В каждый магазин Василий Карейша едет с товаром номер один

К профессиональному празднику

Учора працоўны дзень Васіля Дзмітрыевіча Карэйшы пачаўся ў шэсць гадзін раніцы, пазаўчора – у сем. У такі ранні час ён ужо загружае фургон свежай партыяй хлеба, батонаў, іншай выпечкі, якую так чакаюць спажыўцы. Таму без усялякага перабольшвання можна сказаць – што ён вадзіцель самага запатрабаванага аўтамабіля. І калі раней абавязкова ставіў будзільнік, каб падняцца, то зараз ён ужо не патрэбны – даўно спрацоўвае біялагічны гадзіннік.

Такая нестабільнасць не толькі з пачаткам змены, але і з маршрутам. Справа ў тым, што яго хлебавоз – падменны, і ў рэйс В.Д.Карэйша выходзіць, калі ў калег выхадны ці адпачынак. Калясіць па ўсім раёне, а таксама Глыбокім, Шаркаўшчыне, Полацку – усіх кропках, куды пастаўляецца ўшацкі хлеб.

Там на яго нязменны попыт – Васіль Дзмітрыевіч паспеў прыкмеціць, як адзін палачанін, дачакаўшыся на рынку ўшацкай машыны, заўсёды бярэ тры батоны і адзін бохан хлеба. “Раней пыталіся, адкуль хлебавоз, а зараз ужо бачаць, што з Ушачаў – на крыле напісана”, – задаволены сваёй ГАЗеллю вадзіцель.

Новы аўтамабіль стаў кампенсацыяй за нязручны графік працы. Усяго пяць год, як В.Д.Карэйша прыйшоў у райспажыўтаварыства, і дасталася яму самая старая “будка”. “На такой яшчэ Шарапаў ез­дзіў”, – жартавалі вяскоўцы, сустракаючы вадзіцеля і прыгадваючы кінастужку “Месца сустрэчы змяніць нельга”. І калі ў старой машыне пастаянна нешта падкручваў, пераглядаў, то зараз практычна ніводнай няспраўнасці. Пашчасціла з аўтамабілем, ды і ён у руках прафесіянала. Хоць рухавік з лёгкасцю пацягнуў бы груз і на хуткасці 120 кіламетраў у гадзіну, больш 80 ён не ездзіць. “Паспявае той, хто не спяшаецца, – тлумачыць сакрэт безаварыйнай працы Васіль Дзмітрыевіч. – Колькі разоў бачыў, як той, хто толькі што абагнаў, потым ляжаў у кювеце. На ўласнай магу і хутчэй, аднак таксама з розумам”.

У тэхніцы Васіль Дзмітрыевіч любіць літаральна ўсё і перакананы, што гэта ўласціва кожнаму прадстаўніку моцнай паловы чалавецтва: ва ўсялякім выпадку тром яго сынам – дакладна. Сам жа захварэў аўтамабілямі з ранняга дзяцінства, калі дадому на абед прыязджаў бацька – вадзіцель “Райсельгастэхнікі”. Калі з сабой браў, а калі проста дазваляў пакруціць баранку. Таму з выбарам прафесіі не было ніякіх ваганняў. Як і з родам дзейнасці ў арміі. На вадзіцеля ён адвучыўся па накіраванні ваенкамата і прасіўся далей ад дому, каб паглядзець свет – так і трапіў у Венгрыю. А вярнуўшыся, пайшоў у бацькаву арганізацыю і на сваім ЗІЛе калясіў не толькі па Беларусі, але і па Саюзе. Таму і зараз не баіцца вялікіх гарадоў, ну а ў Віцебску ведае ўсе вуліцы і закавулкі – вельмі часта ездзіў за запчасткамі і іншымі матэрыяламі. Яго аўтамабіль зараз можа даставіць на раён да 120 латкоў хлеба. Такая ўмяшчальнасць запатрабавана хіба пры дастаўцы тавару нумар адзін па гандлёвых кропках гарпасёлка. Вясковыя заказваюць значна меней, а асобныя вырабы нават паштучна. Каб не заблытацца, вадзіцель – ён жа грузчык і ён жа экспедытар, возіць з сабой сшытак, у якім распісаны заказ кожнай гандлёвай кропкі.

Пасля абеду, калі Васіль Дзмітрыевіч вяртаецца дадому, вязе з сабой свежы ўшацкі бохан. Спецыяльна набывае. І не таму, што падтрымлівае сваю арганізацыю, проста для яго ён самы смачны, як і для многіх іншых ушачан.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *