Молодёжь Ушаччины на «Славянском базаре в Витебске»

Образование и молодежь

Сёлета моладзі на “Славянскім базары ў Віцебску” было дзе разысціся, каб зарадзіць бадзёрасцю гасцей і ўдзельнікаў фестывалю. Двухдзённая праграма 14-15 ліпеня была насычана вялікай колькасцю эстрадных, вулічных, мультыкультурных ды этнаграфічных мерапрыемстваў і, нягледзячы на не вельмі спрыяльнае надвор’е, не пакінула абыякавымі нават замежныя творчыя калектывы. У маладзёжным арт-парадзе “БелаРусь у сэрцы маім”, мітынгу і акцыі “Мы памятаем і ганарымся” з ускладаннем кветак да мемарыяльнага комплексу на плошчы Перамогі паўдзельнічала і ўшацкая моладзь.

Насычаны каларыт параду надавалі розныя элементы, напрыклад, канфеці з хлапушак і нават сухія фарбы, якія выкарыстоўваюцца падчас індыйскага свята Холі! Але гэты стракаты антураж толькі падкрэсліваў галоўнае – выбітнасць маладых людзей, прадстаўнікоў спартыўных, культурных, навуковых і грамадскіх аб’яднанняў, дзяржаўных структур. Побач з артыстамі-мімамі, жывымі статуямі ідуць ігракі ў рэгбі. Тут жа маладыя маці клапоцяцца, каб іх дзеці не трапілі на сваіх маленькіх джыпах па хадулях вытанчаных прыгажунь-фей. Усё гэта адбываецца ў межах толькі адной часткі ўсяго шэсця – Віцебскай вобласці. Ну і, канечне ж, на чале буйной дэлегацыі красуні, якія ўвасабляюць сабой кожны з раённых цэнтраў нашага рэгіёна. Такое ж бурленне крэатыву і ў “адсеках” астатніх абласцей краіны.

Міжнароднае сяброўства падкрэслівае шоў-група “Саманта” з Санкт-Пецярбурга. Юныя госці свята ідуць крыху асобна, каб іх можна было добра разгледзець. Гэты калектыў быў арганізаваны аж у 1986 годзе кампазітарам Я.Зарыцкай як першы аўтарскі дзіцячы музычны тэатр. Што сімвалічна, названы ён у гонар амерыканскай школьніцы Саманты Сміт, якая падчас Халоднай вайны напісала ліст Ю.Андропаву, які толькі заняў пост генсека ЦК КПСС. Дзяўчынка стала сімвалам міру, сяброўства і камунікацый паміж дзецьмі розных краін і народаў. Шматнацыянальнасць – увогуле адна з адметнасцей мерапрыемства. Дэвіз “Беларусь – наш родны дом” паклікаў на фестываль замежных студэнтаў беларускіх навучальных устаноў з Арменіі, Грузіі, Нігерыі і нават Шры-Ланкі. На парадзе яны вылучаліся сваім нацыянальным каларытам, а ў конкурснай праграме пасля прадставілі тое, чым займаюцца ў міжкультурных клубах пры сваіх універсітэтах, але ўжо з набытымі беларускімі звычаямі.

Крыху цяплее,  арт-парад танцораў, матацыклістаў, аўтамабілістаў, гімнастаў, маладых навукоўцаў плаўна перацякае ў традыцыйны мітынг ушанавання подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Паспеўшы пабываць на ўсіх пляцоўках, мо­ладзь накіроўвалася на падворкі раёнаў. Кампанія дзяўчат выпадкова заўважыла, як першы сакратар Ушацкага раённага камітэту БРСМ Р.Півульская малюе на кісцях рук ў прадстаўнікоў нашай дэлегацыі васількі. Блакітны маркер, дарэчы, падкаціўся Рыце пад ногі нечакана, а сяброўкі загарэліся жаданнем займець часовае тату. Цікавая неспадзяванасць стала яшчэ адным збліжаючым сімвалам на мультыкультурным свяце, якое запомніцца ўшацкім актывістам грамадскага аб’яднання.

Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *