В КУСХП «Великодолецкое» готовят технику к весенне-полевому сезону

Сельское хозяйство

З першага сакавіка ў КУСГП “Вялікадолецкае” аб’яўлена надзвычайнае становішча. Не, у гаспадарцы, як і на тэрыторыі сельсавета, усё спакойна, толькі праведзена поўная мабілізацыя механізатараў і вадзіцеляў. Каб тэрмінова завяршыць падрыхтоўку тэхнікі, загадамі адкліканы нават адпускнікі.

Такія меры зусім не залішнія, паколькі вясна, і не толькі каляндарная, ужо на двары, а за кожным механізатарам замацавана некалькі машын і агрэгатаў. Напрыклад, адзін з перадавікоў і леташні ўдзельнік “Дажынак” Васіль Рыгоравіч Алексяёнак абслугоўвае трактар, УАЗ, на якім зараз возіць даярак, і камбайн. Але паколькі апантана любіць тэхніку і сочыць за ёй пастаянна, то і аўральная падрыхтоўка не патрэбна, хутчэй касметычны рамонт.

Вось і Юрый Мікалаевіч Альбіновіч выгнаў сваё “Палессе”, каб падфарбаваць машыну. Далёка яшчэ да нарыхтоўкі корму, аднак на агрэгаце будзе падвозіцца зерне. Спраўная тэхніка і ў братоў Філімонавых, Букаў… Наогул гаспадарка можа пахваліцца пастаянным касцяком прафесіяналаў, якія хутчэй самі будуць нагадваць кіраўніцтву аб неабходнасці запчастак, чым давядзецца падганяць іх.

Хоць, зразумела, далёка не ўсё залежыць толькі ад кваліфікацыі і адказнасці механізатараў. Дастаткова і складанага рамонту, трапляе і “сырая” тэхніка, вось і зараз на рамонце ў Мінску знаходзяцца рухавікі трактароў. Але гэта ў крайніх выпадках, калі агрэгат на гарантыі, заводскі брак ці якая складаная электроніка. Усё астатняе па сілах самім, былі б запчасткі.

Вось і стаяць з “задранымі насамі” жалезныя “коні”, а побач з імі не менш упэўненыя ў сваіх сілах далецкія майстры. З 27 трактароў, якія на ўліку ў гаспадарцы, дваццаць было на хаду ў пачатку месяца. Паўплывала, канечне, тое, што ў “Вялікадолецкім” у апошнія гады паступала нямала новай тэхнікі, з ёй, зразумела і клопату амаль ніякага. Але калі прыгадаеш, як на 16-гадовым “Доне” першым і адзіным тысячнікам у раёне станавіўся Аляксандр Александроў, як на такой жа старэнькай “Лідзе” ставіць рэкорды Сяргей Вусько, пераконваешся, што ўсё ж не “ўзрост” вызначае тэрмін службы тэхнікі.  Яе трэба берагчы і любіць па-сапраўднаму, сваечасова лячыць, прычым, і хірургічным шляхам. Таму і ў пашане ў любой арганізацыі зваршчыкі, гэтай патрэбнай справе ў “Вялікадолецкім” абучана моладзь – Андрэй Бука і Яўген Касцючэнка.

А сродкі паступаюць невялікімі сумамі, і пускае тады іх галоўны інжынер Юрый Фёдаравіч Васілевіч на самае неабходнае. Вось і падчас размовы даваў па тэлефоне апошнія распараджэнні, што выпісаць гаспадарцы і патлумачыў: “Зручна працаваць з прыватнымі кампаніямі, усё вельмі аператыўна і, галоўнае, узгадніць заяўку можна ў апошні момант, нават памяняць заказ. Выбіраем самае неабходнае, патрэбнае для праходжання тэхагляду. З’яўляюцца грошы – заказваем іншыя дэталі”.

Рамонт простых агрэгатаў: плугоў, барон – тут ужо завершаны ўласнымі сіламі. За ўзворванне глебы асабліва не хвалююцца, паколькі пашчыравалі ўвосень. Намнога больш затрат патрабуе рамонт пасяўных агрэгатаў. Многа сродкаў ідзе і на такія абавязковыя дробязі, як гума, лямпачкі, масла. Тым не менш, якім бы складаным не быў год, “Вялікадолецкае” адным з першых годна праходзіць тэхагляд.

* * *

Да тэхагляду, які прайшоў у гаспадарцы 9 сакавіка, было прадстаўлена 60 працэнтаў тэхнікі. Поўнасцю гатовы да работы 14 трактароў і прычэп. Як паведаміў начальнік інспекцыі “Дзяржтэхнагляду” Ушацкага раёна Іван Мікалаевіч Пухальскі, падчас агляду былі зроблены заўвагі, і механізатары ў стане самастойна ліквідаваць нязначныя няспраўнасці. А частка трактароў не была прадстаўлена да агляду, таму што рухавікі і каробкі перадач знаходзяцца на рамонце.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *