Сироты при живых родителях. Ушачанка вместо счастья материнства выбрала себе радость от алкоголя

Демография

Маленькія Іван і Яраслаў (хлопчыкам зараз восем і дванаццаць гадоў) ніколі не ведалі сапраўднай бацькоўскай любові. Таты “самаўхіліліся” ад іх выхавання, а мама ўвесь час ставіла для сябе іншыя прыярытэты – спіртное і вольны лад жыцця аказаліся для яе даражэйшымі.

Праз год пасля нараджэння малодшага сына Таццяна, тады яшчэ жыхарка Верхнядзвінскага раёна, кінулася, як кажуць, ва ўсе цяжкія. Амаральныя паводзіны жанчыны не маглі застацца незаўважанымі – у выніку хлопчыкі былі прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы. Каб на некаторы час згладзіць сітуацыю, іх забірала да сябе на Ушаччыну бабуля, мама Таццяны. Ну а тая пасля чарговага працвераджэння, здавалася, спрабавала ўзяцца за розум – завязвала са спіртным і вяртала дзяцей. Але ж такая ідылія доўжылася звычайна нядоўга. Бывала, знаходзілі жанчыну ў несвядомым ад алкаголю стане (у справе маецца акт медыцынскага агляду з паказчыкам ажно ў 3,4 праміле), за дзецьмі ніхто не прыглядаў, існавала пагроза іх здароўю і нават жыццю… І зноў былі ў хлопчыкаў вымушаныя пераезды да бабулі, а потым вяртанні да мамы на Верхнядзвіншчыну. Да болю знаёмымі сталі для іх і сцены райбальніцы, куды братоў часова размяшчалі, каб… абараніць ад самага роднага чалавека.

Не змянілася, на жаль, сітуацыя і з пераездам сям’і на Ушаччыну. Штосьці пераглядаць у сваім жыцці жанчына не спяшалася. Да ўрача-нарколага яна трапляла з зайздросным пастаянствам, аднак ні знаходжанне на ўліку, ні пройдзены курс супрацьалкагольнага лячэння станоўчага выніку не давалі – менш чым праз месяц Таццяна запівала зноў, а па месцы працы, куды ёй зацікаўленыя службы літаральна распасцерлі чырвоную сцяжынку, дапускала прагулы. Суб’екты прафілактыкі забілі трывогу – і на абарону правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх стала дзяржава.

Вядома, вяртаць дзяцей гора-матулі не сталі. На судовым жа пасяджэнні, на якім разглядалася пытанне аб пазбаўленні яе бацькоўскіх правоў, жанчына так і не зразумела прэтэнзій, якія ёй агуч­валі – на жаль, амаральныя паводзіны сталі для яе нормай.

Знак роўнасці паміж “радасцю” ад алкаголю і шчасцем мацярынства звычайна не ставяць. Але, як бачна, ёсць у грамадстве асобы, для якіх першае ўсё ж мае перавагу. Таццяна свой выбар зрабіла, пры жывой маці пакінуўшы дзяцей сіротамі…

Г.ФОКІНА, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *