Глыбочанская школа основательно подготовилась к новому учебному году

Наши дети

Праз лічаныя тыдні ў школах Ушаччыны зноў зазвіняць дзіцячыя галасы, абвясціўшы пра пачатак новага навучальнага года. Нямала захопленых водгукаў будзе і ад бацькоў: ва ўстановах адукацыі створаны найлепшыя ўмовы знаходжання і навучання. “Наперадзе планеты ўсёй” у гэтым накірунку сёлета – Глыбачанская школа.

Падрыхтоўчыя работы да значнага знешняга і ўнутранага пераўвасаблення пачаліся тут яшчэ падчас зімніх канікул. Масава ж узяліся за справу педагогі і тэхперсанал у красавіку – выходзілі на суботнікі, затрымліваліся пасля заканчэння рабочага дня. Як вынік – зусім новы выгляд набылі фасад будынка – яго атынкавалі, пафарбавалі – і пляцоўка ля школы, дзе пераклалі тратуарную плітку. Зрэшты, для гэтага неабходна было спачатку зняць разбіты асфальтаваны пласт, потым акуратна аддзяліць ад зямлі старую плітку і зноў яе пакласці на выраўнаваную паверхню.

З’явілася каля школы і новая гульнявая пляцоўка для самых маленькіх. Ля прасторнай альтанкі “прапісаліся” не толькі пясочніцы, спартыўныя збудаванні, але і шматлікія дэкаратыўныя кампазіцыі. Ёсць тут і казачны Вінні Пух з уласнай пасекай, і вясёлыя парсючкі на імправізаваным беларускім па­дворку. Дапаўняюць жа іх прыгожыя кветнікі – добрая традыцыя школы.

Нямала зроблена і ўнутры будынка. Праведзены рамонт душавых і сістэмы ацяплення ў спартыўнай зале, дзе дагэтуль былі праблемы з сырасцю. Пераклеены шпалеры, пафарбавана падлога ў большасці аўдыторый. З’явілася прыгожае пано ў сталовай – у колер штор і вазонаў з кветкамі. Нельга не звярнуць увагі і на дэкаратыўную кампазіцыю са штучных матылькоў, што “злучае” паверхі будынка. Дарэчы, гэтых папяровых прыгажунь педагогі выразалі каля двух месяцаў, нямала намаганняў прыклалі і для іх замацавання на лесвічнай пляцоўцы, высока пад столлю.

– На правядзенне некаторых відаў работ наймалі спецыялістаў. І ўсё ж з большасцю справіліся самі, – расказвае дырэктар школы Віктар Пятровіч Котаў. – Усяго намі было затрачана 3 тысячы 809 рублёў бюджэтных, пазабюджэтных, спонсарскіх і сродкаў, выдзеленых Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва. Удзячны ўсім сваім калегам за разуменне і неабыякавасць. Дзякуючы згуртаванасці калектыву ўдалося зрабіць нават больш, чым планавалі. Зрэшты, на гэтым спыняцца не будзем – у нас ужо ёсць новыя цікавыя задумы.

***

Плануецца, што сёлета ў Глыбачанскай школе за парты сядуць 76 вучняў, а ў мясцовы дзіцячы сад прыйдзе 21 малыш. На базе дашкольнай групы створана гульнявая пляцоўка для тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія не наведваюць садок, аднак іх бацькі маюць патрэбу на некаторы час пакінуць малых пад наглядам спецыялістаў. Так, з 9 да 12 гадзін з такімі дзеткамі праводзяцца заняткі, гульні. Прычым, гэта цалкам бясплатная прапанова. Ёй ужо скарысталіся мамы і таты 6 малышоў з Глыбачкі. Нічога падобнага ў сельскай мясцовасці Ушацкага раёна дагэтуль не было.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *