«Танцевальная весна-2017» в Ушачах

Наши дети

Вясна прыйшла на Ушаччыну не толькі з прылётам птушак, журчаннем ручаёў, але і з прыгожым святам грацыі і маладосці – аглядам-конкурсам харэаграфічнага мастацтва “Танцавальная вясна-2017”. На вялікай сцэне раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ўсе фарбы свайго майстэрства на мінулым тыдні дэманстравалі восем дзіцячых калектываў: “Акварэлькі” (кіраўнік – Д.Пенкальская), “Авантаж” (Ю.Казак), “Спадчына” (Г.Рудзёнак) з РДК, “Капрыз” (В.Пугачова) і “Васількі” (Т.Лапёнак) з раённага цэнтра дзяцей і моладзі, а таксама прадстаўнікі дзіцячай школы мастацтваў (Н.Корнева), Вялікадолецкага СДК (В.Смаляк), Ільюшын­скага СДК (М.Волах).

Творчае спаборніцтва праходзіла па трох намінацыях: народна-сцэнічны, народна-бытавы і эстрадны танец. Прычым, колькасць нумароў у кожнай з іх не абмяжоўвалася – члены журы мелі магчымасць убачыць усе грані таленту юных танцораў, ацаніць іх патэнцыял.

І навічкі, і ўжо прывычныя да сцэны школьнікі прыкметна хваляваліся, асцярожнічалі. Яно і не дзіўна: кожны з іх – як на далоні, як маленькая балярына ў музычнай скрыначцы. Ад вачэй прафесійнага журы нічога не схаваеш! Вось і стараліся з усіх сіл – цягнулі насочкі, трымалі спінку. Усе сур’ёзныя, засяроджаныя…

Былі ў гэты дзень самабытныя “Полька”, “Яблычка”, “Падыспань”. І ўсё ж бліжэй для канкурсантаў стала сучасная “эстрада”. Строгія прычоскі набылі лёгкі беспарадак, нацыянальныя касцюмы змяніліся на яркія, модныя ўборы, а колькасць нумароў дасягнула ажно дзесяці. Былі і своеасаблівыя міні-спектаклі – такую моцную ў іх заклалі драматургію. Актыўна выкарыстоўвалі канкурсанты і разнастайны рэквізіт. Увогуле, стараліся паказаць сябе ва ўсёй красе!

Выбраць лепшы калектыў было складана. Гледачам давялося нямала пачакаць, пакуль журы падводзіла вынікі. І вось першы намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама абвясціла пераможцаў, імі сталі: у намінацыі “Народна-бытавы танец” – калектыў “Спадчына”, у народна-сцэнічным жанры – прадстаўнікі дзіцячай школы мастацтваў, а ў “эстрадзе” – “Авантаж”. Не засталіся без узнагарод, гучных апладысментаў і іншыя ўдзельнікі агляду-конкурсу, для якіх галоўныя творчыя перамогі, бясспрэчна, яшчэ наперадзе.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *