запасу паліва. Між тым, калі ў чацвер наведаў дробнаконтурныя ўчасткі за складской гаспадаркай у Станулева, некаторыя з іх былі запрацаваны. “Мы і ўчора сеялі, – тлумачыць наяўнасць гатовых плошчаў А.У.Яловік. – Некалі чакаць, таму знайшлі магчымасць набыць паліва на АЗС, заправілі два трактары – і ў поле”.

Менавіта дэфіцытам саляркі і яе эканоміяй абумоўлена тое, што не сустрэў на гэты раз Ігара Мамона, які ў мінулыя гады засяваў дробнаконтурныя ніўкі на “Палессі” з трохметровай сеялкай “LEMKEN”. Комплекс энерганасычаны, патрабуе значнай колькасці паліва, таму на пачатку сяўбы асноўнай адзінкай стала сеялка СЗ-4,2, якую можна выкарыстоўваць у пары з МТЗ-82, або МТЗ-952, на якім працуе Аляксандр Спірыдовіч.

– Эканомія відавочная, – расказвае аб стратэгіі сяўбы дырэктар прадпрыемства Аляксандр Віктаравіч Шарыпенка. – Паліва затрачваецца ў два разы менш, ды і захоп у айчыннай сеялкі амаль у паўтара раза шырэй. Канечне, калі ўсталюецца стабільнае надвор’е, каб не ўпусціць тэрміны задзейнічаем дадаткова і “Палессе”, на якім сёлета будзе працаваць Леанід Грыневіч, і МТЗ-3522 Анатоля Грачова з шасціметровым пасяўным агрэгатам. Пры неабходнасці сфарміруем два звяны – шыроказахопная тэхніка адправіцца на дубраўскія палі пры першай магчымасці, стан палёў мы пастаянна правяраем.

У чацвер жа, акрамя трох Аляксандраў (Шарыпенкі, Яловіка і Спірыдовіча) на полі ля Станулева прысутнічалі і Ілья з “Янам” – малады механізатар Ілья Шалонька быў задзейнічаны на падвозе насення лубіну з прыгожай беларускай назвай. Акрамя гэтай культуры, якая зойме 250 гектараў, у “Дземенцы” неабходна пасеяць 140 гектараў трыцікале, 260 – ячменю. Зноў значныя плошчы – 300 гектараў – адведзены пад рапс, яшчэ 100 – пад адналетнікі: грэчку і пайзу.

Уся тэхніка, якая прыме ўдзел у сяўбе, паспяхова прайшла тэхагляд. Тры адзінкі заняты на падрыхтоўцы глебы, два энерганасычаныя трактары пры неабходнасці могуць выехаць у поле з плугамі. Гатовы раскідвальнік мінеральных угнаенняў РУ-7000, а РДУ-1,5 ужо задзейнічаны – гэтым агрэгатам у чацвер А.Шахаў ля Плігавак падсяваў па азімых канюшыну. Трактар у хлопца адносна новы, сам прыганяў МТЗ-82 з завода ў 2013 годзе і ў адных руках служыць спраўна – Антон, як і сейбіты, працаваў з настроем.

На яго адсутнасць не скардзяцца і астатнія удзельнікі вясенніх палявых работ. Ёсць сярод дземянецкіх механізатараў на сёлетняй сяўбе новыя людзі. Нібы новыя шасцерні, яны абавязкова прытруцца да згуртаванага калектыўнага механізму, які на чале з вопытным кіраўніком ў перыяды важнейшых кампаній працуе зладжана і без збояў.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *