В Ушачах прошло традиционное чествование победителей олимпиад, призёров конкурсов, спортивных и творческих соревнований

Ими гордятся Наши дети

Штогод у маі па ўжо добрай традыцыі Ушацкая школа збірае ў сваіх сценах лепшых вучняў устаноў адукацыі раёна. І калі некалькі гадоў таму з мэтай стымулявання сюды запрашалі і іншых дзяцей, то сёлета прасторная актавая зала ледзь умясціла непасрэдных віноўнікаў урачыстасці: пераможцаў прадметных алімпіяд, прызёраў абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, спартыўных і творчых спаборніцтваў.

Школьнікаў, іх бацькоў, а таксама педагогаў, якія вялі вучняў да поспеху, на бягучым тыдні шчыра віталі старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Уладзіміраўна Шарыпенка, старшыня Ушацкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Маргарыта Віктараўна Варава. Звяртаючыся да прысутных, яны падкрэслілі, што дзяржава надае значную ўвагу падтрымцы адоранай моладзі, раённая ўлада ганарыцца таленавітымі школьнікамі, заахвочвае іх на дасягненне новых вяршынь.

Напэўна, ужо і не ўявіць сабе гэтага свята без вучня 11 класа Ушацкай школы Паўла Гар­дзіёнка. Хлопец – выдатнік вучобы, любіць музыку, добра дэкламуе, захапляецца маляваннем. З 4 гадоў стаў цікавіцца нямецкай мовай. Першую сваю перамогу атрымаў у раённай алімпіядзе за 8 клас, калі быў яшчэ чацвёртакласнікам. Двойчы прызёр заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове, тройчы пераможца абласнога этапу. Па выніках удзелу ў 2016 годзе ў заключным этапе алімпіяды Павел узнагароджаны Прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Раздзяліць жа з хлопцам радасць чарговага дасягнення прыйшлі на ўрачыстасць яго мама Таццяна Іванаўна і настаўніца нямецкай мовы Людміла Іванаўна Данькова.

Высокі вынік сёлета і ў дзесяцікласніка Ушацкай школы Леаніда Давыдава – хлопец стаў уладальнікам дыплома ІІІ ступені на рэспубліканскім этапе алімпіяды па хіміі (настаўніца – Ларыса Аркадзьеўна Струй), а таксама ў вучаніцы 10 класа Вялікадолецкай школы Ларысы Правада, якая атрымала такую ж узнагароду на абласным этапе алімпіяды па біялогіі (Віктар Мікалаевіч Шышоў). Зрэшты, гэта не адзінае сёлетняе дасягненне дзяўчыны. Так, яе работа па біялогіі адзначана на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “У навуку першыя крокі” дыпломам ІІ ступені, а на раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове – дыпломам ІІІ ступені. Л.Правада – пастаянная ўдзель­ніца фестывалю міжкультурных камунікацый, сёлета стала пераможцам на раённым этапе ў намінацыі “Я – аратар”.

Традыцыйна школьнікі правяраюць свае веды па вучэбных прадметах і на дыстанцыйных алімпіядах. Адна з самых складаных і ў той жа час любімых юнакамі і дзяўчатамі – абласная алімпіяда па алгебры памяці прафесара ВДУ імя П.Машэрава К.А.Ананчанкі. Сёлета яе прызёрамі сталі вучні Ушацкай школы Вікторыя Полазава, Аляксей Аваднёў (Ірына Генадзьеўна Каваленка), Ілья Косых, Леанід Давыдаў, Антон Лукашэвіч (Людміла Аляксандраўна Худалеева).

Нямала дасягненняў у школьнікаў Ушаччыны і на навукова-практычных канферэнцыях. Так, дзевяцікласнік Вялікадолецкай школы Антон Ардынскі стаў прызёрам (дыпломы ІІ ступені) адразу дзвюх – “Эўрыка” і “Квант” абласнога ўзроўню. Хлопец запрошаны ў лагер “Зубраня” на конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты ХХІ стагоддзя”. Любоў да фізікі Антону прывіў настаўнік Мікалай Уладзіміравіч Аніскевіч.

У тым, што адна галава – добра, а дзве – яшчэ лепш, упэўнены сёстры Дзіяна і Аксана Мядзведскія з Вяркудскай школы. Сумесная даследчая работа дзяўчат, падрыхтаваная пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі Таццяны Уладзіміраўны Ліленка, заваявала дыплом ІІІ ступені на абласным конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ.

У намінацыі “Зоркі спорту” сёлета не ў першы раз адзначаны вучань Вялікадолецкай школы Арцём Полазаў – пераможца ў асабістым заліку абласных спаборніцтваў па зімнім мнагабор’і “Абаронца Айчыны” (настаўнік – Уладзімір Мікалаевіч Лапіцкі). Прадстаўнічай стала каманда Ільюшынскай школы, бо там вучацца пераможцы абласных спаборніцтваў па валейболе для дзяцей і юнацтва аграгарадкоў, сельскіх населеных пунктаў “Каласок” Таццяна Макавеева, Элеанора Карабань, Крысціна Гвоздзева, Аліса Краснова, Марыя Сцёпачкіна, Марыя Казачэнка (Віктар Іванавіч Акулёнак). Больш узнагарод толькі ў вучняў Ушацкай школы. Чацвёртакласніца з названай установы адукацыі Марыя Харак (Аляксандр Сяргеевіч Тарасеня) стала прызёрам рэспубліканскага спартыўна-масавага мерапрыемства “300 талентаў для каралевы” ў складзе каманды вобласці. Дзесяцікласніца Крысціна Зуева заваявала дыплом І ступені на першынстве Віцебскай вобласці сярод ДЮСШ па дзюдо; дыплом ІІ ступені на гэтых спаборніцтвах, а таксама ўзнагарода вышэйшай якасці на першынстве вобласці па дзюдо – у васьмікласніцы Эльвіры Падгола; дыплом ІІ ступені на апошніх – у Веранікі Ціханавай з 8 класа (трэнер-выкладчык – Вера Васільеўна Кіліна). Шасцікласнік Максім Малак і сямікласнік Данііл Кузняцоў сталі прызёрамі адкрытага абласнога турніру па дзюдо памяці майстра спорту СССР В.І.Гракава, Аляксандр Кузьмін з 6 класа адзначаны дыпломам ІІІ ступені ў адкрытым абласным турніры памяці майстра спорту С.А.Шэдзько, а яго равеснік Дзмітрый Адамовіч стаў прызёрам першынства вобласці па дзюдо сярод ДЮСШ (Валерыя Мікалаеўна Джураева). Сямікласнікі Арцём Крывец і Валерыя Стуканава, адзінаццацікласніца Таццяна Казлова сталі пераможцамі, а дзесяцікласнікі Данііл Чумакоў, Аляксандр Пашкевіч, дзевяцікласнік Мікіта Вяр’ясаў – прызёрамі адкрытага першынства вобласці сярод ДЮСШ па кулявой стральбе. Падрыхтаваў іх да спаборніцтваў Пётр Юльянавіч Варатынскі, які з’яўляецца пераможцам раённага агляду-конкурсу ў намінацыі “Лепшы дзіцячы трэнер”, а яго выхаванка Валерыя Стуканава ў 2017 годзе выканала нарматыў кандыдата ў майстры спорту. Ганарыцца сваімі падапечнымі і трэнер Уладзімір Міхайлавіч Верлаў: Марыя Лукашэвіч з 7 класа перамагла ў адкрытым першынстве вобласці сярод ДЮСШ па кулявой стральбе, а васьмікласнік Уладзімір Бутоўскі стаў прызёрам першынства вобласці сярод юніёраў і юніёрак.

У гэты дзень былі ўзнагароджаны таксама былыя ўшацкія школьнікі, а зараз навучэнцы іншых устаноў: Кірыл Сыроўчанка з Полацкага кадэцкага вучылішча па выніках мінулага вучэбнага года стаў прызёрам абласной спартакіяды сярод ДЮСШ па дзюдо (Святлана Мікалаеўна Фядосенка), Міхаіл Ярмош з Наваполацкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву  выступаў у складзе каманды Ушацкага раёна на абласных спаборніцтвах “Абаронца Айчыны” і стаў пераможцам у асабістым заліку.

Ушанаванне школьнікаў у намінацыі “Зоркі творчасці” пачалося з запрашэння на сцэну пераможцаў абласнога фестывалю міжкультурных камунікацый Крысціны Гвоздзевай, Алісы Красновай, Анастасіі Губаравай і Марыі Сцёпачкінай з Ільюшынскай школы (Ларыса Уладзіміраўна Шарыпа) – у намінацыі “Прэзентацыя газеты”, а таксама прызёраў Галіны Бурак – “Фабрыка зорак” і Лідзіі Баклушынай – “Я – гід” з Ушацкай (Людміла Іванаўна Данькова). Дакладна ведае, у чым сутнасць работы настаўніка, адзінаццацікласніца Ушацкай школы Марыя Стуканава – пераможца абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу для вучняў профільных класаў педагагічнай накіраванасці “Будучыя педагогі – аб школе будучага” (Вольга Анатольеўна Жыткая).

Адзінаццацікласніца Ушацкай школы Ганна Кандзякова, якая стала пераможцам абласнога этапу рэспубліканскага завочнага конкурсу літаратурных работ юных паэтаў і празаікаў “Слова ў пераплёце” (Людміла Васільеўна Трафімава), а пяцікласніцы Кацярына Мартынюк (Вера Васільеўна Спірчонак) і Вераніка Пятроўская (Наталля Леанідаўна Корань) з Ушач, Сняжана Залатая з Глыбачанскай школы (Тамара Пятроўна Чумакова) – яго прызёрамі. Выдатна заявіў пра сябе падчас абласнога агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Выратавальнікі вачыма дзяцей” у намінацыі “Казка”, атрымаўшы дыплом ІІІ ступені, вучань 4 класа Ушацкай школы Ягор Обух (Надзея Леанідаўна Губко). А адзі­наццацікласнік Глыбачанскай школы Аляксандр Літвін перамог у рэспубліканскім фотаконкурсе “Мой Максім Багдановіч” у намінацыі “Мастацкае чытанне твора” (Зінаіда Ягораўна Корабава).

Аднымі з лепшых на абласной выставе-конкурсе “Лёд. Кветкі. Фантазія” прызнаны работы Марыі Хамічонак і Яны Чапкевіч – у намінацыі “Чароўная казка”, а таксама Дар’і Бабянок і Аліны Хамянок – “Ёлачнае калье”. Падрыхтавала ўсіх гэтых дзяўчат кіраўнік аб’яднання па інтарэсах пры раённым цэнтры дзяцей і моладзі Ганна Аляксандраўна Бабянок. Прызёрамі абласнога этапу рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Добры дзень, свет!” сталі вучаніцы Ушацкай школы Надзея Раманоўская (Вольга Віктараўна Пугачова) і Паліна Давыдава (Віталь Фёдаравіч Птушко).

Адзначаліся на высокім узроўні і юныя эколагі. Прызёрамі абласной культурна-экалагічнай акцыі “Зялёны ўбор школы” сталі дзевяцікласніцы Ушацкай школы Наталля Ладзік і Анастасія Ладыгіна – у намінацыі “Манахромны кветнік” (Алена Васільеўна Марозава), а таксама Анастасія Пугачова і Ангеліна Марачкіна – “Бабуліна кветка” (Вольга Анатольеўна Жыткая), прызёрам абласной культурна-экалагічнай акцыі “Зберажом зялёную елку” стала пяцікласніца Ушацкай школы Ульяна Хвошч (Людміла Сяргееўна Абадкова). Заслужаныя ўзнагароды атрымалі таксама прадстаўнікі каманды-прызёра абласнога злёту юных лесаводаў з Арэхаўскай школы Максім Клемянцёнак, Мікіта Кавалевіч, Станіслаў Мажайскі, Ганна Гуськова, Лізавета Дамжонак (Зінаіда Георгіеўна Сяргеева) – імі пасаджана больш аднаго гектара лесу, зроблена шмат сінічнікаў. Зрэшты, у тэарэтычным туры Максім стаў яшчэ прызёрам у асабістым заліку, а ў Ганны – прызавое месца  на абласным завочным конкурсе “Моладзь за здаровы лад жыцця”.

Намінанты атрымалі ў гэты дзень Ганаровыя граматы і грашовыя прэміі, бацькі і педагогі – Лісты падзякі, кветкі. У рамках урачыстасці супрацоўніца ЦБП №221 ААТ “ААБ “Беларусбанк” Наталля Савельеўна Шук падвяла вынікі праведзенага нядаўна тыдня фінансавай граматнасці, у якой школьнікі Ушаччыны прымалі актыўны ўдзел. Пераможцы конкурсу дзіцячага малюнка “Банк маёй мары” сярод вучняў 3-4 класаў атрымалі памятныя падарункі.

Сваімі ўсмешкамі, маладосцю і задорам падчас святочнага канцэрта падзяліліся з прысутнымі вучні Ушацкай і Ільюшынскай школ, выхаванцы раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Мерапрыемства атрымалася па-сапраўднаму цёплым, шчырым і дадало ўражанняў у эмацыянальную скарбонку апошніх дзён навучальнага года. Спадзяемся, што гэтыя вучні парадуюць нас сваімі поспехамі і ў наступным, а ў спісе юных ушацкіх “зорачак” з’явяцца новыя імёны.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *